Рубиновую свадьбу справили Владимир и Алина Болсун

Людзі і лёсы Общество Семья

А шчасце склалася з драбніц
Гаспадара дома засталі за важнай справай: здрабняў на мясарубцы мяса на халадзец. “Не вельмі паважаю гародніну, для мяне лепш мясныя стравы,  – шчыра прызнаўся Уладзімір Іванавіч Болсун.
–  Увогуле я  лічу, што кухня – гэта больш мужчынская справа. А гатаваць прывык з самага дзяцінства. Бывала, бацькі пойдуць на работу, а я давай пячы для малодшых сясцёр (іх у мяне тры) розную смакату. Так і павялося, што прыгатаванне абедаў – за мной”.
Чытаючы гэтыя радкі, напэўна, многія жанчыны раёна пазайздросцяць ягонай жонцы Аліне Іванаўне. Прыходзіш дадому, а цябе ўжо чакае гарачы абед. І так на працягу сарака гадоў.
Так, нядаўна сям’я Болсун справіла рубінавае вяселле, з чым мы шчыра іх  віншуем.
Аліна  і Уладзімір пазнаёміліся ў Магілёве, калі былі яшчэ студэнтамі. Ён з Гомельшчыны, а яна з Шуміліншчыны. Потым разам прыехалі ў Зямцы, на жончыну радзіму. Аліна Іванаўна амаль сорак гадоў адпрацавала ў школе, а Уладзімір Іванавіч уладкаваўся ў мясцовы саўгас: спачатку працаваў на ферме Зямцы даяром, потым – загадчыкам.
Усё жыццё сям’я Болсун трымала гаспадарку.  І зараз на падворку: карова, бычок, куры, качкі. Гаспадар, які прывык прачынацца на ранішнюю дойку, і зараз устае ў чатыры гадзіны раніцы і спраўляецца па гаспадарцы. А вось жонку беражэ, дае даўжэй паспаць. Магчыма з такога клопату адзін аб адным, з тых драбніц, якія мы прывыклі часцей не заўважаць, і склалася  шчасце сям’і Болсун. Яны ніколі не абразілі адзін аднаго,  кожны стараўся зразумець праблемы і няўдачы іншага. Падтрымаць, падставіць плячо, падбадзёрыць добрым словам – з гэтага складаўся  надзейны фундамент сямейнага жыцця.
Зараз Уладзімір Іванавіч і Аліна Іванаўна на заслужаным адпачынку. Часта ў госці прыязджаюць сын, дачка і трое ўнукаў. Яны вельмі любяць сваіх бацькоў і бабулю з дзядулем.
Мы пацікавіліся ў сямейнай пары сакрэтам іх прыгажосці і маладосці. “Рухацца і яшчэ раз рухацца”, – усміхаецца Уладзімір Іванавіч, які  кожны год ўручную накошвае на карову сена. Потым разам з жонкай і дзецьмі сушаць, прывозяць у пуню на ўласным трактары. Ёсць яшчэ вялікі агарод і сад, побач лес, які сёлета быў асабліва шчодрым на грыбы.
Дарэчы, сям’я Болсун – адны з лепшых малаказдатчыкаў на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета. Кожны дзень з іхняга падворку забіраюць па 13-15 літраў малака.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *