Слова — дэлегатам Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу

Актуалии Общество Президент

Каб годна жыць у Беларусі
Чацвёрты Усебеларускі народны сход акрэсліў асноўныя накірункі развіцця Беларусі на 2011 – 2015 гады. Удзел у гэтым лёсавызначальным для краіны форуме прынялі і прадстаўнікі Шуміліншчыны. Сёння на сустрэчах з працоўнымі калектывамі яны дзеляцца сваімі ўражаннямі, расказваюць, як праходзіла работа народнага веча.
Дэлегат Чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, старшыня Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук сустрэўся ў мінулую пятніцу з будаўнікамі і дарожнікамі — прадстаўнікамі калектываў МПМК-70 і ДРБУ-204.
Сход прыняў сапраўды маштабную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, адзначыў В. А. Падляшчук. Варта падкрэсліць сацыяльную накіраванасць праграмы, акцэнтаваны дзяржаўны клопат пра чалавека.
Вальдэмар Антонавіч расказаў, што кожны дэлегат сходу, удзельнічаючы ў рабоце па секцыях, меў магчымасць выказаць прапанову, меркаванне, якія знаходзілі сваё адлюстраванне ў прынятых дакументах.
Праграма развіцця краіны, падкрэсліў ён, будуецца на трывалым фундаменце, узведзеным у мінулыя пяцігодкі. Вельмі многа зроблена ў краіне. Відавочныя станоўныя змены можна бачыць і ў нашым раёне.
У гэтых паступальных кроках наперад самы актыўны ўдзел прымалі прадстаўнікі будаўнічай і дарожнай галін. Таму для іх не былі абстрактнымі тыя лічбы – кіламетры, квадратныя метры, мільярды рублёў, якія называў у сваім выступленні кіраўнік раёна. Бо ў гэтыя здабыткі ўкладзена і іх праца. Многія з іх ужо насыціліся “вялікімі грашыма” за мяжой, на ўласным вопыце пераканаліся, што для таго, каб годна жыць, мець прыстойную зарплату, будаваць уласнае жыллё, выхоўваць і вучыць дзяцей, у Беларусі ствараюцца самыя спрыяльныя ўмовы.
Таму словы дэлегата народнага сходу ў калектывах, дзе самі актыўна працуюць па стварэнні рэальных даброт, паляпшэнні якасці жыцця людзей раёна, знаходзілі самы жывы водгук.
І ў раёне, і ў цэлым па краіне зроблена многа, падкрэсліў В. А. Падляшчук, але яшчэ больш трэба зрабіць — па ўсіх сферах народна-гаспадарчага комплексу, па ўдасканаленні сацыяльных праграм, па паляпшэнні дабрабыту людзей.
І ў гэтым працэсе, накіраваным на мацаванне магутнай квітнеючай Беларусі, ніхто не павінен стаяць у баку. Кожны чалавек, мацуючы дабрабыт сваёй сям’і, свайго дома, будзе мацаваць і дзяржаву.
Аліна Пятрова.
“Мы самі выбіраем свой лёс”
Па прыездзе з Мінска дэлегат Усебеларускага народнага сходу старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава падзялілася ўражаннямі ад форуму ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне, Суравенскай базавай школе, іншых калектывах.
Вось якія думкі выказала І. М. Нові-кава ў працоўных калектывах раёна:
— Форум такога маштабу ў Беларусі чацвёрты. Першыя былі больш сціплымі па насычанасці праграмы работы і адпачынку дэлегатаў. Па-першае, на гэты раз кожны меў магчымасць выступаць і задаваць пытанні самым высокім асобам дзяржавы. Дэлегаты працавалі па секцыях. Мы трапілі на ЗАТ “Атлант”. Уразілі чысціня і зладжанасць у рабоце ўсяго тэхналагічнага ланцугу прадпрыемства, дзе працуе звыш 11 тысяч чалавек.
А цяпер непасрэдна па атмасферы, якая была ў Палацы Рэспублікі. Скажу адразу, уразіла  зладжаная, ва ўсіх дэталях прадуманая работа шматлюднага сходу. У сектарах вялікай залы стаялі мікрафоны, і кожны дэлегат мог задаць пытанне. Уразіла прамова Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі. Зала лавіла кожнае слова дакладчыка. Мы самі выбіраем свой лёс. Злачынна будзе кідаць краіну ў рэвалюцыйнае пекла і хаос, наш шлях іншы: крок за крокам, паступальна ісці наперад, паляпшаючы дабрабыт чалавека.
Ніхто не кажа, што ў нас усё ідэальна. Ёсць нямала праблем, і пра іх не маем права маўчаць. Па-ранейшаму непакоіць дэмаграфічная сітуацыя, хаця пагаршэнне яе замаруджана, намечаны меры па паляпшэнні спраў у гэтым накірунку. Павялічваюцца і даходы людзей. Аб’ём продажу ў разліку на чалавека вырас за трэцюю пяцігодку ў 2 разы. Праўда, па зарплаце пытанні ёсць, за лістапад яна па раёне склала ў межах 1 мільёна 100 тысяч рублёў. Да канца 4-й пяцігодкі намечана мець заробак яшчэ больш важкі. Між тым, нагадаю: сёння мы кампенсуем менш за 30% камунальных паслуг, а навучанне ў школах абыходзіцца бацькам усяго 0,5% выдаткаў.
Не забудзе дзяржава пра вёску, шмат робіцца па ўзвядзенні жылля. Даволі сказаць, крэдыты на жыллё ў такіх мястэчках, як Шуміліна, даюцца пад 1% гадавых замест 3%, што было раней.
Многае зроблена ў краіне, у тым ліку і на Шуміліншчыне, па адраджэнні духоўнасці. Праведзена рэканструкцыя музея камсамольскай славы ў Обалі, неўзабаве пабачыць свет вучэбны дапаможнік для вучняў 8 класа “Шуміліназнаўства”, рыхтуецца да перавыдання кніга “Памяць. Шумілінскі раён”, узбагачаюцца новай літаратурай нашы бібліятэкі.
На сходзе мы выбралі сваё будучае. Выбралі не авантурны, а  рэальны курс на паляпшэнне жыцця людзей. А рэальны — значыць, правільны.
Падрыхтаваў Мікалай Мароз.
Надрукавана ў №97 ад 14.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *