У рубрыцы «Настаўнік+» прадстаўляем Таццяну Кірпічэнку з Шуміліна

Образование Общество

Настаўнік +

Колеры яе жыцця
Настаўнікі – людзі шматгранныя, іх патэнцыял часта не абмяжоўваецца вузкай педагагічнай спецыялізацыяй, а вырываецца з гэтых рамак, ахоплівае іншыя сферы – мастацтва, спорт, дызайн, кветкаводства і г. д. Хтосьці збірае калекцыю значкоў, іншы – падарожжы ці рэкордныя ўловы, падкрэсліваючы тым самым, што не ўрокам адзіным жыве настаўнік. Менавіта пра такіх людзей наша новая рубрыка «Настаўнік +».

Творчасць дапамагае ў рабоце настаўніка-дэфектолага.

З Таццянай Кірпічэнкай мы пазнаёміліся не выпадкова. Спачатку я ўбачыла яе работы і была ўражана. Калі вы былі ў кабінетах Шумілінскай СШ №2, то абавязкова звярнулі ўвагу на маляўнічае афармленне некаторых з іх.
Вось кабінет беларускай мовы з партрэтамі класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, з беларускім хатнім рыштункам – начоўкамі, калаўротам. Тут жа ўдала ўпісаўся намаляваны куток сялянскай хаты са сталом пад белым абрусам, з ручніком на сцяне, з печкай, у якой палае агонь.
А вось кабінет гісторыі, сцяну якога ўпрыгожвае старадаўні папірус з выявай горада-крэпасці і падплываючых да яго паруснікаў.
А гэта ўжо кабінет англійскай мовы – на ўсю сцяну знакаміты лонданскі пейзаж: у туманнай дымцы брукаваная вуліца з ліхтарамі, а на пярэднім плане, на манахромным чорна-белым фоне яркая чырвоная тэлефонная будка.
– Хто гэта ў вас так малюе? – пытаюся ў дырэктара школы Жанны Рагуновіч.
– Ды гэта наш настаўнік-дэфектолаг Таццяна Кірпічэнка, – ахвотна дзеліцца Жанна Іванаўна, – яна проста знаходка для нас і як настаўнік, і як афарміцель. Вось ужо тры гады Таццяна Анатольеўна дапамагае нам рыхтаваць кабінеты да новага навучальнага года. Яна не толькі багатая на ідэі, але з лёгкасцю ўвасабляе іх. Як бачыце, атрымліваецца выдатна.
– Колькі ж вам часу спатрэбілася, каб намаляваць гэты «Лондан» на ўсю сцяну? – гэта пытанне ўжо Таццяне.
– Тры дні, – смяецца яна, – малявала ж звычайнымі фарбамі, якімі падлогу і сцены фарбуем, а яны дастаткова таксічныя, таму старалася зрабіць хутка.
Як высветлілася з далейшай размовы, будучы настаўнік-дэфектолаг жывапісам займалася з дзяцінства. У школьныя гады закончыла мастацкую школу ў Пінску, адкуль сама родам, а ў Віцебск яе адправілі ўзнёслыя ўспаміны маладых настаўнікаў-мастакоў, у якіх яна вучылася азам мастацтва, пра прыгожы горад на Заходняй Дзвіне і пра мастацкі факультэт Віцебскага ўніверсітэта.
Віцебск ёй сапраўды спадабаўся, і вучыцца было цікава, і з будучым мужам, ураджэнцам Шуміліна, там пазнаёмілася. А вось рэалізаваць набытыя веды і здольнасці ў поўнай меры аказалася праблематычным. У школах урэзалі гадзіны выяўленчага мастацтва, і яна паехала ў Мінск вучыцца на дэфектолага. Калі ўлічыць, што пасля школы Таццяна закончыла Пінскае педвучылішча, то гэта была ўжо трэцяя адукацыйная ўстанова і трэці дыплом.
Лішніх ведаў не бывае, пераканана Таццяна Кірпічэнка. І сапраўды, сярод яе вучняў ёсць і дзеткі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, і ім няпроста даюцца навукі (а настаўнік-дэфектолаг, калі вы не ведаеце, вядзе ўсе ўрокі ў пачаткоўцаў). Вось тут і дапамагаюць яе творчыя здольнасці, уменне праілюстраваць матэрыял, разам з дзеткамі намаляваць, вылепіць, выразаць, дапамагчы паверыць у свае сілы і атрымаць задавальненне ад вучобы.
Адкрытая, сучасная, творчая – з ёй лёгка размаўляць, знаходзіць агульныя тэмы. І яна ні разу не паскардзілася на нагрузкі, на дзяцей, на бацькоў, на жыццё. Склалася ўражанне, што, наадварот, яна атрымлівае задавальненне і ад няпростай работы настаўніка-дэфектолага, і ад малявання карцін на сценах школы, на сценах Віцебскага прытулка для бяздомнай жывёлы (куды яны з мужам час ад часу адвозяць прадукты, старое адзенне, калі ёсць, грошы, а назад нярэдка вяртаюцца з чарговым коцікам), і ад пастаянных дызайнерскіх рашэнняў па інтэр’еры свайго сямейнага гнязда, і наогул, ад жыцця.
Тэкст і фота
Аліны ПЯТРОВАЙ.
Апублікавана ў №11 ад 11.02.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *