На ярмарку — за районкой, мясом и обувью

Общество

На кірмаш – за раёнкай, мясам і абуткам
Купіць мяса, набыць абутак і падпісацца на раёнку – такую (і не толькі гэтую) магчымасць  мелі гасці суботняга кірмашу ў Шуміліне. Марозны ранак не вельмі спрыяў пакупніцкай актыўнасці, але калі сонейка паднялося вышэй, пакупнікі паспяшаліся на плошчу, дзе раскінуліся гандлёвыя палаткі, выстраіліся аўтамагазіны розных прадпрыемстваў і машыны сельгасарганізацый раёна. Дарэчы, многія выказвалі пажаданне, каб кірмаш праводзіўся ў пачатку кастрычніка, калі надвор’е больш спрыяльнае для вулічнага гандлю.
Тым не менш, пакупнікі былі на ўсё: штосьці куплялі адразу, да чагосьці прыцэньваліся – збожжа з сельгасарганізацый, дровы ад лясгаса і камунгаса, бетонныя вырабы з ПМК-70 і іншая прадукцыя. Многа людзей сабралася каля машыны ад “Марка” – выбіралі і прымяралі абутак. Не праходзілі міма трыкатажных і тэкстыльных вырабаў віцебскіх прадпрыемстваў.
Але найбольшым попытам карысталіся на гэты раз лаўкі, якія прапаноўвалі пакупнікам мясную прадукцыю: Віцебскі і Аршанскі мясакамбінаты, “Метан”, райспажыўтаварыства, “Прыдзвінскі” і “Лаўжанскае”, “Вітконпрадукт”. Калі прайсціся па радах, то можна было знайсці і выразку па 100 тысяч за кілаграм, і рагу па 20 тысяч. Мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы прывезлі шырокі асартымент сваёй прадукцыі – паўфабрыкаты і гатовыя вырабы.
Пакупнікі разбіралі свежую і марожаную рыбу, якую прапаноўвала наша райспажыўтаварыства.  Хутка “размялі” сметанковае масла з Глыбокага, але глыбоцкія сыраробы  прыехалі позна, калі асноўны паток пакупнікоў ужо прайшоў, таму даволі танныя сыры засталіся незапатрабаванымі.
Падыходзілі да палаткі раённага цэнтра дзяцей і моладзі – плеценыя і разныя вырабы, мяккія цацкі, рэчы, зробленыя ў самых розных тэхніках – усе гэта можна было не толькі паглядзець, але і набыць.
З дэбютам выступіла на кірмашы і раённая газета «Герой працы». У нас можна было пазнаёміцца з газетай і падпісацца на раёнку. А тыя, хто падпісваўся на квартал ці паўгоддзе, атрымлівалі дадатковыя бонусы.
У гэты ж дзень кірмаш ладзіўся ў Обалі. Тут папулярнасцю карысталіся аўтамашыны сельгаспрадпрыемстваў раёна, з якіх прапаноўвалі гародніну і бульбу, збожжа і салому – абальчане запасаліся на зіму для сябе і для жывёлы. Машыны са збожжам прыйшлося перакідваць з райцэнтра – такі попыт быў на зерне ў Обалі. Умомант разабралі машыны з гноем (па 600-800 тысяч) – яны адразу павезлі арганічнае ўгнаенне на прысядзібныя і дачныя ўчасткі. Гаспадаркам нават прыйшлося выконваць дадатковыя заяўкі.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *