«А зачем она варит мне овсянку?» или Конфликт с социальным работником

Общество

“А навошта яна варыць мне аўсянку?”
У рэдакцыю паступіла скарга на сацыяльнага работніка. Прызнацца, нечакана, бо сацыяльным работнікам людзі пераважна пішуць падзякі. А тут патэлефанаваў пенсіянер з вёскі Заобаль, катэгарычна запатрабаваў, каб рэдакцыя тэрмінова прыехала да яго і разабралася з сацыяльным работнікам. Маўляў, дрэнна яна яго абслугоўвае: і шпалеры не падклеіла, як прасіў, і з аўсянай кашай надакучыла. Не, потым яна гатуе і суп, і яшчэ што, але ж спачатку – аўсянку, а ён не хоча… Адным словам, канфлікт.
На наступны дзень да яго  выехала камісія з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выслухалі, пайшлі на кампраміс: замянілі сацыяльнага работніка.
Здавалася б, праблема вырашана. Але пытанні засталіся. Тут, знаеце, як у анекдоце: лыжачкі знайшліся, а асадак застаўся. Тым больш, што праз які дзень пенсіянер зноў пазваніў у рэдакцыю і зноў быў незадаволены. Цяпер ужо новым сацыяльным работнікам, які наведвае яго пяць разоў на тыдзень.
Пытанні задаём загадчыку аддзела сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Я. М. Сяньковай: колькі разоў на тыдзень павінен прыходзіць сацыяльны работнік, якія стравы павінен гатаваць, ці абавязаны ён клеіць шпалеры і мыць вокны, чысціць снег і паліць у печы?
Яфімія Мяленцьеўна паведаміла, што сацыяльны работнік наведвае сваіх падапечных ад двух да пяці разоў на тыдзень, што існуе зацверджаны пералік работ. У ім, у прыватнасці, прадугледжаны такія работы, як расчыстка снегу да ўваходу ў дом, распальванне печкі. Сацыяльны работнік павінен таксама прынесці вады, дроў, адзін раз у паўгода памыць вокны, прынесці лякарствы па рэцэптах урача, прадукты (да 7 кілаграмаў). Што датычыцца прыгатавання ежы, то інструкцыяй акрэслена два разы на тыдзень аказваць садзейнічанне ў прыгатаванні страў.
Але ж, як паказвае жыццё, сацыяльныя работнікі часта бяруць на сябе больш, шкадуюць старых, якім іншы раз патрэбна не столькі фізічная дапамога, колькі маральная, магчымасць выгаварыцца, адчуць спагаду.
Дарэчы, адзін сацыяльны работнік на стаўку абслугоўвае восем чалавек, у дзень ён наведваецца да чацвярых (на кожнага згодна з інструкцыяй павінен затраціць 1 гадзіну 50 хвілін), часта ягоныя падапечныя жывуць у розных вёсках. Сярэдняя ж зарплата сацыяльнага работніка Шумілінскага раёна, як паведамілі ў ТЦСАН, за мінулы месяц склала 2 мільёны 510 тысяч рублёў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *