Традиционный республиканский турнир по греко-римской борьбе собрал в Оболи лучших борцов

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Грэка-рымская барацьба: чэмпіёнскі каскад перажыванняў
1-2 лістапада ў Обалі  прайшоў традыцыйны  рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за сто юных спартсменаў з Обалі, Шуміліна, Талачына, Сянно, Полацка, Глыбокага, Мінска, Чысці (Мінская вобласць) і Віцебска (тры каманды). За перамогу змагаліся спартсмены ў 14  вагавых катэгорыях у дзвюх узроставых групах. Паядынкі судзілі  суддзі міжнароднай і вышэйшай нацыянальнай катэгорый.
На парадзе ўдзельнікаў, які адкрыў турнір, было бачна, як хвалююцца юныя спартсмены, асабліва навічкі, для якіх турнір у Обалі – першы ў іх спартыўным жыцці. Пакуль яшчэ няма ні пераможцаў, ні прайграўшых…
На адкрыцці прысут-нічаў старшыня райвыканкама У. П. Куранны. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што турнір па грэка-рымскай барацьбе ў Обалі стаў сапраўднай падзеяй не толькі для раёна,  а і для рэспублікі.  Анатоль Мікалаевіч расказаў пра поспехі нашых землякоў у прафесійным спорце. Асаблівае месца ў гэтым спісе, падкрэсліў А. М. Зайцаў, належыць барцам-класікам, якія ўсё  гучней заяўляюць пра сябе на міжнародным узроўні.
Прыгожых паядынкаў, спартыўнай удачы пажадалі ўдзельнікам  дырэктар Обальскай СШ І. А. Чарнічэнка, старшыня Обальскага сельсавета М. А. Будневіч.
Пачатак спаборніцтвам даў паказальны паядынак, у якім прынялі ўдзел  самыя вядомыя на сённяшні дзень обальскія барцы Вадзім Грачухін і Аляксандр Храмцоў. Відовішчныя прыёмы, бліскучая тэхніка ўспрыняліся на ўра. Гучнымі апладысментамі павіншавалі прысутныя перамогу Вадзіма Грачухіна на міжнародным турніры на прызы А. Карэліна, што нядаўна прайшоў ў Новасібірску.
Малодшая ўзроставая група
Вагавая катэгорыя 26 кг.
Самая непрадказальная і эмацыянальная  катэгорыя. Амаль для кожнага з удзельнікаў – першы сур’ёзны турнір. Тут галоўнае – жаданне перамагчы,  пра тэхніку і навыкі яшчэ гаварыць не прыходзіцца. “Падабаецца гэта катэгорыя. Тут не спрацоўвае ні адзін прагноз, – каменціруе знакаміты обальскі трэнер Пётр Ганушчанка. – Кожны старт дае трэнеру  багаты матэрыял, а спартсмену – вопыт. Адным словам,  ёсць над чым працаваць. Па выступленнях  можна меркаваць і пра спартыўную будучыню хлопчыкаў”.
З чатырох удзельнікаў перамог палачанін Ілья Бамшанаў, які выступаў за обальскую зборную.
Вагавая катэгорыя 29 кг.
Так званыя лёгкія вагавыя катэгорыі  – своеасаблівы пропуск у спартыўную будучыню. “На турніры першы раз, – дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова. – Шмат уражанняў. Прычым, толькі станоўчыя. Вельмі рада, што ў нас праводзіцца такі турнір. Хочацца, каб з обальскага турніру выраслі чэмпіёны свету ды Алімпійскіх гульняў”. Перамог Цімафей Карасёў (Полацк), у Андрэя Кароткага (Обаль) трэцяе месца.
Вагавая катэгорыя 32 кг.
Зноў-такі, эмоцый шмат, а барацьбы мала. Але ўсе сустрэчы выдаліся відовішчнымі. “Так самому хочацца выйсці на дыван ды  пабароцца, – з настальгіяй гаворыць абальчанін Кірыл Драздоў, які зараз вучыцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, — у Обалі шэсць год выступаў, быў пераможцам і ў гэтай катэгорыі. А сёння вось толькі глядач…” Перамога ў  абальчаніна Максіма Бубнова.
Вагавая катэгорыя 53 кг.
Барцы на дыване ўжо далёка не навічкі. Маюць нядрэнную тэхнічную падрыхтоўку, але спартсменам  не хапае стабільнасці. Кожны паядынак  – нібы апошні, юныя барцы адчулі смак перамог і любымі спосабамі імкнуцца вырваць яе. “Проста не меў маральнага права не прыйсці сюды. Праваслаўная царква заўсёды падтрымлівае ўсе добрыя пачынанні, — расказвае святар Уладзімір. –  Я ў мінулым сам спартсмен, на даволі высокім узроўні займаўся грэбляй і пяцібор’ем”.
Перамог Уладзіслаў Гарчан  (Віцебск). Ілья Нікіцін  з Обалі стаў другім.
СЯРЭДНЯЯ
ЎЗРОСТАВАЯ ГРУПА
Вагавая катэгорыя  32 кг.
Барцы вельмі рухавыя – гэта дадае прыгажосці сустрэчам. “Падабаецца турнір у Обалі, – адзначае Р. І. Гігауры (Віцебск). – Тут асаблівая атмасфера і арганізацыя спаборніцтваў на самым высокім узроўні”.
Перамог Ілья Кандакоў (Віцебск).
Вагавая катэгорыя 35 кг.
“Цікавая падабралася катэгорыя, – адзначае трэнер Ігар Галуза (Талачын). – Сур’ёзна разлічвалі на гэтую вагавую катэгорыю. Радуе, што ўсё атрымалася – першыя чатыры месцы ў нас”. Першы  – Іван Шытаў (Талачын).
Вагавая катэгорыя 38  кг.
“Хачу зноў адчуць усю атмасферу спаборніцтваў,  – адзначае былы дырэктар Обальскай СШ Аляксандр Штокін, які стаяў ля вытокаў турніру. – Чакаю прыгожых паядынкаў. Зразумела, у першую чаргу цікавяць обальскія. Яны ж станавіліся прафесіяналамі ў нас на вачах”.
У барацьбе шасці спартсменаў перамог Кірыл Шышкоў (Талачын), у Мікіты Барсукова (Обаль) трэцяе месца.
Вагавая катэгорыя 46 кг.
“Гэты турнір для мяне стаў стартавай пляцоўкай у прафесійны спорт, – расказвае  пераможца міжнародных стартаў абальчанін Вадзім Грачухін. – Дзесяць гадоў запар удзельнічаў у турніры, атрымаў дзевяць перамог”.
Перамога дасталася  Мікіце Бывалаву з  Віцебска.
Вагавая катэгорыя 47 кг.
Адна з самых хадавых вагавых катэгорый. Менавіта перамога ў ёй асабліва каштоўная сярод спартсменаў. “Вельмі добрая катэгорыя, – адзначае трэнер Юрый Сцяпанаў (Шуміліна). – Тут былі заяўлены спартсмены не толькі з нашай вобласці, а і з Мінскай. Гэта дадало інтрыгі. Рад, што добра выступілі мае выхаванцы”.
Першае месца ў Вадзіма Лягчонка, другое – у Ігната Гудкова (абодва з Шуміліна).
Вагавая катэгорыя 53 кг.
У гэтай катэгорыі была адна зорка – Дзмітрый Кучмароў. Ён у бліскучым стылі ўзяў верх  за яўнай перавагай у кожнай сустрэчы. “Кучмароў вельмі вырас прафесійна, – прыкмеціў майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе  начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі. – Назіраю за гэтым хлопцам не першы год. Упэўнены, што ў яго складзецца выдатная спартыўная кар’ера”.
Акрамя перамогі ў сваёй катэгорыі Дзмітрый Кучмароў атрымаў і спецыяльны прыз спаборніцтваў – кубак “За волю да перамогі”.
Вагавая катэгорыя  59 кг.
Паядынкі ў гэтай катэгорыі без перабольшвання маглі ўпрыгожыць любы турнір. І ў гэтай катэгорыі яўным фаварытам, якому і дасталася перамога, быў обальскі барэц Ягор Ганушчанка. “Дома выступаць складаней, – расказвае Ягор. – Сябры, знаёмыя, сваякі цябе вельмі падтрымліваюць. Галоўнае, не паддацца эмоцыям, а проста рабіць на дыване тое, чаму навучыў цябе трэнер”
Вагавая катэгорыя 66 кг.
Спартсмены ў гэтай і наступных вагавых катэгорыя добра разумеюць, што памылка можа каштаваць вельмі многа. Тактыка выходзіць на першы план. “Турнір даўно стаў турнірам аднадумцаў, – падзялілася дырэктар Обальскай СШ І. А. Чарнічэнка. – Гэта наша агульнае свята. Радуе, што з турніру вырастаюць сапраўдныя спартыўныя зоркі”.
Перамог Яўген Грачухін (Обаль).
Вагавая катэгорыя  73 кг.
Выступаюць ужо далёка не аматары. Спартсмены добра ведаюць адзін аднаго, у многіх за плячыма рэспубліканскія і міжнародныя турніры.
У барацьбе трох спартсменаў перамог Антон Касцючэнка (Віцебск).
Вагавая катэгорыя  85 кг.
“Цяжы” на дыване – заўсёды яркае відовішча. Менавіта такія катэгорыі найбольш падабаюцца гледачам. Ва ўпартых спаборніцтвах 10 спартсменаў перамог Мікіта Яўсееў (Віцебск).
***
Завяршыўся турнір у нядзелю парадам пераможцаў і прызёраў. Узнагароды юным спартсменам уручаў начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *