Интервью с прокурором Шумилинского района Сергеем Зайцевым

Закон Общество

«Толькі прыстойны чалавек можа быць сапраўдным прафесіяналам»
Загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь пракурорам Шумілінскага раёна прызначаны Сяргей Уладзіміравіч Зайцаў. Сваё першае пасля прызначэння інтэрв’ю Сяргей Уладзіміравіч даў раённай газеце.
– Сяргей Уладзіміравіч, дазвольце, найперш,  павіншаваць Вас з прызначэннем на пасаду пракурора раёна. Жыхарам раёна будзе цікава пазнаёміцца з Вамі. Раскажыце, як складвалася Ваша кар’ера.
– Я нарадзіўся ў 1963 годзе, у Слуцку, у сям’і ваеннага. Пасля  школы вучыўся ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 37 імя М. Ф. Шмырова. Потым паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пачынаў работу памочнікам пракурора Першамайскага раёна г. Віцебска, затым працаваў пракурорам аддзела пракуратуры Віцебскага вобласці, намеснікам пракурора Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, пракурорам Лёзненскага раёна. Перад пераводам у пракуратуру Шумілінскага раёна працаваў на пасадзе пракурора аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці.
– На Ваш погляд, якімі  асабістымі якасцямі павінен валодаць пракурорскі работнік?
–  Я лічу, самае галоўнае –  сумленнасць і прыстойнасць. Неабходна годна выконваць свой службовы абавязак. Скажу так, непрыстойны чалавек не можа быць сапраўдным прафесіяналам.  А прафесіяналізм пракурорскага работніка найперш праяўляецца ва ўменні кантактаваць з людзьмі. Наша работа такая, што даводзіцца ўплываць на людскія лёсы. Гэта вельмі адказна.  Чалавечнасць, тактоўнасць – тыя якасці, без якіх нам нельга. Трэба імкнуцца, каб нават жорсткае рашэнне не выклікала ў людзей сумненняў у яго законнасці. Прызнаюся,  што дасягнуць гэтага вельмі няпроста.
Вельмі важны давер людзей да пракурора, пракурорскіх работнікаў і, увогуле, да пракуратуры.  І калі  ў рабоце пракурорскіх работнікаў прысутнічае сумленнасць і прыстойнасць, тады ёсць і давер насельніцтва. Людзі адчуваюць гэта вельмі тонка. Недарэмна ж  гаворыцца ў народзе,  што гнілое ў чалавеку абавязкова вылезе, якім бы праведнікам ён сябе не стараўся паказаць.
– Сяргей Уладзіміравіч, Вы ў раёне працуеце з 18 жніўня. Якія Вашы першыя ўражанні ад нашага раёна?
– Цікавае пытанне. Знаёмлюся з раёнам, ужо былі сустрэчы з працоўнымі калектывамі лясгасу  і райгазу, быў на пасяджэннях грамадскага пункта аховы правапарадку ў Светласельскім сельсавеце.
Адразу хачу адзначыць, што на Шуміліншчыне трэба актывізаваць прафілактычную работу. Памятаеце забойства ў Дабеі. Яго здзейсніў грамадзянін, які нядаўна вызваліўся. Разбойныя нападзенні  таксама здзейснілі людзі, якія нядаўна вызваліліся. Неабходна трымаць такіх людзей на кантролі, працаваць з імі.
Відаць, не адкрыю нічога новага, калі скажу, што асноўная праблема – п’янства. Гэта праблема і раёна, і вобласці, і рэспублікі. Большасць злачынстваў робіцца ў нецвярозым стане.  П’яныя злачынцы, п’яныя пацярпелыя, п’яныя сведкі.
Сюды ж можна дадаць і Дэкрэт №18, і абавязаных асоб. Адным словам, уся бяда ад спіртнога. Калі б людзі менш пілі, то і злачынстваў было б менш.
Насцярожвае тое, што ў раёне высокі ўзровень злачыннасці. Шумілінскі паказчык амаль у два разы больш, чым сярэдні па вобласці. Больш высокі узровень злачыннасці толькі ў Віцебскім раёне.
З пачатку года ў раёне здзейснены два забойствы. Хаця гэта і менш чым летась, але факт прымушае задумацца.
–  Непрыемнае лідарства трымае наш раён. Што Вы ў гэтай сітуацыі мяркуеце прадпрыняць?
– Будзем шукаць новыя формы работы. Пакідаць праблему толькі праваахоўным органам няправільна. На злачыннасць, дакладней, яе прычыны,  трэба ўздзейнічаць усім разам. Падкрэслю, усім разам. І тут фармальна працаваць нельга. У планах –  правядзенне  каардынацыйных нарад, сустрэч  з удзелам кіраўніцтва райвыканкама, праваахоўных органаў, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, пярвічнага звяна мясцовай улады, вясковага актыву, грамадскіх арганізацый… Будзем слухаць усіх і разам шукаць шляхі, як выправіць становішча.
– У рамках аднаго інтэрв’ю немагчыма расказаць пра ўвесь аб’ём работы, якую выконвае пракурор. Але ж не працай адзінай жыве чалавек. Сяргей Уладзіміравіч, хто акружае Вас тады, калі Вы выходзіце са службовага кабінета, чым Вы любіце займацца ў вольную хвіліну?
– Мая сям’я. Гэта мая апора, мой надзейны тыл. З жонкай Людмілай мы разам амаль трыццаць гадоў, вырасцілі дачку Алену. Дарэчы, і жонка, і дачка – юрысты.
Вольнага часу, на жаль,  практычна няма. Але калі выдаецца хвіліна, вельмі люблю чытаць. Апошнія гадоў дзесяць “падсеў” на літаратурныя часопісы “Наш современник”, “Москва” і “Молодая гвардия”. Як бы заняты не быў, але знаходжу час, каб зайсці ў бібліятэку за новым нумарам часопіса і пачытаць яго. Люблю пагартаць і класіку.  З лірыкаў падабаецца Сяргей Ясенін, з празаікаў – Леў Талстой.
Не супраць і фізічных нагрузак: за шчасце паплаваць у басейне ці пагуляць у настольны тэніс. Ды і дача ёсць. Грыбы, ягады, рыбалка. Праўда, дзе на гэта ўзяць час?
– Дзякуй за інтэрв’ю. Якія словы Вы жадаеце сказаць на развітанне?
– Вельмі падабаецца выслоўе Максіма Горкага “Жыць для сябе – тлець, для сям’і – гарэць, а для людзей – свяціць”. Сам імкнуся так жыць, ды і ад іншых хочацца гэтага.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



2 комментария по теме “Интервью с прокурором Шумилинского района Сергеем Зайцевым

  1. У НЕГО ВСЕ В ШОКОЛАДЕ.ОН ЖДЕТ СВОИХ ДРУЗЕЙ ПО РАЗУМУ…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *