Лазертаг или лазерный бой шёл в шумилинском сосоннике

Молодёжь Спорт

Адрэналіну хапіла ўсім
Які хлопчык ці юнак не марыць ператварыцца ў супермэна, уступіць у барацьбу з ворагамі і перамагчы іх. Напэўна, гэта ў крыві ўсіх мужчын. А сучасныя тэхналогіі такую магчымасць даюць. Менавіта таму мільёны іх праводзяць час за камп’ютарам, у віртуальных бітвах. Але сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць паспытаць свае сілы і здольнасці воіна ў рэальнай прасторы.
Лазертаг (ад анг. lazer –  лазер і  tag – метка), ці лазерны бой – высокатэхналагічная гульня, якая адбываецца ў рэальным часе. У гульні трэба паразіць ігракоў-сапернікаў і спецыяльныя інтэрактыўныя мішэні бяспечнымі лазернымі выстраламі з бластара-аўтамата. Меткія выстралы лазера рэгіструюць спецыяльныя датчыкі (сэнсары), якія замацаваны на адзенні іграка ці на спецыяльнай павязцы.
Лазертаг набыў папулярнасць у свеце ў 70-х гадах мінулага стагоддзя пасля выхаду кінастужкі “Зорныя войны”. У Беларусі набывае папулярнасць апошні дзясятак гадоў. Гульня патрабуе  як добрай фізічнай падрыхтоўкі, так і тактычных навыкаў.
Днямі райкам ГА БРСМ арганізаваў матчавую сустрэчу па лазертагу паміж вучнямі СШ №2. Чатыры каманды высвятлялі ў сасонніку, хто мацнейшы. Азарт, хуткасць, спрыт прыйшліся даспадобы падлеткам, якія заўзята “захоплівалі” базы праціўніка. Пераможцы радаваліся свайму поспеху, а прайграўшыя разлічвалі на рэванш у наступны раз. Бо ўсе без выключэння ўдзельнікі ў адзін голас заявілі, што хутка збяруцца на новую сустрэчу па лазертагу.
Праводзіў матчавую сустрэчу віцебскі клуб-актыў “Лазертаг”. «Лазертаг і пейнтбол вельмі папулярныя на Віцебшчыне, – расказвае кіраўнік пейнтбольнага клуба “Бабёр” і клуба-актыва “Лазертаг” Дзяніс Плісаў. – Мы арганізоўваем  матчавыя сустрэчы па пейнтболу  і лазертагу. Бываем і ў Шумілінскім раёне. Калі ёсць жаданне, можам правесці спаборніцтвы ў школе, напрыклад, сярод класаў. Вучням да 9 класа прапаноўваем лазертаг, старшакласнікам можна і пейнтбол. Па заяўцы можам прыехаць і на дзень нараджэння. Галоўнае, каб сабралася чалавек дзесяць. У нас дзейнічае гібкая сістэма скідак, напрыклад, членам БРСМ. Тэлефануйце  нам па нумарах 8(029) 514-05-40, 8(029) 674-05-40 – і мы абавязкова дамовімся».
Дарэчы, інфармацыю можна знайсці і на сайтах: www.lasertag.vitebsk.by i www.paintball.vitebsk.by
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №86 ад 08.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *