Виктор Ефимович и Юлия Алексеевна Петровы из Шумилино прожили вместе 60 лет

Людзі і лёсы Семья

Пра Пятровых і іх брыльянты
7 лістапада Віктар Яфімавіч і Юлія Аляксееўна Пятровы з Шуміліна адзначылі 60 год сумеснага жыцця, брыльянтавае вяселле. У святочны дзень 7 лістапада 1954 года ў вёсцы Старыновічы спраўлялі вяселле, гулялі, як водзіцца, усёй вёскай, маладых везлі на кані. Маладая была ў паркалёвай сукенцы, у фаце і вяночку з васковых кветак, малады у новым касцюме, кірзавых ботах і картузы.
Яна
На фотаздымку шасцідзесяцігадовай даўніны яна самая мініяцюрная сярод сябровак, у капялюшыку, у туфліках на абцасах і белых шкарпэтках (так было модна). У руках букет кветак, а ў вачах – дзявочая бесклапотнасць, наперадзе ж усё жыццё. Хіба магла яна тады і падумаць, што жыццё такое няпростае і такое імгненнае. У пару яе маладосці рукадзелле было абавязковым заняткам для дзяўчат, хіба толькі якая няўмека не трымала іголку ў руках. Яна таксама шыла, вязала, а больш за ўсё любіла вышываць – крыжыкам, гладдзю, рышэлье. У прасценку паміж вокнамі, на самым пачэсным месцы і зараз вісяць яе карціны: кветкі, Мцыры ў барацьбе з барсам, дзяўчына з букетам кветак на фоне царквы (гэтая мне асабліва падабаецца). Асобную паліцу ў шафе займаюць ажурныя падзоры, сурвэткі і ручнікі, вышытыя рышэлье і гладдзю. Яна наогул любіць утульнасць, каб на вокнах “фіранкі”, на сталах сурвэткі, на падушках накідкі, на сценах фотакарткі ў рамках. А на трумо ў яе, як у сапраўднай жанчыны, крэмы для твару і для рук, пудра, памада і  шкатулка з каралямі, якую яна аберагае цяпер ужо ад праўнукаў. Па тэлевізары яна любіць глядзець толькі фільмы пра каханне, а да кніг ахвоты не мае. Лічыць, што ад іх толькі галава баліць. Наконт працы журналіста яна пераканана, што гэта самая цяжкая работа, бо “трэба ж галавой працаваць”. Сама ж працавала поварам на торфапрадпрыемстве “Дабееўскі мох”, шкадавала рабочых мужчын, вазіла з дому розныя прыправы, каб смачней згатаваць, ахвотна падлівала дабаўкі.
Ён
Каранасты, адкрыты, стрыманы ў словах і пачуццях, працавіты. Без справы ён не ўмее жыць, літаральна хварэе. Ён выдатны цясляр. І дом, і дзве лазні, і два гаражы, і гаспадарчыя пабудовы – усё рабіў сам. Рубіў зрубы, габляваў дошкі, выразаў карункавыя налічнікі, шкліў вокны. Лягчэй сказаць, чаго ён не рабіў. Калі сын абзавёўся сям’ёй і вырашыў будаваць дом, ён усю цяслярскую работу ўзяў на сябе. Ён вельмі ашчадны, умее сабраць грошы на патрэбную рэч. Спачатку збіраў на матацыкл – купіў “Іж” з люлькай, потым назбіраў на ЛуАЗік. Як і ўсе мужчыны традыцыйнай закваскі, ён не разумее, навошта жанчынам столькі сукенак і туфель, лічыць гэты расходны артыкул марным. Ён любіць глядзець панараму навін, чытаць кнігі пра вайну і газеты. Раённую газету выпісвае амаль пяцьдзясят гадоў. А яшчэ ён любіць зямлю, ён святлее тварам, маладзее, калі настае час пахаць і сеяць. Можа, некаму гэта здасца непраўдападобнай фантазіяй, але гэта так. У свой час ён пахаў 20 сотак каля дому, потым адзін з першых узяў участак на Дзюбянцы, ездзіў туды на сынавым трактары, на веласіпедзе кожны дзень, атрымліваў ад гэтага рэальнае задавальненне. А потым яшчэ ўзяў участак за Брыкетам… Але родныя не падзялялі гэтага энтузіязму і пакрысе дзеду прыйшлося адмовіцца ад свайго зямельнага багацця. Прафесіі для сябе ён выбіраў адпаведныя. Быў трактарыстам: працаваў трактарыстам у “Мішневічах” і на прадпрыемстве “Дабееўскі мох”, потым пайшоў у бондарскі цэх (быў такі ў Шуміліне, дзе зараз “Вітконпрадукт”), рабіў там розныя бочкі ды скрыні.
Яны
Яны разам 60 год. Сказаць, што яны пражылі гэтае жыццё, трымаючыся за рукі і ні разу не пасварыўшыся, значыць, схлусіць. У жыцці было ўсяго, было, што і не размаўлялі па тыдню, але пры гэтым яна спраўна варыла суп, бульбу, капусту і моўчкі ставіла на стол: “А што чалавек галодны будзе?” Яна ніколі не падтрымлівала ягонае захапленне тэхнікай, калі ён днямі прападаў у гаражы, злавала: “круціць сваё жалеззе, а тады кашулі не адмыць”, але пры гэтым спраўна мыла, зашывала, прасавала. А ён не мог зразумець, як яна можа столькі часу траціць на “пусты занятак” за вышываннем, але рабіў рамкі для яе карцін, для фотаздымкаў, не з вялікай ахвотай, але даваў грошы на новыя занавескі і шпалеры.
Яны абодва хацелі, каб дзеці выраслі прыстойнымі, вывучыліся. Бог даў ім дачку і сына. Яна карміла іх, песціла, а ён трымаў дысцыпліну. Не, ніколі не браў у рукі рамень, нават калі прыходзілася ісці ў школу шкліць разбітыя сынам вокны, але бацькава слова было законам. Сказаў хадзіць у музычную школу вучыцца на баян, і хадзілі, хоць сын і ўцякаў іншым разам у спартзалу. Потым, праўда, як атрымалі “музычны атэстат”, баян трывала паклалі на шафу. І прафесію бацька загадаў атрымаць, сына вывучыў на аўтамеханіка, дачку – на настаўніцу. Даваў ім па дзесяць рублёў на тыдзень (на савецкі час гэта было даволі шчодра), вазіў у інтэрнат бульбу, не шкадаваў выдаткаў на адукацыю, напэўна, таму што ў сваім дзяцінстве, апаленым вайной, атручаным смерцямі маці, бацькі, дзеда, ён не меў такой магчымасці…
Яны абодва любяць гасцей. Калі ўжо чалавек завітаў у хату, абавязкова пасадзяць за стол, прынясуць з халадзільніка ўсё, што ёсць. Асабліва жаданым гасцям раней (калі былі сілы сеяць пшаніцу, прарошчваць яе, сушыць на печцы) ён прыносіў са схованкі сваю, хлебную. Сёння гэтага ўжо няма, але ў кладоўцы абавязкова стаіць “куплёная” – на выпадак, калі хто трапіцца.
7 лістапада ў іх доме сабралася шмат гасцей: дзеці, унукі, праўнукі, сябры. Кожны рыхтаваў для брыльянтавых юбіляраў асаблівыя словы, пажаданні.  Ён з сумам усміхаўся: “Чаго жадаць, усё ёсць, вось толькі б здароўе…” Яна змахвала слязінкі і ўздыхала: “Якія ж мы ўжо сталі, такія бальшыя гады…”
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Яны пазнаёміліся на кірмашы ў Роўным. На двары стаяў 1949 год. Праз пяць год, калі ён прыйдзе з арміі, яны пажэняцца.
Надрукавана ў №86 ад 08.11.2014 г.



1 комментарий по теме “Виктор Ефимович и Юлия Алексеевна Петровы из Шумилино прожили вместе 60 лет

  1. Трудно себе даже представить такую долгую семейную жизнь.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *