Юбилей

Людзі і лёсы

З багажом перажытага
Да мужчын лёс менш прыхільны ў тым плане, што век іхні больш кароткі: у кагорце доўгажыхароў пераважаюць жанчыны. Прыемнае выключэнне — Арсеній Кірылавіч Курцоў з Обалі, якому на днях споўнілася 95. На выгляд ён не зняможаны жыццём, хаця перажыта нямала. Узяць хаця б вельмі балючыя раны — смерці сыноў Генадзя і Аляксандра.
Размаўляць з А. К. Курцовым сёння нялёгка: стары амаль не чуе. За “перакладчыцу” была яго суседка  Марыя Паўлаўна Лабанава. Яна і расказвала за героя нашай замалёўкі, як магла выпытвала ў Арсенія Кірылавіча найбольш важнае з яго жыцця.
Нагоду павіншаваць інваліда вайны з найшаноўным юбілеем, яшчэ раз справіцца аб яго здароўі выкарысталі старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава і старшыня Обальскага сельвыканкама М. А. Будневіч.
У біяграфіі інваліда вайны адметнае месца займаюць гады ваенных ліхалеццяў і праца на заводзе імя Даўмана. Арсеній Кірылавіч прайшоў дзве вайны — фінскую, калі, як сам сказаў, “ваяваў цэлую зіму”, і Вялікую Айчынную. Стралок 67-га асобнага вучэбнага батальёна, сяржант. У жніўні 1944-га — ранены, заканчваў вайну на Далёкім Усходзе, дзе ваяваў з часцямі японскай Квантунскай арміі.
З 50-х гадоў А. К. Курцоў у Обалі на торфапрадпрыемстве імя Даўмана. Працуе на балоце па здабычы торфу, пазней — камендант завода, пры выхадзе на пенсію нямала гадоў збіраў лішкі малака па прыватных падворках.
Больш за пяць гадоў даглядае за адзінокім інвалідам М. П. Лабанава. Уважлівая да А. К. Курцова і клапатлівая сацыяльны работнік Святлана Яблыкава. У кватэры па вуліцы Зяньковай прыбрана, чыста, Арсеній Кірылавіч не адчувае сябе адзінокім. Наадварот, такой жаночай увагай пахваліцца зможа не кожны мужчына яго гадоў. І калі б акуляры (яны нядаўна зламаліся, трэба замяніць), ён і сёння чытаў бы кнігу Юрыя Бондарава, паднесеную яму ў падарунак да слаўнага юбілею.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў № 99 ад 21.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *