Школьные олимпиады: итоги районного этапа

Актуалии Образование

Алімпіяднікаў стала больш
Выявіць здольных вучняў, дапамагчы ім паказаць свае веды, таленты, даць магчымасць прадоўжыць вучобу ў ВНУ – менавіта для гэтага і праводзіцца рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах. На ўсіх чатырох этапах: школьным, раённым, абласным і рэспубліканскім — ідзе адбор лепшых вучняў.
Наш раён ужо не адзін год займае дастойнае месца, рыхтуючы прызёраў рэспубліканскага этапу.
Аб выніках раённага этапу расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Л. У. Маладзечкіна:
– Асаблівасцю сёлетняй алімпіяды стала тое, што яна праводзіцца за больш працяглы перыяд. Гэта зроблена для таго, каб здольныя вучні мелі магчымасць браць удзел у алімпіядзе па некалькіх прадметах. Так, раённы этап праходзіў на працягу 7 дзён, абласны этап будзе праводзіцца ў чатыры тэрміны, прыкладна гэтак пройдзе і рэспубліканскі.
У школьным этапе мелі магчымасць удзельнічаць усе вучні 5-11 класаў па ўсіх прадметах. Скарыстаўся магчымасцю 971 вучань, 488 здолелі выканаць алімпіядныя заданні і сталі прызёрамі.
Раённы этап  праводзіўся па 14 прадметах (за выключэннем іспанскай і французскай моў), у іх удзельнічалі 305 вучняў з гімназіі і ўсіх базавых і сярэдніх школ (у 2009 годзе бралі ўдзел 268 вучняў). Выканаць заданні на вызначаным узроўні здолелі 88 вучняў (у мінулым годзе – 54), пяць з іх атрымалі дыпломы 1 ступені – (Цішуроў Аляксей (11 клас, матэматыка, СШ №1, настаўнік Н. У. Лузгіна), Аўдошкіна Ганна (9 клас, абслугоўваючая праца, СШ №1, Н. М. Спірыдонава), Баранава Ірына і Сядзякіна Уладзіслава (абедзве 9 клас, Обальская СШ, В. Д. Сташонак), Макоўская Марыя (10 клас, Обальская СШ, Захарава Л. В), 20 вучняў атрымалі дыпломы II ступені, 63 – III ступені.
Змагацца школьнікам было няпроста. Як адзначалі члены журы, алімпіядныя заданні з вобласці былі вельмі складанымі, па многіх прадметах неабходна было паказаць не толькі тэарэтычныя веды, а і выканаць складаныя практычныя задачы.
Без пастаяннай штодзённай напружанай работы вучняў і настаўнікаў, без сістэматычнай работы адміністрацыі адукацыйных устаноў высокія вынікі школьнікаў былі б немагчымымі. Многія вучні ўдзельнічалі ў раённым этапе алімпіяды па двух–трох прадметах і сталі прызёрамі.
У ліку лідараў сярод адукацыйных устаноў раёна – гімназія (32 прызёры, у 2009 — 15), якая сёлета выйшла на першае месца, Шумілінская СШ №1 — 31 прызёр (23 – у мінулым годзе) і Обальская СШ — 10 прызёраў (10 — і ў мінулым годзе). Па чатыры пераможцы ў СШ №2 і Мікіціхінскай СШ,  3 – у Кардоне, 2 – у Башнях, па аднаму – у Амбросавічах і Мішневічах.
Нельга не адзначыць і настаўнікаў, якія сваёй карпатлівай працай раскрываюць здольнасці вучняў, дапамагаюць дасягнуць высокіх вынікаў. Бясспрэчнымі аўтарытэтамі тут з’яўляюцца А. У. Васілеўская (настаўнік беларускай мовы і літаратуры) – падрыхтавала 7 прызёраў і А. Г. Каралёў (фізіка) – 4 прызёры, якія працуюць у гімназіі, В. Д. Сташонак (абслугоўваючая праца) – па тры прызёры у Обальскай і Мікіціхінскай школах, Н. У. Лузгіна (матэматыка) і  Н. Д. Баранава (інфарматыка) – па 4 прызёры ў Шумілінскай СШ №1.
Наперадзе абласны этап алімпіяды. Наш раён атрымаў права выставіць на абласны этап каманду з 22 чалавек па 9 прадметах. Цяпер ідзе фарміраванне каманды, але ўжо можна адзначыць дасягненне вучня Шумілінскай СШ №1 Аляксея Цішурова, які будзе абараняць гонар раёна па двух прадметах – матэматыцы і астраноміі. Пажадаем усім нашым разумнікам і разумніцам перамог у вобласці і годных вынікаў на рэспубліканскім этапе.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 99 ад 21.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *