В редакцию позвонили жители агрогородка Никитиха…

Общество

Усе вінаватыя, толькі не мы
Днямі ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавалі з аграгарадка Мікіціха жыхары дома 5б з вуліцы Шасэйная. Паскардзіліся, што забілася ў іх доме каналізацыя, падвал заліты сцёкавымі водамі і ніхто нічога не робіць…
Карэспандэнт раённай газеты адразу выехаў на “месца здарэння”. Разам з загадчыкам гаспадаркі ААТ “Лаўжанскае” В. П. Асташонак і начальнікам падраздзялення УП ЖКГ “Лаўжанскае” С. Л. Блізнец паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі на месцы.
Новы 32-кватэрны дом належыць мясцовай гаспадарцы, у ім жывуць толькі маладыя сем’і. Нягледзячы на тое, што дом новы,  пастаянна ўзнікаюць праблемы з каналізацыяй. Дакладней, “праблемным” стаў другі пад’езд. “З першым пад’ездам няма ніякіх праблем, –  расказвае В. П. Асташонак. – Дзесьці ўлетку пачысцілі каналізацыю і ўсё добра. А вось у другім пад’ездзе, як правіла, каналізацыя забіваецца двойчы на месяц”.
“Камунгас некалькі разоў чысціў каналізацыю ў гэтым доме, – уключылася ў размову С. Л. Блізнец. – Чаго мы толькі адтуль не даставалі: шалупінне ад бульбы і спагецці,  памперсы і мяккія дзіцячыя цацкі…”. Неаднаразова праходзілі сходы жыхароў, тлумачылі прычыны, але выніку няма.
І хто ў гэтым вінаваты? Адказ відавочны. Неабходна, каб самі жыхары  адчувалі адказнасць за свой дом. Калі ж ім не хапае разумення ці сумлення падтрымліваць у парадку сваё жыллё, дык а гэтага іх трэба прывучаць. І лепшы спосаб у такім выпадку – ударыць па кішэні. Так, В. П. Асташонак запэўніла, што ў бліжэйшы час гаспадарка зноў пачысціць каналізацыю. Але бясплатна гэта будзе ў апошні раз. “Наступным разам, калі зноў заб’ецца каналізацыя, – расказала Валянціна Пятроўна. – Чысціць каналізацыю будзем толькі пасля поўнай аплаты работ жыхарамі. Прычым, плаціць будуць жыхары толькі таго пад’езда, у якім будзе забіты каналізацыйны стаяк”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 90 ад 21.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *