Алкоголизм — болезнь социальная. Беседа с врачем-наркологом Шумилинской ЦРБ

Здоровье Общество

Ведаць меру ў спіртным
Алкагалізацыя ператварылася ў вялікую грамадскую праблему. Мена-віта алкаголь штурхае чалавека да злачынстваў, да насілля над іншым чалавекам. Амаль усе выпадкі самагубства ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення.. Алкаголік – благі работнік. Ён дрэнна працуе сам, замінае працаваць іншым. Ён – галоўны фактар вытворчага і бытавога траўматызму, і ён жа – галоўная яго ахвяра. Што ж такое  алкагалізм, чым ён страшны, каго паражае ў першую чаргу і ці магчыма вылечыцца? Пра гэта і іншыя праблемы, звязаныя з ужываннем спіртнога, мы размаўляем з урачом-нарколагам ЦРБ Т. У. Івановай.
–  Таццяна Уладзіміраўна, які сярэдні ўзрост вашых пацыентаў?
– На ўліку ва ўрача-нарколага раённай бальніцы знаходзіцца 677 жыхароў нашага раёна. Асноўная ўзроставая група – гэта 18-38 гадоў. Разам з тым ёсць і пенсіянеры. На прафілактычным уліку стаяць і шэсць падлеткаў, якія ў стане алкагольнага ап’янення здзейснілі нейкае правапарушэнне. На дынамічным ўліку знаходзяцца людзі, у якіх ёсць прыкметы развіцця алкагалізму: цяга да спіртнога, частыя запоі, галаўныя болі, якія, як правіла, многія прывыклі здымаць апахмеллем. У такіх людзей арганізм прывыкае да спіртнога як да нечага абавязковага і непазбежнага.
–  Чаму чалавек цягнецца да чаркі, а ў далейшым становіцца алкаголікам?
–  Адназначна адказаць на гэта пытанне нельга, бо тут усё індывідуальна.  Адно можна сцвярджаць упэўнена: патрэбна сістэматычнае ўжыванне алкаголю. Адны спачатку робяць гэта для настрою, другія  – за кампанію, з гора ці з радасці. У выніку гэта прыводзіць да алкагалізму, які характарызуецца псіхічнай і фізічнай залежнасцю. Некаторыя памылкова думаюць, што хвароба перадаецца па спадчыне. Не, яна не перадаецца,  проста ў чалавека, бацькі якога алкаголікі, можа быць на генетычным ўзроўні схільнасць да алкагалізму.
–  Ці можна вылечыцца ад алкагалізму? Ці ёсць станоўчыя прыклады ў нашым раёне?
–  Усё залежыць ад стадыі залежнасці ад алкаголю. Першая і самая лёгкая стадыя – гэта псіхічная залежнасць. Тут дзейнічае схема: выпіў – і на ўсё забыўся,  часова збег ад праблем. На гэтай стадыі лячэнне праходзіць лёгка. Другая стадыя – фізічная залежнасць. Арганізм прывык да алкаголю, і без яго дрэнна.  Часцей менавіта на другой стадыі становяцца на ўлік да нарколага. Лячэнне тут патрабуецца комплекснае і доўгае. Ну, а трэцяя стадыя – сацыяльная дэградацыя – ніякіх каментарыяў не патрабуе. Вылечыцца ад залежнасці на любой стадыі магчыма. Складана, але магчыма. У раёне ёсць станоўчыя прыклады вылечвання ад алкагалізму. Але іх нямнога. Прыгадаю 29-гадовага мужчыну, які пасля чарговага запою трапіў у рэанімацыю. Доўга не хацеў лячыцца, пакуль алкаголь не даў ускладненні на нервовыя ствалы, і аднойчы маці прывезла на прыём маладога чалавека на інваліднай калясцы. Вось тады мужчына апамятаўся і згадзіўся на лячэнне, акуратна выконваў усе рэкамендацыі. З таго часу прайшоў больш чым год, малады чалавек на сваіх нагах. Гарэлкі і ў рот не бярэ, палічыў, што здароўе даражэй.
– Дзе вы парэкамендуеце лячыцца ад алкагалізму? Якія метады лячэння больш надзейныя?
– Варыянтаў шмат. Лячэнне падбіраецца кожнаму індывідуальна. У нашай райбальніцы выкарыстоўваюцца два метады лячэння: медыкаментознае і псіхатэрапеўтычнае. Галоўнае пры любым лячэнні – гэта жаданне пацыентаў. Паўтаруся: жаданне менавіта пацыентаў, а не іхніх родзічаў. Некаторым для лячэння патрэбны год, а то і больш. Самае складанае для чалавека – гэта прызнаць сябе алкаголікам. Некаторым сорамна прыйсці да нарколага ў райбальніцу: маўляў, убачаць знаёмыя, засмяюць. У такім разе можна параіць звярнуцца ў Віцебскі абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі, дзе можна прайсці лячэнне ананімна. Для жыхароў нашага раёна падкажу нумар тэлефона ананімнай рэгістратуры гэтага цэнтра: 54-90-28.
– Што вы пажадаеце чытачам раённай газеты напярэдадні навагодніх святаў?
–  Перш за ўсё, ведаць меру ў спіртным. У маразы не сагравацца гарэлкай – менавіта ў нецвярозых людзей часцей бываюць абмаражэнні. У стрэсавых сітуацыях не варта шукаць паратунку на дне чарцы. Ад гэтага не стане лягчэй.
Ну, а калі на святы нехта не разлічыў свае сілы і выпіў лішак, то раніцай не трэба апахмяляцца. Галаўны боль і недамаганне варта перацярпець. Пры гэтым лепш ужываць як мага больш вадкасці: кампоты, чаі, морсы, мінеральную ваду.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *