Строитель железных дорог Павел Мельников

Актуалии

Будаўнік чыгунак Мельнікаў
Афіцыйна лічыцца, што Павел Пятровіч Мельнікаў нарадзіўся 22 ліпеня (3 жніўня) 1804 года ў Маскве. Сам ён ніколі не згадваў ні месца свайго нараджэння, ні бацькоў. У службовых фармулярах уласнаручна пазначаў “з дваран, сялян не маю”. Таму месцам яго нараджэння называюць Маскву або Тульскую губерню. Ваенны інжынер, барон А. І. Дэльвіг у сваіх успамінах напісаў, што Павел Пятровіч і ягоны малодшы брат Аляксей былі пазашлюбнымі дзецьмі обер-шталмайстра П. Н. Беклемішава (гэта старажытны маскоўскі род, яго прадстаўнікі займалі высокія дзяржаўныя пасады і мелі землі ў розных частках Расіі). Беклемішаў не кінуў сваю каханку і дзяцей. Каб даць дзецям дваранскія правы, выдаў іх маці за нейкага чыноўніка Пятра Мельнікава. Падтрымка ўплывовага апекуна прасочвалася і потым. Сярэднюю адукацыю Павел атрымаў у прэстыжным маскоўскім пансіёне, пасля якога паступіў у ваенна-будаўнічую школу, а затым у Інстытут корпуса інжынераў шляхоў зносін.
Інстытут ён закончыў “лепшым у навуках”, быў пакінуты на выкладчыцкую работу.  З 1833 года – прафесар курса прыкладной механікі, загадчык кафедры ў Інстытуце. Працаваў над паляпшэннем Волхаўскіх парогаў, аўтар праекта дамбы ў Дынабургу (Даўгаўпілсе), якая абараніла горад ад веснавых паводак. У 1835 годзе П. П. Мельнікаў выпусціў кнігу “Аб чыгунках” – першы ў Расіі падручнік па чыгуначным транспарце.
1842-1851 – ён адзін з аўтараў праекта і будаўнік чыгункі Санкт-Пецярбург – Масква, асабіста пераканаў Мікалая I у неабходнасці яе будаўніцтва.
1857-1858 гады – працаваў над рэканструкцыяй (замена драўлянай канструкцыі на металічную) шпіля Петрапаўлаўскага сабора ў Санкт-Пецярбургу. У 1858 годзе абраны ганаровым членам Пецярбургскай АН.
У 1858 годзе быў прызначаны галоўным інспектарам прыватных чыгунак, на наступны год яму прысвоены чын генерал-лейтэнанта.
З 1862 – галоўнаўпраўляючы шляхоў зносін, у 1866-1869 гады – міністр шляхоў зносін. П. П. Мельнікаў актыўна падтрымліваў будаўніцтва чыгунак. Пры ім пачалася выдача канцэсій на будаўніцтва прыватных чыгуначных ліній (прыватнай была і Рыга-Арлоўская чыгунка, якая прайшла праз Шуміліна). За час яго кіравання да чыгуначнай сеткі Расіі дадалося 7062 км чыгунак, у тым ліку 1800 км – дзяржаўных. Рыхтаваліся кадры для транспартнай галіны: ваенны Інстытут інжынераў шляхоў зносін у 1864 годзе быў ператвораны ў грамадзянскую ўстанову, у 1866 годзе на станцыі Ялец было адкрыта першае чыгуначнае вучылішча.
У 1869 годзе П. П. Мельнікаў звольнены з пасады міністра з прысваеннем чына інжынер-генерал. Да 1875 года ён заставаўся членам Дзяржаўнага савета і Камітэта чыгунак.
Павел Пятровіч вядомы як мецэнат. У сваім маёнтку на станцыі Любань Наўгародскай губерні за ўласныя грошы пабудаваў храм-помнік Святых Пятра і Паўла ў гонар будаўнікоў Мікалаеўскай чыгункі, які лічыцца адным з галоўных “чыгуначных” храмаў, а таксама школу-інтэрнат для дзяцей чыгуначных рабочых, дом для састарэлых жанчын, усю сваю спадчыну завяшчаў на ўтрыманне гэтых устаноў. Памёр 22 ліпеня (3 жніўня) 1880 года ў Любані і быў пахаваны ў склепе царквы.
У 1954 годзе яго перапахавалі ля вакзала станцыі Любань і ўстанавілі помнік-бюст. У 2000 годзе прах вярнулі ў царкву. Яшчэ адзін помнік П. П. Мельнікаву ўстаноўлены ў Маскве на Камсамольскай плошчы (плошчы Трох вакзалаў).
Падрыхтаваў Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



1 комментарий по теме “Строитель железных дорог Павел Мельников

  1. Интересный факт про род Мельниковых: племянница Павла Мельникова Варвара Алексеевна вышла замуж за сына А. С. Пушкина Григория в 1884 году и прожила с ним до его смерти в 1905г. В. А. Пушкина умерла в 1935 году. Их могила находится в д. Маркутье под Вильнюсом.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *