В агрогородке Мишневичи Шумилинского района под звуки траурного марша перезахоронили останки девяти советских воинов

Актуалии

Гонар і слава паўшым ў баі
Усё далей ад нас вайна, 70 год мінула з таго часу, але вайна не адпускае нас. Нагадвае то знойдзеным снарадам, то салдацкай каскай. А яшчэ турбуе нашу памяць, наша сумленне, што не ўсе салдаты пахаваныя, не ўсе імёны загінуўшых воінаў мы ведаем.
У пятніцу на брацкіх могілках у аграгарадку Мішневічы праходзіў жалобны мітынг. Астанкі дзевяці невядомых савецкіх салдат знайшлі свой апошні прытулак разам са сваімі баявымі сябрамі, якія загінулі ў 1943-1944 гадах у баях за вызваленне нашага раёна. Астанкі воінаў былі знойдзены ў маі 2014 года непадалёк ад вёскі Запалянка. На жаль, ніякіх рэчаў, дакументаў, якія б дапамаглі ўстанавіць імёны воінаў, не знайшлі.
“Наш святы доўг і абавязак перад загінуўшымі воінамі – несці памяць пра подзвіг, перадаваць гэтую памяць будучым пакаленням”, – гаварыла на адкрыцці мерапрыемства старшыня Мішневіцкага сельсавета Г. А. Зязюлька.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нагадаў, што 16 лістапада споўніўся 71 год, як вызвалены ў 1943 годзе Мішневічы, і толькі 23 чэрвеня  1944 года адбылося вызваленне г. п. Шуміліна. Калі падлічыць, то гэты шлях праходзілі нашы вызваліцелі па 269 метраў кожны дзень, і кожны  гэты метр паліты салдацкай крывёю. Не бывае ніводнага года, калі б у шумілінскай зямлі не знаходзілі астанкі байцоў Чырвонай Арміі, і часцей за ўсё імёны іх застаюцца невядомымі.
Ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі расказаў пра вынікі работы  52-га асобнага пошукавага спецыяльнага батальёна, які праводзіў актыўныя раскопкі ў месцах баёў на тэрыторыі нашага раёна. Знойдзены астанкі дзясяткаў воінаў у Мішневіцкім, Сіроцінскім, Каўлякоўскім, Дабейскім сельсаветах. На жаль, большасць імёнаў застаюцца невядомымі. Але сёлета ўдалося ўстанавіць імя ленінградца Аляксея Іванова, які з 1943 года лічыўся прапаўшым без вестак. Цяпер спрабуюць звязацца з роднымі воіна, запрасіць іх на пахаванне.
Пра памяць і пашану да ветэранаў вайны, да загінуўшых воінаў, пра сувязь мінуўшчыны з сучаснасцю гаварылі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава і кіраўнік раённай арганізацыі ветэранаў-маракоў А. Л. Бычкоў.
Кароткую царкоўную службу ў памяць загінуўшых воінаў правёў настаяцель Свята-Ануфрыеўскага храма ў Обалі іерэй Уладзімір Пучынскі.
Пад гукі дзяржаўнага гімна і гучныя стрэлы ваеннага салюту астанкі невядомых абаронцаў Айчыны апускаюцца ў зямлю. Устанаўліваецца чырвоны абеліск з зоркай на версе, да якога мішневіцкія школьнікі ўскладаюць гірлянду, а прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна – кветкі і вянкі.
І няхай імёны воінаў пакуль застаюцца невядомымі, але яны знайшлі месца пакою не ў чыстым полі, а там, дзе да іх могуць прыехаць нашчадкі, родныя, прыехаць і пакланіцца іхняй магіле.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



5 комментариев по теме “В агрогородке Мишневичи Шумилинского района под звуки траурного марша перезахоронили останки девяти советских воинов

  1. Так, цяжкавата ўстанавіць імёны праз 70 гадоў. Лягчэй гэта было зрабіць гадоў 30 таму. Яшчэ лягчэй калі не падчас вайны, то адразу пасля яе.
    Што, часу не было, ці нешта іншае замінала?
    Але чым далей тая вайна адсоўваецца ад нас, тым больш траскатні аб героях, якія насамрэч даўно забытыя, і патрэбныя толькі для піяру сучаснай уладзе.

  2. Георгій, прачытала ўсе вашы каментарыі і заўважыла, што з кожнай прапанаванай інфармацыяй і пастулатамі ў ёй вы спрачаецеся. Так хочацца запытаць: а што асабіста вы, чалавек, як я разумею, сталы і разумны, зрабілі для людзей, грамадства, краіны? Мянташыць языком — справа простая ў параўнанні з тым, каб штодня працаваць для іх дабрабыту за невялікую зарплату, а то і за ідэю. Ці правялі вы хоць якую даследчую работу, каб устанавіць імёны загінуўшых, напрыклад? Якіх маральных арыенціраў заклікаеце прытрымлівацца сваіх дзяцей? Навучыце, як нам, дурням, жыць — з мінулым, так цесна пераплеценым з расійскай гісторыяй. Атрэсці рукі, заплюшчыць вочы, пагадзіцца з тым, што няма ў нас ніякіх заслуг, годнага мінулага і адпаведна падстаў для самапавагі?

  3. Георгій, вельмі падобна, што вы з прафесійнай апазіцыі. У мінулым імёны не шукалі — дрэнна, зараз шукаюць — таксама блага. Дык што рабіць? дзе канструктыў?

  4. Беларусь — транзитная страна. И все великие империи мира — Евразии, Азии, Запада перекатывались через наши земли.
    А в СССР жило не менее ста народов и народностей. И безусловно, каждая косточка завоевателей должна быть идентифицирована по мере возможностей, как с Запада, так с Востока.
    Я так понимаю, только за счёт наших белорусских налогоплательщиков? Может быть потрудился кто нибудь ещё? Приезжают ли к нам на Шумилинщину поисковики из России, Украины, той же Германии? Непонятно как то…

  5. Пачнем з галоўнага: як нам жыць з мінулым, цесна пераплеценым з расейскім.
    Крытычна, мае дарагія, крытычна. Каб яно не засьціла нашу нацыянальную ідэю: быць найперш беларусамі, а потым ужо сябрамі іншых народаў.
    Бо так мала ў нас застаецца свайго. Усё вытручана да непазнавальнасці. І гісторыя наша «чамусьці» робіцца, каб не нашкодзіць вялікаму суседу.
    Ды што ўжо душой крывіць, няма ў нас яе там, дзе ёсць расейская гісторыя.
    Вось на гэтай ніве я і шчырую. Такае ўжо ў мяне, пэўна, пакліканне. Вершы пішу. Сёлета выдаў чацвёрты зборнік — «Мая зорка». Калі зацікавіцеся — вышлю.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *