Про коньки, лыжи, санки и зимний отдых

Актуалии Здоровье Спорт, туризм

Пра канькі, лыжы ды санкі
Зіма сёлета радуе прыхільнікаў актыўнага зімовага адпачынку: снегу ўволю, марозец – у самы раз. Зразумела, для такога адпачынку патрэбны лыжы, канькі, санкі. Пакатацца на каньках можна толькі каля СШ №1 і дзіцячай спартшколы. Праўда, у аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама зноў паабяцалі, што ў бліжэйшыя дні будзе заліты каток і ў Верхнім горадзе. Дарэчы, тут устаноўлена і хакейная каробка.
Багата моладзі катаецца як на катку каля СШ №1, так і каля спартшколы. “Месца дастаткова, каткі пастаянна расчышчаюцца, – расказваюць хлопцы і дзяўчаты, – безумоўна, больш зручна каля СШ №1 – пракат побач”.
Наконт пракату, які арганізавалі ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, ёсць пытанні. І яны, дарэчы, узнікаюць ужо не першы год. Найперш па каньках, не хапае малых памераў. Вось і прыходзіцца аматарам канькоў прыходзіць да адкрыцця пракату, каб узяць дэфіцытную пару. Дарэчы, новыя канькі з’явіліся ў пракаце толькі дзякуючы спонсарскай дапамозе Нацыянальнага алімпійскага камітэта: падарылі восем пар канькоў і тры пары ролікаў для дзяцей дзетсадаўскага ўзросту.
А вось з пракатам лыж сітуацыя лепшая. У аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама можна выбраць любую пару. Пракатам лыж займаецца і камбінат бытавога абслугоўвання. “Мінулагодняя зіма паказала, што пракат лыж – справа выгадная, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці В. Ф. Пашкоўская, – большасць лыж знаходзіцца ў пункце пракату ў аграгарадку Светласельскі – людзі з задавальненнем адпачываюць у сасонніку”.
Яшчэ адзін варыянт. Набыць канькі, лыжы альбо санкі можна ў краме.  І мець усё уласнае. У магазіне “Усё для дома” сустрэлі зіму багатым асартыментам тавараў для актыўнага зімовага адпачынку. Тут ёсць і канькі, і лыжы, і санкі, і “навінка сезона” – санкі-лядзяшкі. Канькі і лыжы ёсць у продажы як для дзяцей, так і для дарослых.
“Сёлета лыжы, санкі і канькі карыстаюцца попытам у пакупніка, – падзялілася прадавец магазіна “Усё для дома” В. П. Байдакова. – Людзі ўжо купілі 12 пар лыж, 20 санак і дзве пары канькоў, карыстаюцца папулярнасцю і санкі-лядзяшкі”.
Але ў магазіне няма абутку для лыж. Як патлумачыла Валянціна Пятроўна, гэты тавар прывозяць толькі пад заказ. Пакуль заказаў на бацінкі для лыж не было.
Алесь САКАЛОЎ. На катку ля СШ № 1 заўсёды мнагалюдна.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *