Праздничное интервью: Рождество у католиков

Край шумілінскі Общество

Як католікі сустракаюць Нараджэнне Хрыстова
Нараджэнне Божае – самае ўрачыстае і чароўнае свята. Як католікі Шуміліншчыны рыхтуюцца сустракаць гэтае светлае свята – аб гэтым мы і запыталіся ў жыхароў раёна.
Ежы Катоўскі, ксёндз касцёла маці Божай Фацімскай:
– У ноч з 24 на 25 снежня на службу ў касцёл збярэцца каля двухсот чалавек. Колькі ўсяго католікаў у раёне, не ведаю, а пастаянна наведваюць храм каля трохсот чалавек. Больш за ўсё католікаў жыве на тэрыторыі Мікалаёўскага сельсавета.
Спачатку святкуем першы дзень Божага Ражаства, потым другі. А ўвогуле святочныя дні доўжацца да 6 студзеня ўключна – у гэты дзень па бласлаўленню Божаму да Ісуса Хрыста прыходзяць тры каралі. Убіраць ёлкі з касцёлаў і каплічак пачынаем пасля свята трох каралёў.
Ала Валянцінаўна Сафончык, а.-г. Башні:
– Перш за ўсё трэба схадзіць у касцёл, памаліцца. Калі Бог адпусціць усе грахі, чалавек нібы народзіцца зноў, душа акрыяе, сэрца засвеціцца радасцю.
Чатыры тыдні напярэдадні Ражаства – перыяд адвэнту, каляднага посту, чакання свята. Ёсць час падумаць, папрасіць адзін у аднаго прабачэння. У касцёл маці Божай Фацімскай прыехаў ксёндз з Мінска. Напярэдадні свята ён праводзіў цікавыя лекцыі з прыхажанамі, расказваў пра божыя запаведзі. Напэўна, не ўсе ведаюць, як растлумачыць запаведзь “не забі”. Калі ўжываеш спіртное ці курыш – паціху забіваеш сам сябе, а, значыць, грашыш. Перавышаеш хуткасць – рызыкуеш стаць забойцам. Ад гэтых шкодных звычак трэба пазбавіцца і памаліцца перад святам, каб Бог дапамагаў у далейшым жыцці.
Роза Людвігаўна Гушча, в. Мікалаёва:
– Да Ражаства даўно падрыхтавалася. Прыбрала ў хаце, зрабіла ў доме алтар (на здымку), паставіла новыя свечкі, якія буду паліць падчас свята. На стол пастаўлю 15 посных страў. Сярод абавязковых – куцця з рысу ці пярлоўкі, прычым абавязкова пасалоджаная, рыба, салата. З касцёла прынесла аплаткі (накшталт несалодкай вафлі) з выявай Езуса. Па традыцыі за святочным сталом аплаткі раздае па кавалачку ўсёй сям’і спачатку гаспадар, потым гаспадыня.
Уладзімір Андрэевіч Лямнёў, в. Гусінцы:
– Традыцыі пераходзяць ад пакалення да пакалення. Напрыклад, мая маці вучыла, што заўсёды пад беласнежную сурвэтку трэба класці сена, а потым ужо святочны стол застаўляць рознымі стравамі. Сена – сімвал багацця на сялянскім падворку. Гэта старадаўняя традыцыя, але яе ў нашай сям’і прытрымліваемся і зараз.
Лілія Барысаўна Ушал, в. Мікалаёва:
– Для мяне Ражаство – перш за ўсё святочны дзень, радасныя ўсмешкі, добрыя пажаданні. Да гэтага дня стараемся нарабіць каўбас, іншых прысмакаў. Калі выходзіць у гэты дзень прыехаць дзецям, радуемся ўдвая. Але ў любым выпадку рыхтуем святочны стол.
Марыя Станіславаўна Разумава, в. Мікалаёва:
– Наведваем каплічку. Сюды прыязджае ксёндз. Перад Ражаством рыхтуем адзін аднаму падарункі. Дочкам, напрыклад, заўсёды купляю наборы касметыкі. Зяцям дарыла кашулі, а яны мне летась купілі світар. Калі адчуваеш такі клопат родных пра цябе, дык і на душы цёпла…
Валянціна Віктараўна Сініцкая, в. Макракі:
– Гэта сямейнае свята. Прыязджаюць усе пяцёра дзяцей, зяці, трое ўнукаў. Да святочнага стала абавязкова гатую гусю: фаршырую яблыкамі і грэцкімі крупамі і стаўлю тушыцца ў рускую печку. Смаката – пальчыкі абліжаш.
Марыя Мацвееўна Кралько, в. Мікалаёва:
– Вечарам 24 снежня збіраюся ісці на вігілію (імшу) ў касцёл у Улу. Іншы раз ідзём маліцца ў касцёл раніцай 25 снежня. За святочным сталом збіраюцца ўсе родныя. Прычым, ставім талерку і для Езуса. Стол на ноч не прыбіраем, бо лічыцца, што сюды ўначы прылятаюць анёлы.
Гутарку вяла
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *