Вопрос демографии обсуждали на заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Президент

Гэта наша з вамі дэмаграфія
На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Асноўнае пытанне, вынесенае на разгляд – “Аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне і прымаемых мерах па зніжэнні смяротнасці асоб працаздольнага ўзросту”.
“Думаю, нікому не трэба даказваць, наколькі важнае пытанне стаіць сёння на парадку дня, – пачала размову старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая вяла пасяджэнне. – Гэта складаючая частка праграмы дзяржаўнай бяспекі: і нацыянальнай, і асобна ўзятага рэгіёна. І нам сёння неабходна выявіць асноўныя прычыны і праблемы, якія існуюць у нас, выпрацаваць дадатковыя канкрэтныя меры па зніжэнні смяротнасці, інваліднасці, захворваемасці працаздольнага насельніцтва раёна”.
Па стану на 1 студзеня 2014 года ў раёне пражывала 18806 чалавек, з іх працаздольнага насельніцтва – 10211 чалавек (54%).  Радуе, адзначыла Ірына Мікалаеўна, што, сапраўды, намецілася станоўчая тэндэнцыя па сітуацыі з нараджальнасцю. За апошні перыяд у раёне нараджаецца ў год больш за 200 дзетак і раён займае адно з лідзіруючых месцаў у вобласці.
Зніжаецца і агульная смяротнасць. Калі ў 2010 годзе ў раёне памерла 469 чалавек, то летась – 375. Калі ў 2013 годзе памер 71 чалавек працаздольнага ўзросту, то за 10 месяцаў гэтага – 55. Наогул калі ў 2010 годзе смяротнасць больш чым у два разы перавышала нараджальнасць, то зараз толькі ў 1,5 раза. Гэта сведчыць пра тое, што многае робіцца і многае дасягнута.
Але трэба прызнаць, што і праблем хапае. Ірына Мікалаеўна дакладна акрэсліла гэтыя праблемы. Найперш, нельга не адзначыць натуральнае змяншэнне насельніцтва раёна. За апошнія чатыры гады колькасць жыхароў у раёне паменшала амаль на дзве тысячы трыста чалавек. Гэта трывожная тэндэнцыя, гэта, вобразна кажучы, насельніцтва другога па памерах сельсавета нашага раёна – Светласельскага.
Яшчэ адна праблема – высокая ўдзельная вага смяротнасці працаздольнага насельніцтва ад знешніх прычын. Толькі ўявіце: з 294 памерлых сёлета 21 чалавек пайшоў з жыцця ад прычын, якія залежаць толькі ад самога чалавека і грамадства. Вельмі высокая доля смерцяў ад атручэння алкаголем ці суіцыдаў (учыненых зноў жа ў стане алкагольнага ап’янення).
Як паказвае статыстыка, зніжаецца ў нашым раёне колькасць шлюбаў (188 у 2013 г., 151 сёлета), павялічваецца колькасць разводаў (60 летась, 52 за 10 месяцаў г. г.), няма ўстойлівасці ў міграцыйных працэсах, высокі працэнт выбыцця з раёна моладзі.
На Шуміліншчыне больш за тысячу чалавек атрымліваюць пенсію па інваліднасці. Толькі сёлета гэтая катэгорыя насельніцтва папоўнілася амаль 50 чалавекамі.
А што тычыцца асноўных прычын дэмаграфічнай сітуацыі, якая склалася ў раёне, яны навідавоку. У нашых людзей нізкая арыентаванасць на клопат аб уласным здароўі, адсутнасць устойлівай матывацыі весці здаровы лад жыцця. І п’янства і алкагалізм тут іграюць не апошнюю ролю. Зараз на ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 713 чалавек, з іх амаль 700 – працаздольнага ўзросту.
На некаторых прадпрыемствах не адпавядаюць стандартам умовы працы, не гарантавана работнікам поўная бяспека, даводзіцца канстатаваць высокую гібель людзей на дарогах, пажарах, вадзе. Трэба ўрэшце і медыкам Шуміліншчыны пераходзіць ад колькасных паказчыкаў да якасных, каб не было так многа падстаў гаварыць менавіта пра недастатковую якасць медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.
У сваім выступленні галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў спыніўся больш прадметна на многіх агучаных І. М. Новікавай пытаннях. Прывёў, між іншым, і шмат цікавых, лепш сказаць, шакіруючых лічбаў. Так, за 10 месяцаў гэтага года было зарэгістравана 475 выклікаў хуткай дапамогі да асоб у стане алкагольнага ап’янення. Кошт аднаго выкліку – каля 350 тысяч. У колькі гэта абышлося бюджэту? А грошы можна было пусціць на больш неабходныя і прыстойныя мэты.
У цэлым жа, падвёў вынікі Канстанцін Фёдаравіч, нягледзячы на многія недапрацоўкі і пралікі, сітуацыя ў раёне па дэмаграфіі кіруемая. Задачы па зніжэнні смяротнасці асоб працаздольнага ўзросту вызначаны, яны кантралююцца і выконваюцца.
Дакладныя прапановы па паляпшэнні сітуацыі і зняцці напружанасці ў раёне былі ўнесены кожнай службай – аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, ЦРБ, ДАІ  РАУС, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях і інш.
Дапрацаваны праект пастановы пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў па азначанай тэме прыняты.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *