На першым плане – школа і жніво

Актуалии Власть

На  першым  плане – школа  і  жніво


Учора прайшоў адзіны дзень інфармавання па тэме “Нацыянальная сістэма адукацыі: актуальныя праблемы і шляхі іх рашэння”. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама наведалі працоўныя калектывы, дзе абмеркавалі не толькі праблемы адукацыі, але і іншыя актуальныя пытанні.
Група на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Снаравым сустрэлася з калектывам Шумілінскага ПМС.

Аляксандр Іванавіч адзначыў, што ў раёне ідзе аптымізацыя сістэмы адукацыі. Гэта вымушаны крок, бо кошт утрымання аднаго вучня ці выхаванца садка ў раёне самы высокі ў рэспубліцы, адзначыў кіраўнік раёна і прывёў прыклады, калі чацвярых-пецярых дзетак ва ўстановах адукацыі абслугоўвае 9-10 педагогаў і іншых работнікаў. Галоўнае, каб сады і школы забяспечвалі якасную і даступную адукацыю.
З іншых пытанняў кіраўнік раёна адзначыў як самае “гарачае” жніво. Каб гаспадаркі мелі грошы, трэба ўбраць увесь вырашчаны ўраджай, які сёлета значна больш важкі, чым у мінулыя два гады. Сёлетнія ўмовы надвор’я замарудзілі выспяванне зерня, таму ўборачная адстае на Віцебшчыне на два тыдні. У рэспубліцы намалочана ўжо больш за 6 мільёнаў тон. Калі астатнія вобласці завяршаюць жніво, то на Віцебшчыне ўбралі толькі палову зерневых, заўважыў Аляксандр Снараў. Трэба аператыўна і якасна правесці ўборку.
У калектыве адбылася адкрытая размова і па пытаннях работы меліяратараў. Кіраўнік раёна выказаў падзяку калектыву за тое, што арганізацыя дапамагае ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Заўважыў, што трэба поўнасцю асвойваць выдзеленыя грошы, калі трэба, працаваць і ў выхадныя, і ў дзве змены.
Аб рабоце аддзела па надзвычайных сітуацыях па прафілактыцы пажараў расказаў начальнік аддзела Андрэй Сасновіч. Андрэй Іванавіч расказаў, што з пачатку года ў раёне адбылося 13 пажараў, засяродзіў увагу прысутных на строгім захаванні правілаў пажарнай бяспекі.
Група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай сустрэлася з калектывамі пошты, вузла электрасувязі і прадстаўніцтва Белдзяржстраху.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №64 ад 18.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *