Николай Рубцов посвятил себя юриспруденции

Людзі і лёсы

“Перамагае той, у каго больш дыпламатыі”
Мікалая Фёдаравіча Рубцова ведаю не першы год. Яшчэ з таго часу, калі ён з сям’ёй прыехаў у раён. Гэта было ў 80-ыя гады,  калі Мікалаю Фёдаравічу, перш чым ён атрымаў жыллё, давялося туліцца па гасцініцах, па выпадковых прытулках. Кватэру абяцалі, “вырваўшы” з вобласці, але кватэра павінна была здавацца вось-вось. Гэтае “вось-вось”, між тым,  зацягнулася…
Багаты, калі так можна сказаць, паслужны спіс у М. Ф. Рубцова. Бацькі яго пераехалі з Расіі, але Гарадок усё ж стаў для яго горадам яго дзяцінства. Тут ён закончыў школу,  сюды вярнуўся пасля вайсковай службы – спачатку сакратаром камітэта камсамола СПТВ, пасля забралі ў райкам камсамола.
Так што з камсамола Мікалай Рубцоў па сутнасці і пачынаў сваю працу. Камсамол яму, як ён сам прызнаўся, многа даў для сталасці думкі, для актыўнай жыццёвай пазіцыі. І калі прапанавалі накіраванне на вучобу ў Кіеў на вышэйшыя курсы для падрыхтоўкі палітсаставу, Мікалай з ахвотай згадзіўся. Была перспектыва. Неўзабаве ён прызначаны намеснікам начальніка міліцыі ў Шуміліне. Вось гэты 1985-ы год і лічыць М. Ф. Рубцоў пачаткам сваёй кар’еры юрыста.
Служыў у РАУС сумленна і прыстойна, закончыў акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, і калі ў 1997 годзе звольніўся па выслузе гадоў,  дома сядзець не захацеў. Вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі юрысконсульта. У той час якраз адкрываліся на прадпрыемствах такія штатныя адзінкі.
Пачынаў з сырзавода. Нялёгка даліся першыя тры гады, якія, па словах Мікалая Фёдаравіча, ішлі на ўніклівасць у рабоце, на тое, каб уведаць усе нюансы і сакрэты новай па сутнасці прафесіі. Тут трэба было добра ведаць і гаспадарчае, грамадзянскае права, і жыллёвае, і па працоўных адносінах. Усё важна, і вопыт прыходзіў з гадамі. Калі перайшоў на працу ў ПМС, было лягчэй, хаця ў кожнай галіне вытворчасці  свая спецыфіка. І зараз, калі М. Ф. Рубцоў забяспечвае прававую абарону калектыву Шумілінскага лясгасу, ён ужо лічыцца масцітым юрысконсультам. У яго “за плячыма” 7 іскаў у эканамічны суд на 490 мільёнаў.   Гэта толькі з пачатку бягучага года. Пераважна – затрымкі з выплатай за пастаўленую прадукцыю. Пры мне, у час гаворкі з М. Ф. Рубцовым, яго двойчы выклікалі да дырэктара. Значыць, патрэбная адзінка ў штаце, важная адзінка.
– Эканамічныя суды – гэта азарт, – прызнаецца М. Ф. Рубцоў. – Гэта, калі хочаце, спектакль. І перамагае той, у каго больш дыпламатыі, у каго лагічнае мысленне. Бывае, зачэпішся за нейкую драбязу, за памылку саперніка і выйграеш справу. Прыемна, згадзіцеся? Прыемна адчуваць сябе патрэбным…
І вось дзеля гэтага працуе Мікалай Фёдаравіч Рубцоў, ніколькі не шкадуе, што прысвяціў юрыспрудэнцыі шмат гадоў свайго жыцця.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *