Дрова. Спрос спал: виновата мягкая зима

Актуалии Общество Экономика

Попыт спаў: вінавата мяккая зіма
На дварэ ўжо каляндарная зіма, а снегу няма. Маразы трохі па-ціснулі і адпусцілі. Што чакае нас у снежні-лютым, як кажуць, аднаму Богу вядома. Хаця той, хто нарыхтоўвае сабе паліва на зіму (а не карыстаецца паслугамі ЖКГ), заўважыў: у апошнія гады зіма стала больш мяккай, не такой працяглай па часе.
Ці знізіўся попыт на паліва, якая з ім тэндэнцыя ў раёне, наша гутарка з дырэктарам райпаліўзбыту У. М. Кійко.
– Попыт спаў, і істотна. Быў час, калі даводзілася пераконваць лю-дзей, каб бралі дровы ў пару, каб не абураліся зімой, што вялікія чэргі. Сёння на дровы ў чарзе ніводнага спажыўца. На торфабрыкет у чарзе 6 чалавек, але гэта такі мізар, пра які гаварыць не трэба. Зараз на складзе ў нас 150 тон брыкету, на пляцоўцы ляжыць 170 кубічных метраў дроў. У жніўні дроў было 500 кубоў, вось за гэтыя тры ці чатыры месяцы такая рэалізацыя. Кепская, скажам прама.
– А чаму ж такія запасы брыкету? Вы ж за яго заплацілі бюджэтныя грошы…
– Так запланавалі. Мы кожны год плануем свае аб’ёмы, сваю патрэбнасць. Але, як кажуць, не ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Вінавата ў многім мяккая зіма. Людзі спадзяюцца, што нораў яе яшчэ больш аслабне. Звонім, а нам кажуць: трохі ёсць, а вось і хопіць. А не будзе хапаць, падкупім.
– Раёнка часта дае аб’явы аб паслугах па нарыхтоўцы і прывозе дроў. Гэтыя прадпрымальнікі для вас – сур’ёзная канкурэнцыя?
– А як вы думаеце? Думаеце, нам заўсёды прывозяць добрыя дровы? Размаўляю з адным чалавекам. А ён – мне, маўляў, прывезлі адну бярозку – не дровы, а золата. А што ў вас? А ў нас… Нядаўна лесавоз з лясгасу даставіў на нашу пляцоўку макушкі дрэў, дык я адправіў машыну назад. А прыватнік возьме трохі больш, затое цуркі – адна пад адну.
– Колькі ж каштуе прычэп па-пілаваных дроў?
– Недзе 800 тысяч за 4,9 куба. Дадайце яшчэ транспартныя выдаткі.
– Уладзімір Мікалаевіч,  колькі ж дроў вывезлі спажыўцам з пачатку года?
– Прадалі 3 тысячы кубаметраў, накінем яшчэ 100. Летась за год было 3,3 тысячы. Скажу так: людзі эканомяць. У тым ліку і на памяркоўнай зіме. А што датычыцца арганізацый, дровы ў нас яны не бяруць. Закупляюць брыкет. Раней, праўда, бралі больш. Напрыклад, аддзел адукацыі для сваіх школ і садкоў прыдбаў у нас 100 тон паліва, хаця зусім нядаўна мы туды завозілі яго 200 тон. Тое ж і па аддзеле культуры, па аб’ектах медыцыны.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *