Продукция «Витконпродукт» — всегда успех у покупателей

Актуалии Экономика

Якасная прадукцыя – поспех у пакупніка
Прадукцыя з курынага мяса – смачная і карысная для здароўя. Але толькі пры ўмове, што яна свежая і якасная. Менавіта такую прадукцыю выпускае прыватнае прадпрыемства “Вітконпрадукт”, упэўнены  начальнік забойнага цэха прадпрыемства П. М. Шустроў. Пацвярджэнне таму –  стабільнасць на знешнім рынку. Да гонару нашага раёна, прадукцыя “Вітконпрадукту” ні разу не абмяжоўвалася да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю.
“Прычына поспеху: якасць і яшчэ раз якасць, – упэўнены Павел Мікалаевіч. – Дзякуючы ёй і высокай культуры вытворчасці гадамі захоўваем добрую рэпутацыю на ўнутраным і знешнім рынках”. Вядома, галоўнае для любой прадукцыі – гэта добрая сыравіна. Менавіта з такой можна зрабіць якасныя паўфабрыкаты і каўбасы. Пра гэта размаўляем з начальнікам цэха па гадоўлі птушак у Слабадзе А. У. Кашнікавым. У 18 птушніках тут знаходзяцца больш за пяцьсот тысяч куранят. За сорак дзён яны набіраюць патрэбную вагу і адпраўляюцца ў забойны цэх. Сакрэт такога хуткага росту ў селекцыі  – кураняты  бройлернай пароды ROSS-308 вельмі хутка растуць і набіраюць вагу. Вядома, пры гэтым патрэбны яшчэ і вельмі добры догляд. “Кормім куранят спецыяльным камбікормам, у які не ўваходзяць хімічныя дабаўкі, – кажа Алег Уладзіміравіч. – Дадаём вітамінныя прэміксы. Што тычыцца антыбіётыкаў, то ў нашай птушцы іх проста не можа быць, бо мы іх не выкарыстоўваем і ніколі не закупляем. Немалаважную ролю адыгрывае і спецыяльны мікраклімат у птушніках (свой для адпаведнага ўзросту) – тэмпература, вільготнасць. А яшчэ мы можам ганарыцца калектывам аднадумцаў і прафесіяналаў, кожная птушніца – на сваім месцы”.
У забойным цэху вельмі скрупулёзна правяраецца якасць мяса. Тут распрацавана спецыяльная сістэма менеджмента якасці, якая штогод пацвярджаецца. Кураціну і паўфабрыкаты  правяраюць спецыялісты  лабараторыі Віцебскага цэнтра стандартызацыі і метралогіі, Шумілінскага РЦГЭ  два разы на год –  незалежнай лабараторыяй у Бранску. “Вітконпрадукт” дэклараваў  сваю прадукцыю на адпаведнасць тэхнічных рэгламентаў Мытнага Саюза, гэты дакумент, які стаў дзейнічаць з ліпеня 2014 года, – своеасаблівы пропуск на вываз за мяжу. “А яшчэ тры разы ў месяц нашу прадукцыю правяраюць на мікрабіялагічныя паказчыкі, – дадае  інжынер па якасці Алена Акуцыёнак. – Вядзецца рэгулярная праверка на паказчыкі бяспекі: антыбіётыкі, солі цяжкіх металаў і пестыцыды. Неадпаведнасці нормам ніколі не было. Таму і змаглі выстаяць у жорсткай канкурэнцыі. Адгрузка ў Расійскую Федэрацыю не спынялася ні на дзень. Кожны месяц мы адпраўляем туды паўтары-дзве тысячы тон прадукцыі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *