85 дипломов завоевали участники районных предметных олимпиад

Актуалии Образование

24 дыпломы першай ступені
Падведзены вынікі 2-га этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксана Талстая, сёлета нашы дзеці атрымалі за свае веды 34 дыпломы трэцяй ступені, 27 дыпломаў – другой і 24 дыпломы першай ступені.
Лепш за ўсіх паказалі сябе гімназісты – у іх 11 дыпломаў першай ступені, крыху менш у вучняў СШ №1 (8).
Што тычыцца вучэбных прадметаў, высокія веды прадэманстравалі вучні па біялогіі, матэматыцы, абслугоўваючай працы і інфарматыцы. На жаль, няма дыпломаў першай ступені па геаграфіі, недастатковы ўзровень падрыхтоўкі вучняў па хіміі, нямецкай мове, астраноміі.
Самы лепшы вынік па прадметнай алімпіядзе па абслугоўваючай працы ў адзінаццацікласніцы Ганны Ляснічай з СШ №1 (настаўніца Н. М. Спірыдонава). Дзяўчына справілася з заданнямі на 94,4% і абавязкова трапіць на абласны этап.
Парадавалі сёлета вучні Обальскай СШ, прадэманстраваўшы добрыя веды па інфарматыцы (настаўнік Н. М. Багданава). Лепшы вынік у дзевяцікласніка Дзмітрыя Радкевіча. Ён таксама прайшоў на 3-ці этап рэспубліканскай алімпіяды.
Добрыя вынікі па біялогіі ў вучня 9 класа Слабадской СШ Сяргея Пусянкова – 74,8% выканання задання (настаўнік У. У. Траццякоў).
Хочацца адзначыць дзяцей, якія змаглі на алімпіядах узяць некалькі дыпломаў,  падкрэсліла Аксана Генадзьеўна. Так, па тры дыпломы атрымалі за свае веды Вераніка Воранава, вучаніца 11 класа гімназіі (першыя месцы па рускай мове і фізіцы, другое месца па беларускай мове), Аляксандр Лявонаў, вучань 11 класа СШ №1 (першае месца па хіміі, трэція месцы па геаграфіі і біялогіі) і Алена Барадзіна, вучаніца 10 класа СШ №1 (другія месцы па біялогіі і рускай мове, трэцяе месца па англійскай мове). Яшчэ трынаццаць вучняў маюць па два дыпломы.
Трэба адзначыць і педагогаў, вучні якіх паказалі высокія веды на алімпіядах. Шэсць дыпломаў (з сямі ўдзельнікаў, заяўленых ад гімназіі) узялі вучні настаў-ніцы рускай мовы В. М. Бяляевай, па пяць – вучні настаўніцы матэматыкі П. А. Кавалёвай (усе ўдзельнікі педагога) і настаўніцы беларускай мовы А. У. Васілеўскай (з шасці ўдзельнікаў), чатыры дыпломы ў вучняў настаўніцы біялогіі М. К. Арловай. Усе яны з  раённай гімназіі.
Абласныя алімпіяды пройдуць у студзені. Па словах А. Г. Талстой, пытанне ўдзелу нашых вучняў у гэтым мерапрыемстве, дакладней, колькасці ўдзельнікаў, пакуль застаецца адкрытым.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №98 ад 19.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *