Вучыць, выхоўвае, корміць

Образование

Конь, трусы, парсюкі, агароды, сад, трактар – пералік можна прадаўжаць яшчэ доўга, калі гаварыць аб падсобнай гаспадарцы Обальскай сярэдняй школы. Што прымушае трымаць такую гаспадарку? – пытанне да дырэктара школы Аляксандра Мікалаевіча Штокіна.
“Пашырыць гаспадарку прымусіла жыццё. Калі мы вырашылі ўзяць за аснову развіцця школы канцэпцыю адаптыўнай школы – школы для ўсіх, трэба было знайсці магчымасць для рэалізацыі здольнасцяў кожнага”, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч.
Акрамя таго, школьная гаспадарка – гэта і дадатковыя грошы. Можна звязаць тэарэтычныя веды па  вучэбных прадметах з практычнымі навыкамі. Наша школа заўжды выступала за вытворчую практыку. Ад практычнай пасільнай працы, педагагічна арганізаванай, – толькі карысць. Яна дапамагае дзецям самасцвярджацца, дасягаць самапавагі, лічыць кіраўнік школы. Вучні 5-9 класаў прымяняюць веды, набытыя на ўроках, на ўчастку, старэйшыя вывучаюць трактар, атрымліваюць прафесію, вы-працоўваюць рабочыя навыкі.
Агульнай суполкай пашырылі цяпліцы, уся тэхніка ў гаражах, участак агароджаны. Залажылі вітамінны сад–ягаднік, пасадзілі 200 яблынь, ствараюць аддзел лекавых раслін – ёсць гарбата для школьнага фітабара. Школа поўнасцю забяспечвае сябе гароднінай і садавіной, а лішкі ідуць на продаж, папаўняюць школьны рахунак.
Але галоўная фінансавая крыніца — гадоўля свіней.  Даведаліся пра в’етнамскіх свінак – набылі пару, развялі, цяпер прадаюць і заморскіх парсюкоў. За год рэалізуюць да 50 галоў – а гэта і навагоднія падарункі, і турзлёт, і новае абсталяванне…
Нельга не сказаць пра су-працоўніцтва школы з суседнімі гаспадаркамі: “Ульскі” штогод дапамагае збожжам, “Лаўжанскі” падарыў кабылу Машку. Цяпер на ёй і школьныя работы выконваюцца, і мясцоваму насельніцтву дапамагаюць – зноў жа школе дадатковы прыбытак.
З’явіліся дзве казы – Расінка і Рабінка. Пры школе дзіцячы прытулак – казінае малако для дзяцей прыйшлося дарэчы. Разводзяць трусоў пародзістых – узялі ў племянной гаспадарцы. “Бачылі б вы дзіцячыя вочы, калі яны песцяць трусянят, ці кормяць коз – і пытанне “Ці патрэбна гэта ўсё?” у вас не ўзнікала б, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. – Праз адносіны да жывых істот, клопат аб іх выхоўваюцца чалавечыя якасці, фарміруюцца ўзаемаадносіны паміж дзецьмі, адказнасць за слабейшага».
Сяргей ПАЎЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *