В шумилинский детский дом семейного типа пришёл Дед Мороз

Актуалии Образование Общество

Чакалі. Хваляваліся. Чыталі вершы
Рашыў апярэдзіць прыход Дзеда Мароза са Снягуркай  у дзіцячы дом сямейнага тыпу, што ў Шуміліне. Прыйшоў раней, і мы з гаспадаром, Русланам Церахавым, пагаварылі пра жыццё-быццё. Яны з Наталляй не гублялі і не збіраюцца губляць аптымізму. Яна вясёлая, усмешлівая, быццам няма ні гатавання кожны дзень для дзесяці душ, не лічачы сябе з мужам, быццам не трэба ўсіх абмыць, прыбраць у хаце. Руслан сур’ёзны, разважлівы, трымае ў сям’і дысцыпліну.
Размаўляем. Пакуль ідзе няспешная гутарка, малыя гарэзуюць. Бацьку даводзіцца час ад часу тузаць (вядома. словамі) свавольнікаў. Яны чакаюць “высокіх” гасцей. Прыбраліся: хто ў воўка, хто ў сабаку ці лісу, адзін хлопчык усё хваліўся сваім касцюмам павука.
Нарэшце – званок. На парозе Снягурка. Высокая, прыгожая,  доўгімі косамі, якія спадаюць з плячэй. З ёй баяніст, з вясёлымі пералівамі. А дзе ж сам дзядуля?..
Дзядулева чарга яшчэ не прыйшла. Трэба спачатку Снягурцы пазнаёміцца з дзятвой, распытаць кожнага, ці чакалі Новы Год, задаць ім загадкі, зразумець: ці кемлівы народ – дзеці. Аказваецца, кемлівы, аказваецца, усе яны чакалі і падрыхтавалі для Дзеда Мароза свае падарункі – вершы.
Усе гукаюць чаканага госця. Той з першага разу не чуе дзіцячыя воклічы, відаць, стары і дрэнна чуе, і толькі калі дзеці больш настойліва паклікалі – зайшоў. Высокі, статны, з белай барадой. Малыя ад здзіўлення і радасці стаялі, як зачараваныя. Яны і слухалі Дзеда Мароза, разявіўшы рот…
Пасля дзеці расказвалі на памяць вершы, а Снягурка даставала з меха падарункі і ўручала ім па чарзе, пачынаючы з самага маленькага, Дабрыні.
Вадзілі карагоды, спявалі, радаваліся, што ў руках важкі пакунак з цукеркамі, што клапоцяцца пра іх у гэтым доме, адносяцца цёпла, па-бацькоўску. У гэтыя хвіліны ніхто з сямі гадаванцаў (усяго іх дзесяцера, з іх трое – уласныя дзеці Руслана і Наталлі), напэўна, і не ўспомніў пра благое, пра тое, што родныя бацькі неяк аддаліліся. Хто ведае, можа, неўзабаве і вернецца хто-небудзь у сваю біялагічную сям’ю. А пакуль старэйшая ў сям’і, Света, вучыцца ў дзявятым, рыхтуецца пайсці ў 2015-м, як кажуць, у самастойнае плаванне.
А ладзілі сустрэчу аддзел ідэалагічнай работы, культуры і  па справах моладзі райвыканкама і раённае аддзяленне Беларускага саюза жанчын.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №100 ад 31.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *