В Шумилинской районной гимназии жить и учиться интересно

Адукацыя Актуалии Экалогія

Жыць цікава і весела

Сёння раённую гімназію для сябе выбралі 118 вучняў з усяго раёна. Іх прывабліваюць не толькі грунтоўныя веды, якія могуць даць педагогі, але і цікавае пазашкольнае жыццё.

Пасля ўрокаў – за швейную машыну і малаток
Жыццё набывае новыя адценні, калі мы вучымся нечаму новаму. А калі гэта ўменне пачынае прыносіць даход, яно радуе ўдвайне. Гэта адчулі на сабе вучні раённай гімназіі, калі пажадалі паўдзельнічаць у праграме другаснай занятасці школьнікаў. І калі звычайна такая магчымасць з’яўляецца ў падлеткаў толькі на канікулах, то ў гэты раз яны пачалі працаваць яшчэ ў пачатку красавіка.
Ірына Кулікава, настаўніца гімназіі і каардынатар гэтага праекта, заўважыла, што першапачаткова планавалася “ўцягнуць” у працу толькі 12 дзяцей, але тых, хто настойліва прапаноўваў свае рукі, аказалася намнога больш. У выніку працоўныя месцы падзялілі паміж сабой 23 гімназісты. Найперш работа прапаноўвалася дзецям са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў.
Ірына Уладзіміраўна расказала, што работа вялася па трох накірунках. Найперш, гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі гімназіі, дзе за гэты час у ландшафтныя кампазіцыі было высаджана 35 дэкаратыўных дрэўцаў (туі, ядлоўцы, фарзіцыі, вербы, спірэі, дуброўкі і інш.).
Другі накірунак работы – пашыў вырабаў. За гэты час дзяўчынкі на чале з І. У. Кулікавай і В. М. Якубёнак пашылі восем камплектаў штор для гімназіі, 25 ільняных сумак, 160 ручнікоў. Тут варта заўважыць, што шыць ніхто не ўмеў, а таму спачатку прыйшлося асвойваць азы гэтага рамяства. Цяпер дзяўчынкі могуць пахваліцца і роўнымі строчкамі, і высокай прадукцыйнасцю працы. А самае галоўнае, што гэта ўменне застанецца з імі назаўжды, а яно, вядома, не перашкодзіла яшчэ ніводнай жанчыне. Ручнікамі, напрыклад, яны падзеляцца з прытулкам і ТЦСАН, а сумкі спатрэбяцца для прызоў пераможцам і ўдзельнікам разнастайных конкурсаў і акцый.
І нарэшце, трэці накірунак – рамонт мэблі. Тут у дапамогу куратару быў яшчэ і настаўнік працоўнага навучання Ігар Аляксееў. Дзеці не толькі прыводзілі ў парадак мэблю, але, напрыклад, зрабілі дэкаратыўныя кубы для афармлення інтэр’еру школы.
У распараджэнні гімназіі было 60 мільёнаў рублёў. І граматна распарадзіцца імі – гэта таксама вялікая частка работы. Трэба скласці каштарыс, мець на ўвазе, што амаль палова грошай павінна пайсці на зарплату дзецям. Потым трэба “прачасаць” рынак у пошуку самых танных і якасных расходных матэрыялаў, закупіць усё неабходнае і толькі потым ужо прыступаць непасрэдна да работы. Апроч неабходных матэрыялаў былі закуплены таксама некаторыя інструменты – пілы, малаткі, рыдлёўкі, граблі, адвёрткі, тачка і іншае.
Сваёй работай і гімназісты, і настаўнікі засталіся задаволеныя.

З думкамі пра зямлю
Размясціўшыся на маляўнічым беразе возера, проста немагчыма не задумвацца пра неабходнасць берагчы ўсю гэту прыгажосць. У гімназіі вялікая ўвага надаецца экалагічнаму выхаванню. Дзеці ўдзельнічаюць у  шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных праектах, пастаянна ладзяць эксперыменты, назіранні, пішуць даследаванні. Гэта па-сапраўднаму іх захапляе, прыходзіць выразнае разуменне таго, што “здароўе” планеты залежыць ад самасвядомасці і экалагічнай выхаванасці кожнага без выключэння чалавека.
Тут праходзяць міжнародныя ўрокі “Захавальнікі вады”, ідзе цеснае супрацоўніцтва з “Аховай птушак Бацькаўшчыны”, лясгасам, “Цэнтрам экалагічных рашэнняў”, Казьянскім заказнікам. Гімназісты на чале з ідэйным натхняльнікам Ірынай Кулікавай стараюцца нічога не прапусціць.
Нядаўна на вуліцах Мінска з’явіліся зялёныя кантэйнеры для збору кніг, якія актыўна напаўняюцца: людзі такім чынам пазбаўляюцца ад непатрэбных ужо экзэмпляраў. А іншыя наадварот – могуць папоўніць свае бібліятэкі. Так і гімназічная бібліятэка пабагацела на 150 неабходных кніг.
Таксама ў гімназіі з’явіліся спецыяльныя кардонныя кантэйнеры, праз якія ўжо “прайшло” больш за дзве тоны макулатуры. Дарэчы, на адным з эксперыментаў дзеці самі спрабавалі рабіць з макулатуры паперу. І наогул, пералічыць усе іх акцыі складана: ёсць усё – ад элементарнай уборкі берага да збору батарэек у падтрымку вожыкаў.

У медыцынскім універсітэце
На прапанову педагога-псіхолага В. Р. Далецкай наведаць Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт адгукнуліся многія. Найперш нас уразіў сам  універсітэт, прыгожы фантан, незвычайная бібліятэка.
Сустракаў нас Аляксандр Пашкоў, дэкан аднаго з факультэтаў. Ён гаварыў пра гісторыю стварэння ўнівер-сітэта, пра паступленне, умовы навучання, адказаў на ўсе пытанні. Таксама мы пабывалі ў анатамічным музеі. У тых з нас, хто сабраўся паступаць у медыцынскі, была магчымасць яшчэ раз пераканацца ў сваім выбары.
Марына ПЯШКО, вучаніца 10 класа.

“Стань студэнтам на дзянёк”
Дзевяцікласніца Ангеліна Ісаева паўдзельнічала ў акцыі “Стань студэнтам на дзянёк”, якую праводзіла газета “Комсомольская правда”. Дзякуючы чаму, на пачатку мая яна разам з яшчэ некалькімі шчасліўчыкамі з усёй краіны пабывала на экскурсіі ў Міжнародным універсітэце “МИТСО”.
Дзяўчына засталася задаволена і сцвярджае, што такое знаёмства вельмі карыснае для тых, хто хоча вызначыцца з месцам будучай вучобы. Ва ўсялякім разе, яна, пабываўшы ва ўніверсітэце, сустрэўшыся з выкладчыкамі, пагутарыўшы са студэнтамі, трапіўшы на канцэрт, хацела б паступіць менавіта ў  “МИТСО”.

«Мінута славы»
Два тыдні гімназія жыла ў атмасферы творчага гарэння: выставы, танцы, песні, дэкламаванне вершаў – традыцыйны фестываль дзіцячай творчасці “Мінута славы” зноў аб’яднаў гімназістаў у адну вялікую таленавітую сям’ю.
У межах фестывалю ладзіліся конкурс чытальнікаў, танцавальны і вакальны конкурсы, выставы вырабаў і малюнкаў, прэзентацыі аб’яднанняў па інтарэсах, конкурс класных відэагазет, выбралі Містэра і Міс гімназіі, якімі сталі дзевяцікласнік Мікіта Лазоўскі і дзесяцікласніца Ірына Бякешчанка, і многае іншае. Журы падзялілася сваімі паўнамоцтвамі з дзецьмі, і паў-плываць на вынікі конкурсаў мог кожны гімназіст.

Крочце з намі
Любы гімназіст скажа, што жыццё ў гімназіі цікавае, што акрамя вучобы ёсць чым заняцца. Для тых, хто хоча стаць членам гэтай сям’і, заўважым, што ўступныя экзамены ў 5 клас будуць праводзіцца 2 чэрвеня (руская мова), 4 чэрвеня (матэматыка), 7 чэрвеня (беларуская мова).
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2016 г.



3 комментария по теме “В Шумилинской районной гимназии жить и учиться интересно

  1. Нічога не маем супраць Мікіты Казлоўскага, але ён нават не ўдзельнічаў у гэтым конкурсе. А Містэрам гімназіі выбралі ўсё ж Мікіту Лазоўскага. Гэту інфармацыю мы яшчэ раз удакладнілі ў намесніка дырэктара гімназіі В. М. Якубёнак.

  2. Ха-ха-) Кто-то просто перепутал) или перепутала))) главное, что два Никиты есть в гимназии)))

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *