Ответный визит шумилинских артистов в украинский Белгород-Днестровский

Актуалии Культура

Шумілінскія таленты ў Белгарад-Днястроўскім
Не золатам, не серабром праслаўлены чалавек – сваім талентам, майстэрствам праслаўлены чалавек.
Гэтыя словы персідскага філосафа міжволі ўспамінаюцца, калі глядзіш, як нашы шумілінскія творчыя калектывы сваім талентам славяць сваё імя і свой родны край і на радзіме, і за межамі яе. Дзе толькі не ведаюць нашыя “Гульбічы”, “Разынку”! То яны ў Польшчы, то ў Латвіі, то ў Літве. А зусім нядаўна вярнуліся з гастроляў ва Ўкраіну. Уражанняў, вядома ж, цераз край. Пра іх нам расказваюць начальнік аддзела культуры райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук і яго намеснік В. Г. Навіцкая:
“Нас запрасілі ў Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобласці на свята горада і Міжнародны фестываль беларускай і польскай культуры. Запрашэнне мы атрымалі яшчэ ў мінулым годзе ад мэра Белгарад-Днястроўскага, які падчас “Славянскага базару” ў рамках  Дзён культуры Украіны ў Беларусі разам з народным ансамблем украінскай песні “Вясёлка” прыязджаў да нас у Шуміліна. Пасадзейнічала і дыяспара беларусаў у Белгарадзе-Днястроўскім.
Народны фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага ГДК пад кіраўніцтвам Ларысы Цыркуновай выступіў з канцэртам ў сярэдневяковай крэпасці горада. Там жа размясцілася выстава вырабаў народных майстроў народнага клуба “Спадчына” Дома рамёстваў (кіраўнік Вольга Загвоздава), прэзентаваў свае стравы народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні «Разынка», якім кіруе Валянціна Навіцкая.
Дарэчы, дэгустацыя нацыянальных страў Шуміліншчыны прайшла на “ўра”. Назаўтра аж з Адэсы званілі арганізатарам свята, пыталі: “Чым там у вас беларусы так смачна частавалі?”.
Выставу сваіх вырабаў майстры Дома рамёстваў паказалі і ў Цэнтры культуры і вольнага часу Белгарад-Днястроўскага, дзе праходзіў Міжнародны фестываль маладзёжных харэаграфічных калектываў “Днястроўская хваля”.
Трэба дадаць, што Дом рамёстваў ужо атрымаў запрашэнне на наступны год, нашых майстроў чакаюць на выставачным павільёне “Марскі вакзал” у Адэсе.
Наогул, мы атрымалі самыя цудоўныя ўражанні ад паездкі ў Белгарад-Днястроўскі: ад цудоўнага краявіду бясконца новага — то спакойна-пяшчотнага, то грознага, штармавога — Чорнага мора, на беразе якога мы жылі, ад цікавых экскурсій па адметных мясцінах горада і на завод «Шабо», ад нацыянальнай бесарабскай вячэры, а галоўнае, ад сардэчнай гасціннасці ўкраінскіх сяброў і шчырага прызнання імі шумілінскіх талентаў”.
Падрыхтавала
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *