86 нарушителей земельного законодательства привлечены в 2016 году к административной ответственности в Шумилинском районе

Актуалии Экология Экономика

Дзе гаспадар арэ і скародзіць – там пустазелле не родзіць

У нашым раёне надаецца важнае значэнне навядзенню парадку на зямлі і рацыянальнаму выкарыстанню земляў. Так, за мінулы год спецыялістамі землеўпарадкавальнай службы  райвыканкама на тэрыторыі раёна праведзены 125 праверак па выкарыстанні і ахове земляў.  Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 86 парушальнікаў зямельнага заканадаўства.
На павышэнне эфектыўнасці землекарыстання нацэлены перш за ўсё сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. І ў гэтым накірунку робіцца многае. Ля  многіх фермаў, дзе калісьці расло пустазелле, мінулагодняй восенню мы ўбачылі кукурузныя палеткі. “І прыгожа, і для гаспадаркі карысна – кукурузу выкарыстаем на корм”, – расказаў дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў, калі сустрэлі яго ў верасні ля кукурузнага поля ля фермы Свярдлы. Ад фермы, агароджанай вакол, стваралася ўражанне, што тут прыклаў клапатлівую руку добры гаспадар.
Вядома, такі ідэальны парадак можна пабачыць не на ўсіх фермах раёна, Спецыялістамі землеўпарадкавальнай  службы райвыканкама кіраўнікам сельгасарганізацый былі выдадзены дзевяць прадпісанняў па навядзенні парадку на прыфермавых тэрыторыях. І яны на працягу лета былі ачышчаны  ад бруду і непатрэбнай расліннасці, расказала начальнік землеўпарадкавальнай службы  З. Ф. Алюліна. У прыватнасці, у мінулым годзе  ўзаралі прылягаючыя палеткі ля фермы Паратоўка “Шумілінскага райаграсэрвісу”, Мосарава і Слабада КУСГП “Сіроцінскі”, Заўсыска КУСГП “Мішневічы” і пасеялі кукурузу.
Па словах З. Ф. Алюлінай, летась сельскагаспадарчым арганізацыям было дадзена дадатковае заданне па прыцягненні ў абарот зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца грамадзянамі. Гэтыя палеткі ўзяліся апрацоўваць сельгаспрадпрыемствы. Так, на тэрыторыі Лаўжанскага сельсавета ўзаралі дзесяць гектараў ля вёсак Залужжа і Пабеда, чатыры гектары на Каўлякоўшчыне – у Крывым Сяле і Зямкове, амаль восем гектараў на Мікалаеўшчыне – у Ілаве і Кардоне. Поўнасцю ўзараны і засеяны незапатрабаваныя землі грамадзян у вёсках Хацілава, Мазекі, Полцева Светласельскага сельсавета, в. Сахоненкі Лаўжанскага сельсавета, в. Мазурына і Філіпенкі Сіроцінскага сельсавета.
Зямля ў нашым раёне не ў дэфіцыце. Яна прадстаўляецца ўсім жадаючым і для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, і для будаўніцтва, і для развіцця экалагічнага турызму, і для агародніцтва. Але ж на зямлі трэба шчыраваць. І гэта праца не аднаго дня, яна павінна быць сістэматычнай, адзначаюць аграномы. Толькі тады будзе плён. На жаль, некаторыя грамадзяне, якім былі прадстаўлены ўчасткі ў нашым раёне, не па-гаспадарску аднесліся да зямлі. Карацей кажучы, нічога на ёй не рабілі – не вырошчвалі і не будавалі. У такім разе спецыялісты землеўпарадкавальнай службы адбіраюць зямлю. Так, у мінулым годзе канфіскавалі 12,1 га з землекарыстання Віцебскай епархіі БПЦ і перадалі “Шумілінскаму райаграсэрвісу”, 11,9 га зямлі ад мясцовага фермера адышлі КУСГП “Сіроцінскі”, 117 гектараў, у тым ліку 88 га лугоў,  адабралі у СТАА “Егермейстар”,  землі былі перададзены былому карыстальніку – ААТ “АграБаравінка”. Думаецца, сёлета гаспадарка атрымае з гэтых палеткаў нядрэнны ўраджай зернебабовых, накосіць травы для закладкі сянажных траншэй.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *