Начальник Шумилинского РОВД Вадим Медведский о кражах и их профилактике

Закон Общество

Крадзяжы і іх прафілактыка
У мінулым годзе на тэрыторыі раёна былі зарэгістраваны 144 крадзяжы (у 2013 годзе – 129). Са 144 крадзяжоў раскрыта 83 (57,6%).
Папярэджанню і раскрыццю крадзяжоў міліцыянеры ўдзяляюць вялікую ўвагу. У прыватнасці, у 2011-2014 гадах на тэрыторыі вобласці быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, прадугледжаных акцыяй “Захаванасць маёмасці на дачы – агульная задача”.  Але міліцыянера ля кожнага дома не паставіш,  важнае значэнне маюць і адносіны саміх людзей да захаванасці сваёй маёмасці. У раёне вядомы выпадкі, калі  з незачыненых кватэр прападалі мабільнікі, дакументы, іншыя рэчы. Так, у канцы мінулага года пацярпела жыхарка райцэнтра: з яе кватэры ўкралі сумачку, у якой знаходзіліся 505 еўра і сто тысяч беларускіх рублёў.
У зімовы сезон узрастае колькасць крадзяжоў з дачных участкаў (21,3% ад колькасці зарэгістраваных крадзяжоў з жылля). Злодзеі падбіраюць ключы, выбіваюць дзверы, пранікаюць праз вокны і дахі, уваходзяць у давер да пацярпелых. У рукі злачынцаў трапляе не толькі інвентар, але і дарагія рэчы.
Асноўная бяда апошніх гадоў – крадзяжы металу.  У дачнікаў прападаюць вёдры, бочкі, водаправодныя трубы,  патэльні, чайнікі і нават лыжкі з відэльцамі. Умудраюцца нават здымаць метал з дахаў дачных дамоў.
Яшчэ раз хочацца нагадаць дачнікам некаторыя правілы бяспекі: зачыняйце ўваходныя дзверы нават тады, калі сыходзіце да суседзяў; не бярыце з сабой на дачу дарагія рэчы, заўсёды паведамляйце ў міліцыю пра падазроных асоб, якія з’яўляюцца ў вёсцы;  вывозьце з дачы каштоўныя рэчы на асенне-зімовы перыяд. Калі вы ўбачылі, што на дачы пабывалі няпрошаныя госці, не спяшайцеся ўбіраць сляды іх прысутнасці, дачакайцеся прыезду аператыўнай групы і нічога не чапайце ў доме. У адваротным выпадку  супрацоўнікам міліцыі будзе цяжка знайсці сляды, якія злачынца пакінуў на месцы здарэння.
Яшчэ адна праблема – крадзяжы аўтамабіляў і з аўтамабіляў.  Так, у мінулым годзе ў вобласці зарэгістравана 28 крадзяжоў  аўто і 114 угонаў. У нашым раёне – 2 угоны і адзін крадзеж.
Аўтааматарам хочацца нагадаць, што вельмі важна ўмацаваць вароты гаражоў і ўсталяваць надзейныя замкі. Тым, хто плануе пабудаваць гараж, хочацца параіць: у мэтах папярэджання падкопаў, зрабіце заглыблены фундамент. Папярэдзіць крадзяжы і ўгоны аўтамабіляў можна і з дапамогай спецыяльных супрацьугонных прылад. Не пакідайце аўто на неахоўваемых стаянках  і дваровых тэрыторыях. Уратаваць легкавушку ад злодзеяў дапаможа і ахоўная сігналізацыя. Напрыклад, прыбор, які пачынае дасылаць радыёсігналы на прыёмнік у кватэры пры спробе злодзеяў адчыніць вароты гаража.
В. МЯДЗВЕЦКІ, начальнік РАУС.
Надрукавана ў №1 ад 06.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *