Война возвращает имена

Актуалии

Вайна вяртае імёны
“Вайна не скончана, пакуль не пахаваны апошні загінуўшы салдат” – гэты выраз А. В. Суворава будзе гучаць яшчэ не аднойчы. Кожны год у шумілінскай зямлі знаходзяць астанкі воінаў, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Загінулі ў крывавай, смяротнай барацьбе з ворагам, загінулі, абараняючы ці вызваляючы наш раён, нашу Беларусь ад нямецка-фашысціх захопнікаў. Складана ўстанавіць імёны гэтых воінаў праз больш чым 70 гадоў. Але здараецца, што і праз дзесяцігоддзі вайна вяртае імёны, родныя, нарэшце, атрымліваюць апошнюю вестку аб месцы пахавання дарагога чалавека.
Сёлета вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь праводзілі раскопкі ў месцах баёў на тэрыторыі нашага раёна. У раёне вёскі Дворышча, дзе лінія фронту стаяла больш за паўгода, дзе вяліся жорсткія пазіцыйныя баі, знайшлі астанкі трох байцоў Чырвонай Арміі. Разам з імі былі знойдзены салдацкі медальён з запіскай і медаль “За адвагу” № 75995. Інфармацыя з архіваў па ўзнагародзе і змест запіскі з медальёна дазваляюць упэўнена ўстанавіць імя аднаго з загінуўшых байцоў.
Іваноў Аляксей Аляксандравіч, старшы сяржант, камандзір гарматы 793 артылерыйскага палка 257 стралковай дывізіі. Нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Яфрэмава Ухоцкага сельсавета Каргапольскага раёна Архангельскай вобласці. У армію прызываўся 9 ліпеня 1941 года Смольнінскім райваенкаматам горада Ленінграда.
29 лістапада 1943 года з ім была згублена сувязь, а 15 снежня 1943 года яго імя было ўключана ў спіс незваротных страт, як прапаўшага без вестак. У Ленінградзе заставалася жонка Аляксея – Марыя Сяргееўна. 71 год лёс А. А. Іванова заставаўся невядомы. І вось зараз пастаўлена апошняя кропка – загінуў у баі за вызваленне Шумілінскага (Сіроцінскага) раёна.
Медаль “За адвагу” – адна з самых ганаровых салдацкіх узнагарод, бо давалася за сапраўдны гераізм, за непасрэдны ўдзел у баях з ворагам. Аляксей Аляксандравіч Іваноў медалём “За адвагу” ўзнагароджаны загадам камандавання 3-й Ударнай арміі №577 ад 22 жніўня 1942 года. А. А. Іваноў удзельнічаў у баях за в. Ражкова Велікалуцкага раёна Калінінскай вобласці 5 (15) сакавіка 1942 года.
“За перыяд вядзення дзеянняў з германскім фашызмам тав. Іваноў паказаў мужнасць і адвагу.
З ліпеня 1942 года падавіў 2 кулямётныя кропкі, знішчыў 1 назіральны пункт, рассеяў і часткова знішчыў да ўзвода пяхоты праціўніка.
19 лютага 1942 года на чырвоныя казармы, размешчаныя на паўночным усходзе горада Вялікія Лукі, праціўнік пачаў контратаку, ягоны гарматны разлік знішчыў да ўзвода пяхоты праціўніка, падавіў 2 кулямётныя кропкі.
1 мая 1942 года пад г. Вялікія Лукі ягоны гарматны разлік знішчыў да аддзялення пяхоты праціўніка, рассеяў і часткова знішчыў абоз праціў-ніка з боепрыпасамі.
За выдатную стральбу па агнявых кропках і жывой сіле праціўніка, чым забяспечана бесперашкоднае прасоўванне нашай пяхоты, заслугоўвае ўрадавай узнагароды – медаля “За адвагу”, – гаворыцца ў прадстаўленні А. А. Іванова да ўзнагароды (захавана арфаграфія арыгінала – аўт.).
Яшчэ адно імя вярнулася з небыцця. Яшчэ адно імя з’явіцца на мемарыяльных плітах на брацкіх могілках у Дворышчы. Магчыма, далейшы пошук у архівах дазволіць устанавіць і імёны тых, хто загінуў разам з А. А. Івановым.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №1 ад 06.01.2015 г.



1 комментарий по теме “Война возвращает имена

  1. 257 СД была переименована в 91 Гвардейскую СД в апреле 1943 года и вела бои в составе 39-й армии юго-восточнее Витебска. В районе Дворище были посменно части 4-й УА и 43-й А. Так что поиск будет сложным. Стоило бы уделить внимание и рассказать о боях в районе Дворище-Чисти в конце 43-го начале 44-го подробнее, трагическая история, о которой было не принято вспоминать.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *