В Шумилино много внимания уделяется спорту

Актуалии Общество Спорт, туризм

Увага – спартыўным аб’ектам

Скажыце: вы даўно былі на гарадскім стадыёне? Трэба заўважыць, што ў апошні час ён значна папрыгажэў, набыў больш прэзентабельны выгляд. Даведзена да ладу хакейная пляцоўка, пастаянна падтрымліваецца парадак на футбольным полі.

Пляцоўка для пляжнага валейбола
Летам дайшлі рукі да добраўпарадкавання пляцоўкі для гульні ў пляжны валейбол. Рамонт рабіўся сваімі сіламі: рабочыя фізкультурна-аздараўленчага цэнтра зварылі і ўстанавілі ахоўную сеткавую агароджу, ОКЗ і ДРБУ-204 прывезлі пясок, УП ЖКГ змайстравалі лавачкі, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама спланавалі гульнявую пляцоўку. ДРБУ-204 набыло новую сетку. Пляцоўка, трэба заўважыць, карыстаецца попытам, увечары і ў выхадныя дні гульцоў тут хапае, прычым, як дарослых, так і моладзі.
Шмат работ зроблена па ачыстцы тэрыторыі за стадыёнам, бліжэй да трасы, якая доўгі час была закінутая і занядбаная. Зноў жа да справы падключыліся многія. Работнікі УП ЖКГ выкарчавалі старыя дрэвы, кустоўе, вывезлі смецце. Пасля са сваёй тэхнікай прыйшло на дапамогу  прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якое спланавала ўчастак. Працавалі на добраўпарадкаванні работнікі райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, ветстанцыі, лясгасу, іншых арганізацый. Тэрыторыю цяпер не пазнаць. А стадыён, які раней нельга было ўбачыць з трасы, цяпер амаль што як на далоні. Усё чыста і акуратна.
Як падкрэсліў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Андрэй Мазанкоў, усе гэтыя работы былі распачаты і праведзены дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы кіраўніка раёна Аляксандра Снарава, які ўдзяляе шмат увагі спорту і добраўпарадкаванню.

Касметычны рамонт ДЮСШ
У гэтыя жнівеньскія дні кіпіць работа ў дзіцячай юнацкай спартыўнай школе. Да першага верасня часу засталося не шмат, таму працуюць работнікі спартыўнай школы, не зважаючы на гадзіннікі, прыхопліваючы і нерабочы час. Тут завіхаюцца не толькі штатныя работнікі школы, ёсць і сябры-энтузіясты. Непасрэдную дапамогу ў рамонце спартыўнага аб’екта аказваюць нераўнадушныя бацькі выхаванцаў школы: Васіль Шкулаў, Сяргей Абраменка, Аляксандр Піульскі. Падтрымлівае маральна і матэрыяльна ўсе ідэі па ўдасканаленні спартыўнай базы Сяргей Аксёнаў.
Зараз ідзе афарбоўка сцен. На гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана тысяча рублёў. Па словах дырэктара ДЮСШ Алега Асташонка, вельмі сур’ёзна падышлі сёлета да падбору колераў: улічылі і пажаданні спартсменаў, і псіхалагічны аспект – сцены афарбоўваюцца ў спакойныя пастэльныя колеры. Тое, што атрымаецца, можна пабачыць, завітаўшы ў ДЮСШ.
Рамонтныя работы на гэтым не скончацца. На чарзе – рамонт калідораў спартшколы, душавых і раздзявалкі.

Спартзала  фізкультурна-аздараўленчага  цэнтра
Доўгі час памяшканне спартыўнай залы ФАЦа не бачыла годнага рамонту і грашовых укладанняў. Займацца спортам тут было, скажам прама, не камфортна – не вытрымліваўся тэмпературны рэжым, не хапала асвятлення, адсутнічалі памяшканні для пераапранання, не была падведзена вада. Таму, напэўна, і згубіла зала сваю папулярнасць сярод аматараў здаровага ладу жыцця.
Летам распачаліся рамонтныя работы і на гэтым спартыўным аб’екце. Найперш заменена сістэма ацяплення, устаноўлены новыя ацяпляльныя радыятары. Дэманціраваны вокны са шклаблокаў, праёмы закладзены напалову газасілікатнымі блокамі, камунгас вырабляе новыя аконныя пакеты. Практычна гатова памяшканне для заняткаў спортам. Па словах дырэктара ФАЦ Юрыя Мясаедава, зараз прыступаюць да афарбоўкі сцен і падлогі. Акрамя гэтага,  тут будуць абсталяваны раздзявалкі, падведзена вада, заменена асвятленне.
У выніку спартыўная зала запросіць да сябе аматараў валейбола, баскетбола, барацьбы, лёгкай атлетыкі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №66 ад 25.08.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *