Свой угол и казённый — существенная разница

Актуалии Общество

Істотная розніца: свой вугал і казённы
“Прыватызацыя”  – слова, якое трывала ўвайшло ў наш лексікон.  Працэс раздзяржаўлівання жылля, між тым,  пачаўся ў сярэдзіне 80-х гадоў.  Помню той час, калі выдаваліся на рукі чэкі ”Жыллё”, “Маёмасць”, і многія здавалі іх у банкі з тым, каб прыватызаваць сваё жыллё. Тады, помніцца, працэдура прайшла, як кажуць, без болю, адносна лёгка.
Гады два-тры назад той, хто вырашыў прыватызаваць (надаць статус прыватнага, уласнага) сваё жыллё,  сутыкнуўся з сумамі, якія многіх шакіравалі. Напрыклад, за двухпакаёвую кватэру аддаць  150-200 мільёнаў рублёў ці нават больш, няхай нават і ў растэрміноўку да 40 гадоў. Ці лёгка расстацца з такім капіталам? І ў 2013-м, калі працэс пачаў набіраць абароты, заканадаўчыя акты па прыватызацыі многія прымалі ледзь не ў штыкі.
Між тым людзі, усвядоміўшы, што лепш мець сваё жыллё, каб можна было ім распараджацца, чым жыць “пад крылом” дзяржавы, заявы паціху падавалі. Напрыклад, за 2014 год у нашым раёне было пададзена 232 заявы на прыватызацыю. Многа гэта ці мала?  Вядома, нямала. Як  паведаміў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емяльянаў,  сабрана ў раёне з пачатку прыватызацыі звыш 2,8 мільярда рублёў (сродкі акумулююцца на спецыяльным рахунку), іх хапіла, каб аплаціць будаўніцтва 4 сацыяльных кватэр для дзяцей-сірот, прывядзенне ў парадак інфраструктуры  індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў раёне СШ № 2.
В. А. Емяльянаў нагадаў нямала юрыдычных нюансаў па пытанні. Той, хто заяўляе аб прыватызацыі, павінен на працягу года пасля прынятага ў райвыканкаме рашэння выплаціць 10% ад поўнага кошту. Далей  платы робяцца праз банк роўнымі далямі.
Прыватызацыя спыніцца згодна з заканадаўствам 1 ліпеня 2016 года. Калі ж нехта не паспеў укласціся ў гэтыя часовыя рамкі, яго жыллё будзе пераведзена з дзяржаўнага ў камерцыйнае. А значыць, давядзецца плаціць, акрамя  камунальных паслуг, яшчэ за арэнду. Сёння арэндная плата складае з 1 кв. метра 6 тысяч рублёў. За двухпакаёвую кватэру, такім чынам, давядзецца аддаць больш чым 300 тысяч рублёў. З павелічэннем базавай велічыні будзе расці і арэндная плата.  Дарэчы, у выпадку нявыплаты арэнды за два і больш месяцаў суд можа прыняць рашэнне аб высяленні наймальніка з кватэры без прадстаўлення новага жылля.
Праўда, у камерцыйнае жыллё пераводзіцца не будзе тое, якое займаюць маламаёмасныя, сіроты,  пенсіянеры, інваліды, цяжкахворыя і інш. Для іх прадугледжаны перавод жылля ў сацыяльнае. У такім разе наймальнік не будзе ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем.
Працэс прыватызацыі не спыняецца. Сёння па Шуміліне амаль 75% жылля прыватызаванае,  40-50% жылля прыватызавана ў аграгарадках, асабліва актыўна гэтая работа ідзе ў аграгарадках Башні, Слабада, Светласельскі. Сама горш з гэтым у радавых вёсках, дзе, акрамя ўсяго, хапае яшчэ закінутага, нявыкарыстанага жылля, дзе прапісаны людзі, а не жывуць.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



2 комментария по теме “Свой угол и казённый — существенная разница

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *