Навсегда остались двадцатилетними…

Актуалии

Засталіся навек дваццацігадовыя…
Перада мной у рэдакцыйным кабінеце сядзіць У. І. Шкулаў. У яго ў руках унікальны сямейны дакумент: ліст з фронту, напісаны рукой дзядзькі – Шкулава Паўла Ануфрыевіча.
– Вось думаю, не ўсе ўнукі ды праўнукі жывуць віртуальным жыццём, ёсць, што цікавяцца гісторыяй свайго роду, лёсам сваіх родзічаў. Таму вырашыў звярнуцца ў райваенкамат, каб дапамаглі адшукаць магілку дзядзькі Паўла і дзядзькі Анатоля. Вялікі дзякуй ваенкому Алегу Генадзьевічу Чарняўскаму. Дапамог, аператыўна знайшоў усё, што датычылася маіх блізкіх сваякоў, якіх  лёс дваццацігадовымі закінуў на перадавую…
Ліст Паўла Шкулава – у арыгінале. Пажаўцелы ад часу  салдацкі чатырохкутнік, на згібах добра-такі патрапаны, але тэкст бачны выразна, нібы чытаеш пад лупай. Падаём яго ў той арфаграфіі, якой пісала рука салдата. “15/Х.44 года. Письмо. Прывет из фронта. Гвардии ваш радной Павел Ануфриевич.
Здравствуйте дарагие мае радители: мамаша, сестра Аня, сестра Маруся, а также родной племянник Колька, спешу сообщить, что я пока жив  и здоров, таго и вам желаю.  Жизинь моя проходит обычном порядком, тоесть пока по старому, живу хорошо, сыт, одет, обут. Что больше нужно, ну, хотя под страхом, но ничево не сделаеш, сейчас война.
Окончим войну, вернусь домой в живых, будем жить хорошо. Добьём немецко-фашистских извергов, будем жить хорошо. Изгоним его из своей территории, а потом добьём его в его собственной берлоге. За издевки над нашими братьями и сёстрами, отцами и матерями. Напишу один случай: который был , здесь проходили, где гитлеровцы, отступая, загнали 2000 мирных жителей в могилу, а потому я не пощаджу своей крови, ни самого житья для уничтоженья фашистских зверев.
Ну, пока всё. Затем досвидания. Жму всем вам крепко руки и целую вас.  Прощайте. Ваш родной Павел Шкулов.”
Чытаў гэтае кранальнае салдацкае пісьмо, прапахлае порахам баёў і тытунём, і адчуваў, што ад слоў гэтых зыходзіла вялікая любоў да роднай зямлі, словы дыхалі, апрача ўсяго,  і нянавісцю да чужынцаў. Мой позірк выхапіў з тэксту адно слова “Прощайте” (чаму ж не напісаў “До свидания”?) – фатальнае, нібы чалавек ведаў, што ніколі з роднымі ўжо не сустрэнецца…
А яно так і сталася. Ліст датаваны 15 кастрычніка, а 1 лістапада 1944 года Паўла Шкулава не стала. Ён загінуў. Было яму на той час 20 гадоў. А да гэтага быў  выдадзены загад № 152/н 196-аму гвардзейскаму палку  67-ай гвардзейскай стралковай Чырванасцяжнай Віцебскай  дывізіі Першага Прыбалтыйскага фронту ад 29 кастрычніка 1944 года, у якім адным з узнагароджаных медалём “За адвагу” значыцца стралок 1-га стралковага батальёна гвардыі чырвонаармеец Шкулаў Павел Ануфрыевіч. Вось вытрымка з загаду: “У баю ў раёне мястэчка Трылкяй 6.10.1944 года тав. Шкулаў змагаўся стойка і рашуча, агнём свайго аўтамата знішчыў 6 немцаў, праявіўшы пры гэтым мужнасць і адвагу.
Шкулаў П. А. 1924 года нараджэння, беспартыйны, беларус. Прызываўся – Сіроцінскім РВК,  Віцебскай вобласці…”
Такім чынам, ліст пісаўся франтавіком пасля таго памятнага бою на тэрыторыі Латвіі, за які ён атрымаў медаль “За адвагу”. Праўда, як сказаў ваенны камісар раёна падпалкоўнік А. Г. Чарняўскі, пра загад аб узнагароджанні салдат мог і не ведаць, не трымаў у руках, па ўсім відаць, і медаль. Калі б трымаў – абавязкова напісаў бы пра бой, пра медаль сваім родным.
У той жа вёсцы Стараселле Старыновіцкага сельсавета (быў такі да вайны, як і была на карце раёна вёска Стараселле – тулілася ў лесе паміж вёскамі Валатоўкі і Старыновічы) нарадзіўся і жыў другі дзядзька У. І. Шкулава – Анатоль Тарасавіч Шкулаў. Таксама 1924 года нараджэння, таксама прызываўся ў 1944 годзе, напрыканцы вайны, але гэты праз пяць месяцаў пасля прызыву прапаў без звестак. Нічога канкрэтнага пра лёс салдата-земляка даведацца ваенкамату не ўдалося.
А вось Павел Ануфрыевіч Шкулаў пахаваны ў г. Прыекуле ў Ліепайскім раёне Латвіі.
–У мяне ўзнікла патрэба ведаць усё пра вёску Стараселле, – дзеліцца думкамі Уладзімір Іванавіч. – Цікава было б ведаць пра лёс людзей вёскі, адкуль родам і мой бацька, адкуль усе сваякі па бацькавай лініі. Адно ведаю – вёска была  невялікая, і знікла яна з карты раёна ў 1939 годзе. Калі так, то, напэўна, перад самай вайной жылі Шкулавы, можа, у Старыновічах, куды маглі сцягваць хутары і дробныя вёсачкі…
Ёсць надзея ў У. І. Шкулава на тое, што аб’явіцца нехта з бацькавых землякоў,  раскажа пра вёску Стараселле. Праўда, вялікіх ілюзій у гэтым плане ў яго няма, таму ён рашае ўшчыльную заняцца архівамі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў № 9 ад 03.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *