Дети приносят в семью радость и счастье

Семья

Шчасце Канстанцінавых
У першых чыслах студзеня пра маленькага Кірыла Канстанцінава пісалі ўсе газеты – і абласныя, і рэспубліканскія. А праславілася немаўлятка тым, што паспела першым нара-дзіцца ў межах усёй Беларусі ў 2011 годзе. Мы  пачакалі, пакуль Кірыл з мамай Аленай Іванаўнай прыедуць з бальніцы ў роднае Шуміліна, і завіталі да іх у госці.
Маленькі Кірылка разам са шчаслівай мамай ужо дома. Алена Іванаўна Канстанцінава шчаслівая тройчы, бо мае яшчэ дзвюх старэйшых дачок. Валерыі 15 гадоў, Анастасіі – 13. Дзяўчаты з нецярпеннем чакалі з’яўлення на свет браціка. “Мы вельмі любім Кірылку, – гаворыць дзесяцікласніца Лера. – Дапамагаем маці купаць яго, а як пацяплее – будзем гуляць з брацікам на вуліцы”.
Дзіця ў сям’і – заўсёды радасць, лічыць гаспадар Міхаіл Кірылавіч, які працуе ў ААТ “АграБаравінка” механізатарам. Шчыра прызнаўся, што ўсё жыццё марыў пра сына. Думаў, што пасля Леры народзіцца сынок, але бог паслаў Настачку. А цяпер адчувае сябе самым шчаслівым чалавекам, мужам і бацькам. Сыночка назваў у гонар бацькі Кірыла Трафімавіча, які жыве ва Ужляціне.
Алена Іванаўна (мастацкі кіраўнік Язвінскага СДК) у пачатку сямейнага жыцця нават не марыла пра траіх дзяцей. Хаця, па ўсяму відаць, статус мнагадзетнай маці ёй даспадобы.
“А што нам трэба? Год таму атрымалі ў Язвіне новы дом, ёсць агарод, – гавораць Канстанцінавы. – Вясной думаем абзавесціся гаспадаркай, абавязкова купім карову. Калі ёсць працавітыя рукі, то ў вёсцы не прападзеш. Галоўнае для нас, каб дзеці выраслі шчырымі і добрымі людзьмі”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №3 ад 14.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *