Тэма тыдня: Аб пенсійных навацыях

Тема недели

Анлайн-канферэнцыя «Аб пенсійных навацыях» прайшла 18 лютага на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У ёй прыняў удзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Кавалькоў: стажавы парог для назначэння пенсіі ў бліжэйшы час павышацца не будзе

З 1 студзеня бягучага года стажавы парог для пенсіі павялічаны з 10 да 15 гадоў, а год таму (з 1 студзеня 2014 года) для назначэння працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў мінімальны страхавы стаж быў павялічаны з 5 да 10 гадоў. Такім чынам, фактычна ўсяго за год стажавы парог павысіўся з 5 да 15 гадоў. «Аднак нават павышаны са студзеня бягучага года да 15 гадоў мінімальны перыяд работы з выплатай узносаў — даволі мяккае патрабаванне для далейшага працяглага атрымання пенсіі, — лічыць намеснік міністра. — Параўнайце: патрабуемыя 15 гадоў работы амаль у 2,5 раза меншыя за перыяд працоўнай актыўнасці (ад 18 гадоў да 55-60 і больш гадоў). Пры гэтым перыяд атрымання пенсіі (больш за 20 гадоў) перавышае перыяд фарміравання права на пенсію. Таму ў перспектыве розніца паміж перыядам фарміравання права на пенсію (гэта значыць патрабуемым стажам) і перыядам атрымання пенсіі будзе паступова скарачацца. Пры гэтым, як чакаецца, ільготы сацыяльна слабаабароненым катэгорыям (шматдзетным маці, інвалідам з дзяцінства, іх бацькам) будуць захаваны».

Тлумачачы павышэнне планкі стажу для назначэння пенсіі, Валерый Кавалькоў адзначыў:

«Ва ўмовах старэння насельніцтва ўзрастае патрэбнасць у дадатковых сродках і больш рацыянальным іх выкарыстанні. Таму патрабаванні для атрымання права на дзяржаўную пенсію ўзмацняюцца».

«Дарэчы, 15-гадовы мінімальны страхавы стаж патрабуецца ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне. У Расіі ён паступова павялічваецца да 15 гадоў. У краінах Еўрасаюза патрабуемы стаж, як правіла, яшчэ вышэйшы».

Адказваючы на пытанне, ці не плануе ў Беларусі, па прыкладзе некаторых краін, сама дзяржава плаціць узносы на пенсійнае страхаванне за маці, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, Валерый Кавалькоў паведаміў, што ўвядзенне такой навацыі ў рэспубліцы не разглядаецца. «Пенсійная сістэма зацікаўлена ў выхадзе на рынак працы як мага большай колькасці работнікаў і іх працяглай занятасці. Гэта стала адной з прычын павышэння да 15 гадоў мінімальнага стажу работы (з выплатай абавязковых узносаў), патрабуемага для назначэння пенсіі, — сказаў ён. — Пры выплаце абавязковых узносаў за маці ў перыяды догляду дзіцяці да 3 гадоў страхавы стаж і права на пенсію фарміраваліся б без удзелу на рынку працы. Больш таго, гэта права фарміравалася б адначасова з атрыманнем дапамогі на дзяцей. Пры гэтым абедзве формы дзяржпадтрымкі фінансаваліся б за кошт адлічэнняў (падаткаў) занятых на рынку працы. У беларускім заканадаўстве рэалізаваны іншы механізм прадастаўлення маці дадатковых гарантый у пенсійным забеспячэнні. Перыяды знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці залічваюцца ў стаж. Аднак для набыцця права на працоўную пенсію трэба яшчэ і папрацаваць».

У Беларусі не разглядаецца пытанне аб павышэнні пенсійнага ўзросту ні для жанчын, ні для мужчын — Мінпрацы

«Ва ўмовах росту расходаў на пенсіі многія краіны павышаюць пенсійны ўзрост. Пры гэтым у адных краінах захоўваецца розніца ва ўзросце выхаду на пенсію ў жанчын і мужчын, у іншых — гэты ўзрост паступова ўраўноўваецца, — сказаў намеснік міністра.- У Беларусі пытанне аб павышэнні пенсійнага ўзросту — ні для жанчын, ні для мужчын — цяпер не разглядаецца».

Падыходы да замацавання канкрэтных узроставых межаў для выхаду на пенсію ў кожнай дзяржаве вызначаюцца зыходзячы з фінансавых магчымасцей і з улікам сацыяльна-дэмаграфічных умоў, існуючых традыцый, менталітэту насельніцтва.

Акрамя Беларусі, з часоў СССР пенсійны ўзрост не змяніўся толькі ў Расіі і Узбекістане. «Змяншэнне (абмежаванне) прытоку атрымальнікаў пенсій шляхам павышэння пенсійнага ўзросту — адна з мер па стрымліванні пенсійных расходаў. Асаблівую актуальнасць яна набыла ва ўмовах старэння насельніцтва. Менавіта таму ў многіх краінах, у тым ліку ў былых рэспубліках СССР, ужо рэалізаваны або рэалізуюцца рашэнні аб павышэнні ўзросту для звароту за пенсіяй (на 2-5 гадоў для мужчын і на 2-8 гадоў для жанчын)», — праінфармаваў намеснік міністра.

Дарэчы, у 2005 годзе на 100 занятых у эканоміцы Беларусі прыпадала 59 пенсіянераў, у 2010-м — 56, у бягучым годзе (паводле ацэнкі) — 60. У бліжэйшай перспектыве нагрузка на работнікаў будзе паступова павялічвацца, падкрэсліў удзельнік анлайн-канферэнцыі.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці плануецца вывучэнне грамадскай думкі аб павышэнні пенсійнага ўзросту, Валерый Кавалькоў адзначыў, што такое апытанне «міністэрствам не ініцыіравалася, не праводзілася і не плануецца».

Правілы выплаты пенсій працуючым пенсіянерам у бліжэйшы час пераглядацца не будуць — Мінпрацы

«Сёння прадаўжаюць працаваць больш як 642 тыс. пенсіянераў. Пры гэтым доля працуючых пенсіянераў вагаецца ў дыяпазоне 22-25 працэнтаў агульнай іх колькасці, што сведчыць аб запатрабаванасці працы пажылых работнікаў, — адзначыў Валерый Кавалькоў. — Дзеючыя правілы выплаты пенсій працуючым пенсіянерам у бліжэйшы час пераглядацца не будуць».

Паводле слоў удзельніка анлайн-канферэнцыі, змяненне ў памеры пенсіі ў сувязі з працаўладкаваннем распаўсюджваецца на пенсіянераў, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заработку (ІКЗ) ад 1,3 да 4,0: па дзеючых правілах, у перыяд работы пенсія налічваецца з улікам ІКЗ не большага за 1,3. Амаль у 60 працэнтаў працуючых пенсіянераў пры працаўладкаванні памер пенсіі не змяняецца, паколькі ІКЗ у іх меншы за 1,3. Не змяняецца таксама памер пенсіі ў перыяд работы і ў пенсіянераў, непасрэдна занятых у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Кавалькоў: увядзенне накапляльнага кампанента ў беларускай пенсійнай сістэме не прадугледжваецца

«Такая мера не плануецца ўжо хаця б таму, што шырока вядомы негатыўны вопыт такіх рэформ у іншых дзяржавах. Эканамічнае бязладдзе бягучай пяцігодкі яшчэ ярчэй паказалі неабароненасць накапляльных механізмаў, — лічыць Валерый Кавалькоў. — Вельмі паказальны ў гэтых адносінах вопыт Расіі, дзе праз дзесяцігоддзе рашэнне аб увядзенні абавязковага накаплення прызнана памылковым. Сёння там прымаюцца меры па вывядзенні накаплення ў добраахвотны фармат — у грамадзянска-прававое страхаванне».

Акрамя таго, дадаў намеснік міністра, на ўвядзенне накаплення патрэбны вялікія сродкі. «Калі мы ў накапленне накіруем нейкую частку ўзносаў, сабраных для выплаты сённяшніх пенсій, то трэба будзе знайсці, чым папоўніць патрэбнасці для іх фінансавання, — растлумачыў Валерый Кавалькоў. — Свабодных сродкаў для гэтага няма ні ў дзяржавы, ні ў работадаўцаў і работнікаў».

Ён падкрэсліў, што ў нашай краіне ўжо сёння ёсць магчымасць для накаплення сродкаў на будучую пенсію па дадатковых пенсійных праграмах, што прапануюцца страхавымі арганізацыямі.

Рэальны памер пенсій у Беларусі за чатыры гады ўзрос на 39,2 працэнта

У 2014 годзе рэальны памер пенсіі па ўзросце павялічыўся на 1,3 працэнта. «У 2015 годзе плануецца падтрыманне рэальнай пенсіі на ўзроўні мінулага года, — адзначыў намеснік міністра. — У бягучым годзе пенсіі будуць павышацца з улікам росту заработнай платы работнікаў і фінансавых магчымасцей фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».

На выплату працоўных пенсій у бягучым годзе запланаваны расходы ў памеры Br87,3 трлн (у прыватнасці, у лютым яны складуць больш як Br6,8 трлн).

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму пенсіі не індэксуюцца ў сувязі з інфляцыяй, а прывязаны да сярэдняй заработнай платы, Валерый Кавалькоў растлумачыў: «На фінансаванне пенсійных выплат накіроўваюцца страхавыя ўзносы — адлічэнні з фонду заработнай платы. Іншай крыніцы няма.

Таму падставай для індэксацыі працоўных пенсій з’яўляецца пэўны рост узроўню заработнай платы ў рэспубліцы.

Заўважым, што пры такім механізме індэксацыі пенсій забяспечваецца іх рэальны рост. Пры індэксацыі працоўных пенсій па росце спажывецкіх цэн рэальны памер пенсіі будзе толькі падтрымлівацца на існуючым узроўні, а расці не будзе».

Значнасць працяглага стажу для пенсіі павышаецца — Кавалькоў

З 1 студзеня бягучага года ўказам нумар 570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння» прадугледжана павышэнне пенсій асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, вылічаным пры працяглым стажы работы з невысокімі заработкамі. Паводле ацэнкі, з 1 студзеня гэтага года пенсіі павысіліся больш як у 670 тыс. чалавек. У сярэднім памеры пенсій у гэтай групы павялічыліся на Br40 тыс.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму нормы ўказа нумар 570 аб павышэнні пенсіі за працяглы стаж, уведзеныя з 1 студзеня 2015 года, закранулі толькі людзей з невысокім заработкам у мінулым, Валерый Кавалькоў растлумачыў: «Таму што пры стажы 40/45 гадоў (у жанчыны/мужчыны) памер пенсіі па ўзросце ў снежні 2014 года складаў усяго Br1 млн 768,9 тыс. Да таго ж нізкі заработак не заўсёды можа быць пастаўлены ў віну работніку: галіны з традыцыйна нізкай аплатай працы былі ў СССР і прысутнічаюць у эканоміцы Беларусі (сельская гаспадарка, адукацыя, ахова здароўя, сацыяльныя паслугі)».

З 1 студзеня 2016 года ўказам нумар 570 прадугледжваецца дадатковае павышэнне пенсій асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і маюць працяглы стаж. Гэта адбудзецца за кошт больш высокай вартасці кожнага поўнага года стажу работы звыш 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын. Так, вартасць 41-га і 36-га года стажу складзе 1,1 працэнта сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі, 42-га і 37-га — 1,2 працэнта, 43-га і 38-га — 1,3 працэнта, 44-га і 39-га — 1,4 працэнта, 45-га і 40-га — 1,5 працэнта сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі або мінімальнай вартасці года стажу, устаноўленай гэтым указам з 1 студзеня 2015 года.

Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года асобам са стажам работы 36 гадоў у мужчын і 31 год у жанчын пры вылічэнні працоўнай пенсіі будзе ўлічвацца індывідуальны каэфіцыент заработку да 5.

Кавалькоў: узроставыя планкі для пенсійнага бонусу за даўгалецце і яго памеры змяняцца не будуць

«У цяперашняй дэмаграфічнай сітуацыі, калі пенсійная нагрузка на эканамічна актыўнае насельніцтва расце, пашыраць кола атрымальнікаў даплат да пенсій пакуль не плануецца. Не плануецца і пераглядаць памеры даплат», — адзначыў намеснік міністра.

Дадатковую мэтавую даплату да пенсій у лютым бягучага года атрымаюць 298,5 тыс. непрацуючых атрымальнікаў пенсій, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, і больш як 311 тыс. — ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя. Расходы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на гэтыя выплаты ў цэлым у 2015 годзе, паводле ацэнкі, перавысяць Br2,4 трлн.

Памеры даплат павялічваюцца штоквартальна ў сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Так, з лютага гэтага года памер даплаты для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых складае Br357 тыс. 25 (100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, гэты нарматыў складае 25 працэнтаў БПМ), для людзей ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў — Br267 тыс. 769 (75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце).

У сувязі з павелічэннем БПМ у мінулым годзе пераразлік даплат да пенсій праводзіўся чатыры разы (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада).

Заканадаўства аб прафесійным пенсійным страхаванні змяняць не плануецца — Кавалькоў

Прафесійнае пенсійнае страхаванне ў Беларусі ўведзена з 1 студзеня 2009 года. Яго мэта — паступовае вызваленне агульнай пенсійнай сістэмы ад расходаў на датэрміновыя пенсіі.

Валерый Кавалькоў адзначыў, што 25 верасня 2013 года прыняты ўказ нумар 441 «Аб некаторых пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання і пенсійнага забеспячэння», якім прадастаўлена права работнікам, занятым у асаблівых умовах працы, замяніць фарміраванне датэрміновай пенсіі штомесячнай даплатай да заработнай платы. Унясенне іншых змяненняў на гэтым этапе не плануецца, падкрэсліў намеснік міністра.

Паводле яго слоў сума ўзносаў на прафесійнае пенсійнае страхаванне ў 2014 годзе склала Br1 трлн 19 млрд 100 млн. Сродкі паступілі ў поўным аб’ёме, падкрэсліў Валерый Кавалькоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *