В президиуме Шумилинского районного Совета депутатов: благоустройство и личные подсобные хозяйства

Актуалии Президент

Развіваць  падсобныя гаспадаркі  грамадзян
24 лютага, у аўторак, адбылося пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Папярэднічаў пасяджэнню прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў у рэжыме відэаканферэнцыі, на якім абмяркоўваліся сугучныя з запланаванымі на парадак дня пытанні і акрэсліваліся задачы на бягучы год. Таму старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава мерапрыемства пачала з таго, што расказала, на што звярнулі ўвагу дакладчыкі абласнога прэзідыума. “Увогуле, было падкрэслена, што праграма мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у асноўным выканана, – зазначыла Ірына Мікалаеўна. – Разам з тым заўважана, што не выкананы раёнам паказчыкі па раскарчоўванні садоў, па набыцці і ўстаноўцы кантэйнераў у сельскай мясцовасці і ў месцах адпачынку насельніцтва, на грамадзянскіх могілках. Недастатковай названа работа па прыцягненні насельніцтва да навядзення парадку на прыдамавых тэрыторыях. Патрабуе актывізацыі работа па выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 (знос лядашчых і пустуючых дамоў)”.
З дакладам “Аб выніках выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні за 2014 год і задачах на 2015 год” выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў.  Па словах Алега Пятровіча, з 45 запланаваных у раёне на 2014 год мерапрыемстваў не выканана 7 (пераважна сельгаспрадпрыемствамі). Распрацаваны раённы план мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў Шумілінскага раёна на 2015 год, які ўключае ў сабе 78 дадаткаў з канкрэтнымі задачамі.
Аб ходзе выканання Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на тэрыторыі Шумілінскага раёна паведаміў галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. В. Пруднікаў. Як ні сумна, але даводзіцца канстатаваць, што насельніцтва нашага раёна (думаецца, што не толькі нашага) стала трымаць менш жыўнасці. Лічбы самі за сябе гавораць. Калі, скажам, у 2000 годзе раённы прыватны статак налічваў амаль 3,5 тысячы кароў, то ў пачатку 2015 года іх засталося на асабістых падворках толькі 504 галавы.
Нягледзячы на прымаемыя меры, колькасць домаўладанняў грамадзян, якія вядуць асабістыя падсобныя гаспадаркі, скарачаецца, як і колькасць жывёлы на падворках сяльчан.
Адсюль вынікаюць і  пытанні па зніжэнні закупу ў насельніцтва малака пры тым, што план выкананы на 113%. Раён па гэтым паказчыку займае 8 месца ў вобласці. Сярод сельсаветаў самы высокі закуп малака ў насельніцтва з разліку на адну карову – у Дабейскім сельсавеце (3546 кг малака), сярэднераённы паказчык – 2683 кг.  За мінулы год закуплена ў насельніцтва 182 цяляці (56% ад задання).
Вельмі падкасіла свінагадоўлю сітуацыя з АЧС. Хаця абнадзейвае той факт, што па выніках апошніх аналізаў і праверак нарэшце зняты каранцін і  дазволена гаспадарам усіх населеных пунктаў раёна заводзіць свіней. Дарэчы, па апошніх падліках, іх зараз у нас пад 500 галоў. Актывізавалася работа на свінагадоўчым комплексе.
Асноўную работу ў 2015 годзе сельвыканкамам трэба скіраваць на заключэнне дагавораў кантрактацыі на закуп маладняку і малака. Людзі павінны ўсвядоміць і адчуць, што гэта мера выгадная ім і дае права на пэўныя льготы. Дзяржава падтрымлівае і заахвочвае гаспадароў, якія трымаюць і здаюць сельгаспрадукцыю, рознымі спосабамі. У прыватнасці, з 1 лютага павышаны памеры надбавак па закупу малака і мяса ў насельніцтва – яны складаюць зараз 370 рублёў за 1 кг малака і 3750 руб. за 1 кг жывой вагі.
Ідзе ўзгадненне ўсіх пытанняў па наладжванні закупу  маладняку праз спажывецкую кааперацыю. “Сёлета нельга дапусціць такой сітуацыі, якая склалася з разлікамі за здадзены маладняк у ААТ “Лаўжанскае”, калі людзі па паўгода чакалі разліку”, – падкрэсліла І. М. Новікава.
На пасяджэнні былі зацверджаны Мерапрыемствы па развіцці і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян Шумілінскага раёна на 2015 год.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 27.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *