Шумилино. 3 июля. Празднуем День Независимости Республики Беларусь

Актуалии

“Мой чароўны беларускі край, Бацькаўшчына светлая мая!”
З ліпеня Шуміліншчына разам з усёй краінай гучна адсвяткавала галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень кожны з нас яшчэ раз усвядоміў важнасць непарушнасці міру, святасць свабоды і памяці. Прасякнутае патрыятызмам, гонарам за сваю зямлю і людзей, напоўненае добрымі песнямі і ўражаннямі,  гэта свята дало нам сіл і натхнення на новыя здзяйсненні ў імя стабільнасці і працвітання нашай краіны. Мы будзем старацца стваральнай працай мацаваць дабрабыт нашых сем’яў, а значыць, і дабрабыт дзяржавы. У нас для гэтага ёсць самае галоўнае – незалежнасць, у нас для гэтага ёсць усё. І колькі б год ні прайшло, і якія б змены ні бударажылі свет, паняцці мір, свабода і незалежнасць для беларусаў заўжды будуць роўныя шчасцю.

“Пра Радзіму, пра Мужнасць, пра Славу”

У гэты святочны дзень мы заўсёды ўспамінаем подзвіг тых, хто загінуў на франтах і ў партызанскіх атрадах, абараняючы свабоду і незалежнасць нашай Радзімы Беларусі. Сотні прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра сабраліся  на мітынгу “Пра Радзіму, пра Мужнасць, пра Славу”, які прайшоў на брацкіх могілках ў цэнтральным парку Шуміліна.
Ветэранаў вайны, усіх прысутных віншаваў са святам старшыня райвыканкама У. П. Куранны. “Незалежнасць і Перамога – самыя важныя словы, – падкрэсліў Уладзімір Пятровіч. – Мы ўдзячны ўсім тым, хто заваяваў для нас мірны дзень, хто змагаўся за незалежнасць нашай Радзімы. У імя памяці пра загінуўшых мы абавязаны любіць, берагчы і абараняць Радзіму. Нас яднае жаданне зрабіць краіну яшчэ больш моцнай і прыгожай”.
Ваенны камісар Шумілінскага раёна А. Г. Чарняўскі адзначыў, што кожны беларус павінен годна працягваць слаўныя традыцыі мінулага. І перш за ўсё надзея на маладых: гэта ім вучыцца, працаваць, жыць, калі трэба, абараняць Радзіму, у будучым.
“Мы памятаем і разумеем, наколькі важна берагчы мір, – сказаў член Маладзёжнай палаты Віцебскай вобласці Прохар Навіцкі. – Пастараемся быць дастойнай зменай нашых дзядоў”. І з натоўпу адзін за адным да вечнага агню выходзяць хлопцы і дзяўчаты. Яны моўчкі схіляюцца да брацкіх могілак, выказваючы сваю ўдзячнасць змагарам, удзячнасць за мірную Радзіму.
Ля падножжа абеліска да вечнага агню кладуцца кветкі. Салдаты салютуюць у мірнае неба.

“Гарады-героі”
Сімвалічна, што ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі тэатралізаванае шэсце на Дзень Незалежнасці Беларусі было прысвечана “Гарадам-Героям”. Гарады, якія сталі сімвалам гераічнасці і стойкасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сваёй гісторыяй адлюстроўваюць асноўныя этапы народнага подзвігу. Званне “Горад-Герой” прысвойвалася гарадам, жыхары і абаронцы якіх праявілі масавы гераізм і мужнасць у гады вайны. 12 гарадоў і Брэсцкая крэпасць атрымалі гэтае ганаровае званне. На плошчы, як сімвал несакрушальнай заслоны перад націскам ворага, складзена сцяна з ваенных скрыняў з назвамі гарадоў-герояў. Гісторыя кожнага з гэтых гарадоў – трагічная і гераічная адначасова – ажыла падчас тэатралізацыі.
Брэсцкая крэпасць. Брэст жыве мірным жыццём: у тэатры акцёры рэпеціруюць спектакль “Рамэа і Джульета”, танцы, спатканні, радасць… І раптам усё гэта абрываецца. Вайна.
Нельга было без слёз глядзець на трагедыю акупаванага Кіева. “Бабін Яр” – тут фашысцкія акупанты расстралялі каля 150 тысяч чалавек, у асноўным яўрэяў і цыган. Але як вечная надзея жыцця гучыць праз жахі і гора жыццесцвярджальная мелодыя яўрэйскай народнай песні.
Разам з Кіевам у гераічнай абароне ад нямецка-фашысцкай армады паўсталі цвярдыні Смаленска і Тулы, якія замарудзілі і нарэшце спынілі ворага на подступах да Масквы.
Плячом да пляча сталі на абарону сталіцы Савецкага Саюза жанчыны з рыдлёўкамі, якія капалі абарончыя ўмацаванні, і маскоўскія апалчэнцы, якія стрымалі ворага.
125 грамаў хлеба на дзень – сімвал блакаднага Ленінграда. Маленькая лустачка хлеба, які рабілі са шротаў, адсеву, вотруб’я, лустачка, якая ратавала жыццё блакаднікаў. 900 дзён і начэй у варожым акружэнні не скарылі жыхароў горада. Нягледзячы на голад і пастаянныя бамбёжкі, фашысты так і не змаглі захапіць горад. Выратаваннем для горада стала “дарога жыцця”.
Сталінградская бітва стала буйнейшай у гісторыі чалавецтва, тут загінула з двух бакоў каля двух мільёнаў чалавек. Менавіта гэта бітва стала вырашальнай у Вялікай Айчыннай вайне.
Разам з пяхотай сталі на абарону Мурманска, Адэсы, Севастопаля, Керчы, Наварасійска маракі. Песня “Чырвоныя макі” гучала як сімвал памяці пра загінуўшых салдатах Вялікай Айчыннай.
І нарэшце, Мінск. 3 ліпеня 1944 года  сумеснымі дзеяннямі Чырвонай Арміі і партызанскіх злучэнняў сталіца нашай Радзімы была вызвалена ад нямецка-фашыскіх захопнікаў.
Апошняя дзея тэатралізацыі скіравана ў будучыню: дзіцячыя ўсмешкі, радасць, шчасце і мірнае стваральнае жыццё. Але на варце нашы абаронцы. І мы памятаем пра подзвіг нашых дзядоў.

“Святочны край” –
так называлася сёлета выстава-прэзентацыя сельсаветаў і іншых арганізацый раёна, на якой былі прадстаўлены ўсе прыродныя багацці нашага раёна, паказана разнастайнасць заняткаў вяскоўцаў і сапраўдная вясёлка талентаў жыхароў Шуміліншчыны.
Раённы Дом рамёстваў – пастаянны і актыўны ўдзельнік святочных мерапрыемстваў. Сёлета майстры гэтай установы культуры падрыхтавалі да свята ўнікальную экспазіцыю “Свята лялек”. Прадстаўленыя лялькі (сувенірныя, тэатральныя, лялькі-грэлкі, кампазіцыйныя, вязаныя, усяго каля 80 штук) з’яўляюцца аўтарскімі работамі. Гэта не простыя цацкі, а сапраўдныя творы мастацтва са сваім характарам, са сваёй індывідуальнасцю, і, упэўнены, са сваім жыццём. У Доме рамёстваў працуе лялечны тэатр-батлейка. Таму асобнай часткай экспазіцыі былі прадстаўлены лялькі-акцёры – ад простых “пальчыкавых” лялек да складаных марыянетак.
Традыцыйнымі ўдзельнікамі выставы з’яўляюцца раённыя арганізацыі ветэранаў і інвалідаў. Прадстаўнікі арганізацый паказалі шырокае кола сваіх талентаў. Вырабы ў самых розных тэхніках: бісерапляценне, вышыванкі, бацік, арыгамі, жывапіс… – усяго не пералічыць. Выставы ярка сцвярджалі, што няма няздольных людзей – ні хвароба, не сталы ўзрост не стануць перашкодай, калі ёсць жаданне актыўна і ярка жыць.
Гэта адзначыў і старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, які аглядаў выставу, падрыхтаваную раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, разам з раённай арганізацыяй ветэранаў. Ён адзначыў дасканаласць прадстаўленых работ, шчыра дзякаваў ветэранам  за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўдзел у выхаванні маладога пакалення. Дыпломы былі ўручаны дырэктару музея Святлане Івановай і кіраўніку ветэранскай арганізацыі Кацярыне Палоўнікавай. Кіраўніку раёна падарылі карту Шумілінскага раёна, якую вышыла А. Л. Казлоўская.
Па даўняй традыцыі ў сельсаветах на прадстаўленні задзейнічаны ўсе мясцовыя сілы: работнікі культуры, установы адукацыі, артысты мастацкай самадзейнасці.
На “Кірмаш бульбашоў” запрасілі ў Мікалаеўскім сельсавеце. СФГ “Раднік”, якая знаходзіцца ў гэтым савеце, штогод вырошчвае і прадае насенную бульбу гаспадаркам Беларусі і Расіі. Гасцей свята тут частавалі найсмачнейшымі народнымі стравамі, вядома ж, з бульбы.
Дабейскі сельсавет прапанаваў прэзентацыю, звязаную з ільном. Тут паказалі сялянскія прылады, якія дзе-нідзе яшчэ захаваліся на паддашках старых хат ці ў пунях старажылаў і якія выкарыстоўвалі для апрацоўкі лёну. Можна было пабачыць увесь працэс: ад вырошчвання гэтай працаёмкай культуры да вырабу тканіны і шыцця льнянога адзення, вышывання ручнікоў ці сурвэтак. А якія прысмакі прапанавалі з льняным семем: булкі, пірагі, казінакі. Такога нідзе больш не паспрабуеш.
У “Пчаліны рай” траплялі наведвальнікі выставы Лаўжанскага сельсавета. Пчоламі тут займаюцца вяскоўцы ды дачнікі ў многіх населеных пунктах, у ААТ “Лаўжанскае” таксама ёсць пасека. Ну а галоўным пачастункам быў, канешне ж, майскі мёд.
Обальская кераміка вядома далёка за межамі нашага раёна. І гэта не толькі цэгла. Керамічны посуд, мастацкія вырабы з гліны, зробленыя рукамі майстроў Обальшчыны, ахвотна купляюць замежныя госці “Славянскага базару ў Віцебску”. Вось і сёлета обальскія керамісты назапасілі сваёй прадукцыі для гэтага міжнароднага фэсту.
Сялянскую працу ў гарачую пару сенакосу паказалі вяскоўцы з Сіроцінскага сельсавета. Але і ў працы нашы продкі не забываліся спяваць. З песняй і работа спорыцца, і не такой цяжкай здаецца. А яшчэ кожны мог даведацца, ці далёка ён адышоў ад сваіх сялянскіх каранёў: у якасці жартоўнага экзамену трэба было вызначыць нумар прапанаванай касы.
Прыродныя багацці нашага раёна прадставілі Светласельскі, Каўлякоўскі і Мішневіцкі сельсаветы. У “Паляўнічы край” траплялі наведвальнікі пляцоўкі Мішневіцкага сельсавета. Тут дзейнічала выстава паляўнічых трафеяў, дзе больш за ўсё ўражвала мядзведжая шкура. Паляванне на Казьяншчыне прыцягвае аматараў вострых адчуванняў з усёй Еўропы не горш за афрыканскае сафары.
Лес – “зялёнае золата” нашай краіны. Лясную тэму працягвала экспазіцыя Каўлякоўскага сельсавета: чарніцы і суніцы, грыбы, стравы з іх можна было паспрабаваць на выставе.
Светласельскі Савет раскрыўся як “Рыбны край”. На тэрыторыі сельсавета шмат азёр і рэк, якія аблюбавалі рыбакі не толькі Шумілінскага раёна, сюды адпачыць і парыбачыць прыязджаюць з Віцебска і Мінска, Масквы і Санкт-Пецярбурга, нават з Мюнхена і Мілана.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава адзначыла актыўнасць і стараннасць арганізатараў і ўдзельнікаў выставы-прэзентацыі “Святочны край”, шчыра павіншавала ўсіх прадстаўнікоў сельсаветаў і ўсіх жыхароў саветаў з галоўным святам краіны – Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Члены раённай камісіі, якія праводзілі абход пляцовак, далучыліся да віншаванняў і без дыпломаў за актыўны ўдзел у выставе не пакінулі нікога.

“Песні юнацтва нашых бацькоў” –
канцэрт з такой назвай на эстраднай пляцоўцы ў парку прапанавалі шумілінцам і гасцям свята работнікі раённага цэнтра культуры. Удзел у канцэрце ўзялі артысты райцэнтра і амаль кожнай клубнай установы раёна. Гучалі са сцэны песні пра вайну, пра Радзіму, пра каханне, пра жыццё. І ў кожнай – патрыятычная нотка. Любы жадаючы мог акунуцца ў маладосць сваіх бацькоў і дзядоў і праспяваць з артыстамі любімыя кампазіцыі тых далёкіх часоў, шлягеры мінулага стагоддзя.
Увечары святочная праграма прадоўжылася канцэртам, у якім гучалі сучасныя песні. У 23.00 у шумілінскім парку, як і па ўсёй Беларусі, адбылося агульнае выкананне Дзяржаўнага гімна нашай краіны, а фінальную кропку свята паставіў шыкоўны феерверк.

Дзіцячы свет
На свяце было багата забаў для дзяцей: атракцыёны “Паветраны горад”, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. А работнікі цэнтра дзяцей і моладзі на летняй танцпляцоўцы ладзілі свята гульні і цацкі “Дзіцячы свет”. Тут была арганізавана выстава малюнкаў  і плакатаў “Мы за мір”, дзецям прапаноўвалі цікавыя рухомыя гульні.

200 літраў юшкі і вёдры квасу
Ніводнае  раённае свята не абыходзіцца ў нас без смачнай духмянай юшкі – дзякуй за гэты абавязковы атрыбут падобных мерапрыемстваў работнікам аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Вось і сёлета гарачая юшка – а прыгатавана было ажно 200 літраў – разышлася на “ўра”, нягледзячы на тое, што на двары стаяла спёка. А што калі смачна!
Вельмі дарэчы аказаўся для наведвальнікаў свята і квас на разліў, які прапанавалі работнікі райспажыўтаварыства. Пра тое, што прадукт гэты быў вельмі запатрабаваны, сведчыла пастаянная чарга. Хапіла ўсім. Смагу спаталілі.
Пастараліся гандлёвыя прадпрыемствы: марожанага і ахаладжальных напояў на свяце было дастаткова.

Спартыўны гарадок
Насычанай стала праграма спартыўных мерапрыемстваў.  Каля Шумілінскай СШ №1 – спаборніцтвы па стрытболе. Інтрыгі надаў і той факт, што разам з вучнямі удзельнічаў настаўнік фізкультуры СШ №1 Генадзь Садохін. Кідкі з рознай дыстанцыі ў кальцо, таварыская гульня  – пазітыўна і актыўна сустрэлі Дзень Незалежнасці баскетбалісты. Кожны жадаючы мог паказаць сябе ў фігурным ваджэнні веласіпеда, спаборніцтвы прайшлі на хакейнай пляцоўцы стадыёна.
Горача было на пляцоўцы для пляжнага валейболу. За званне мацнейшых змагаліся восем пар. Перамаглі Пётр Лазука і Арцём Масько – валейбалісты, якія ўваходзяць у склад нацыяльнай валейбольнай зборнай.

Рэпартаж са свята рыхтавалі Сяргей Ермалаеў, Алена КАРПУШЭНКА, Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №52 ад 07.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *