Старейшина деревни – призвание, признание и авторитет

Общество Сельское хозяйство

Добры старэйшына – памочнік, дарадца і вяскоўцаў, і мясцовай улады. Сярд такіх старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава назвала Валянціна Паўлавіча Яцука з Гаравых.
“Валянцін Паўлавіч – надзейнае звяно паміж вяскоўцамі і сельвыканкамам, – гаворыць Таццяна Анатольеўна. – Нераўнадушны да праблем вяскоўцаў, з энтузіязмам бярэцца за любую справу”. Напрыклад, добраахвотна дапамагаў устанаўліваць крышкі для калодзежаў (іх закупіў сельвыканкам). Глядзіць і за парадкам у вёсцы. “Люблю чысціню, – гаворыць Валянцін Паўлавіч. – І дарогі, і канавы павінны быць прыгожымі. Летам абкошваю кругом. Даглядаю і прыдарожную алею, што ў пачатку вёскі. Кожны год абсякаю сухое вецце”.
Любіць В. П. Яцук сваю родную вёску і тутэйшых людзей. Тут пражыў амаль усё жыццё, калі не лічыць тыя два гады, што працаваў у Данбасе шахцёрам. “Цягнула на радзіму”, – коратка тлумачыць сваё вяртанне ў вёску. Больш за 30 гадоў адпрацаваў на Дзвіне бакеншчыкам. Выйшаў на пенсію, але “і цяпер рукі просяць работы” – рупіцца ў Полькавічах на пілараме. Робіць для калгаса агароджу, дзверы, вокны. Не адмаўляе і на просьбы сельвыканкама, для Крывасельскага і Полькавіцкага дзіцячых садкоў змайстраваў лавачкі, драўляныя грыбы, пясочніцы.
“У Гаравых усяго паўтара дзесятка жылых дамоў, – гаворыць Валянцін Паўлавіч. – Люблю вечарам прайсціся па вёсцы, агледзець усё. І заўсёды знойдзецца да чаго прыкласці рукі: то дрэва аварыйнае, то лямпачкі на слупах не гараць”. Звяртаюцца вяскоўцы да свайго старэйшыны (а на гэтай пасадзе ён больш за 10 гадоў) і па розных асабістых праблемах: не працуе тэлефон, патрэбна даведка з сельвыканкама. Выручае Валянцін Паўлавіч і ў экстранных сітуацыях. Напрыклад, пасля навагодніх святаў яшчэ не паспелі прачысціць дарогу ў Альшанікі, а там захварэла жанчына, да рэйсавага аўтобуса не магла дайсці. Яна патэлефанавала старэйшыне, і Валянцін Паўлавіч запрог у сані ўласнага коніка – і ў Альшанікі…
Лары ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 18.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *