Адпаведнае рашэнне прынята 25 лютага на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. На пытанні парламентарыяў адказаў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
Дакумент складаецца з сямі глаў. Праграма ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці ўрада. У кожным раздзеле адзначаюцца канкрэтныя мэты, задачы, механізмы рэалізацыі і адказныя выканаўцы. Асобныя раздзелы адведзены асноўным напрамкам рэгіянальнай палітыкі, захаванню і ўмацаванню чалавечага патэнцыялу, а таксама забеспячэнню эканамічнай бяспекі краіны.
Галоўнай мэтай дзейнасці ўрада на гэты год вызначана забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ва ўмовах нарастання знешніх выклікаў і пагроз, якаснае завяршэнне бягучай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах і доўгатэрміновай перспектыве.
У ліку важнейшых мэт — правядзенне эфектыўнай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі, мадэрнізацыя сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, паслядоўнае паглыбленне інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, распрацоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады.
Урадам і Нацыянальным банкам падрыхтаваны сцэнарныя прагнозы развіцця эканомікі краіны на бягучы год у залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курса расійскага рубля, якія з’яўляюцца найбольш непрадказальнымі параметрамі, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваны меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі.
Эканамічная палітыка Беларусі можа быць змякчана ў II паўгоддзі — Кабякоў
«Наш варыянт сацыяльна-эканамічнага развіцця, які ўзяты за аснову і цяпер рэалізуецца, даволі жорсткі, — згадзіўся прэм’ер-міністр. — Калі сітуацыя будзе больш спрыяльнай, а для гэтага ёсць падставы, мы змякчым у другім паўгоддзі 2015 года эканамічную палітыку, аднавіўшы некаторыя бюджэтныя назначэнні», — адзначыў прэм’ер-міністр.
Кіраўнік урада растлумачыў, што абмежаванні ў бюджэтнай палітыцы павінны забяспечыць выкананне даўгавых абавязацельстваў краіны. У прыватнасці, валютныя плацяжы па дзярждоўгу ў 2015 годзе складуць $4 млрд. «Парушэнне абавязацельстваў па іх выплаце і абслугоўванні недапушчальна», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Для вырашэння гэтай задачы, паводле яго слоў, ёсць тры складнікі: нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, рэфінансаванне доўгу і скарачэнне ўласных расходаў. Урад вядзе работу па ўсіх трох напрамках, адзначыў прэм’ер.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў: «Зацверджаны на 2015 год прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэт — гэта галоўныя эканамічныя дакументы краіны. У момант іх падрыхтоўкі і прыняцця зацверджаныя лічбавыя параметры лічыліся самымі верагоднымі. Цяпер гэты варыянт можа быць менш верагодны, але нічым не лепшы і не горшы за іншыя распрацаваныя».
«Не трэба шарахацца ўслед за ваганнямі кан’юнктуры, зацверджаныя прагнозныя дакументы на бягучы год трэба лічыць мэтавымі задачамі. Каб не дапусціць памылак у эканамічнай палітыцы, распрацаваны альтэрнатыўныя сцэнарыі, якія названы ў праграме», — дадаў прэм’ер. «Акрамя таго, прынятая праграма — не план ручнога кіравання дома ўрада», — падкрэсліў ён. –
«Галоўнае — не справаздачы і лічбы, а вынік, якасць і эфектыўнасць», — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
«Вы бачыце, як сітуацыя мяняецца: мы разам з казахстанскімі і расійскімі партнёрамі вызначылі, што нафта — $50 за барэль, цяпер ён ужо на $60 трымаецца. Таму на працягу года па меры праяснення сітуацыі карэкціроўка будзе адбывацца. Але мы перш за ўсё стараемся знайсці новыя крыніцы даходнасці», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
У прыватнасці, ён нагадаў, што кіраўніком дзяржавы было прынята рашэнне аб устанаўленні экспартнай пошліны на калійныя ўгнаенні, вывозімыя з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза, у памеры 45 еўра за 1 тыс. кг. «Ведаю, што практычна прынята рашэнне па захаванні ў 2015 годзе выплаты ПДВ на ўвозімыя з-за межаў Мытнага саюза тавары. Нягледзячы на крытыку бізнесу, мы, тым не менш, прапанавалі гэта рашэнне, паколькі размова ідзе аб Br2 трлн у бюджэт», — канстатаваў прэм’ер-міністр.
У якасці базавага для Беларусі на 2015 год прапануецца сцэнарый з цаной нафты $50 за барэль
У якасці асноўных фактараў пры сцэнарных разліках прымаліся два складнікі — кошт нафты і курс расійскага рубля. Гэтыя фактары ўплываюць на даходнасць бюджэту, эфектыўнасць работы беларускага нафтахімічнага комплексу і попыт на айчынную прадукцыю на расійскім рынку.
З-за абвалу цэн на сусветным рынку на нафту запланаваныя даходы беларускага бюджэту падаюць. Расійская эканоміка таксама запавольвае актыўнасць і зніжае імпарт, у тым ліку на беларускую прадукцыю. У цэлым расійскія эксперты ацэньваюць зніжэнне імпарту ў Расію прыкладна 30 працэнтамі. «У сувязі з гэтым у якасці базавага для правядзення эканамічнай палітыкі цяпер намі прыняты сцэнарый (які прадугледжвае сярэднегадавую цану на нафту на сусветным рынку. — Заўвага БЕЛТА) $50 за барэль і курс расійскага рубля 62 за $1», — сказаў прэм’ер.
«Тут мы падышлі ўзгоднена з расійскімі калегамі, каб сінхранізаваць разлікі, аптымізаваць прамысловую палітыку і экспарт, — дадаў ён. — Аналагічны прагноз па цане нафты прыняў і Казахстан. Такім чынам, у Еўразійскім эканамічным саюзе мы ўсе гаворым на адной мове прагнозу».
Як паведамлялася, праграма дзейнасці ўрада на бягучы год прадугледжвае тры сцэнарыі развіцця беларускай эканомікі. Першы распрацаваны зыходзячы з сярэднегадавой цаны на нафту ў 2015 годзе $60 за барэль і курсе расійскага рубля 60 рублей за $1. Другі сцэнарый заснаваны на разліках базавага сцэнарыя РФ і прадугледжвае сярэднегадавую цану на нафту на сусветных фінансавых рынках $50 за барэль і сярэднегадавы курс рубля — 61,5 рубля за $1. Трэці сцэнарый прадугледжвае сярэднегадавую цану на нафту на сусветных фінансавых рынках $40 за барэль і сярэднегадавы курс рубля — 80 расійскіх рублёў за $1.
Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваны меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі.
Беларусь і Расія распрацавалі план па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва
«З урадам Расіі мы распрацавалі план па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжваецца зняцце абмежаванняў па доступе на рынкі дзвюх краін па шырокім спектры тавараў. Вызначаны механізм узаемадзеяння ў галіне адзінай прамысловай палітыкі і фінансавай сферы», — канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, у пачатку сакавіка гэтыя прапановы плануюцца да разгляду на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы.
Кабякоў: мадэрнізаваныя прадпрыемствы павінны працаваць максімальна эфектыўна
«Ва ўрадзе прынялі рашэнне, зыходзячы з нашых фінансавых магчымасцей: усё, што мае гатоўнасць больш як 80 працэнтаў, прафінансуем у 2015 годзе, дабудуем. У нас рэалізаваны даволі вялікія праграмы мадэрнізацыі ў цэлых галінах. Гэта і дрэваапрацоўка, і малочнатаварныя фермы, і ў будаўнічым комплексе шэраг прадпрыемстваў будуецца. Цяпер галоўная задача ў тым, каб тое, што мы з вамі стварылі, эфектыўна працавала, рэалізоўвалася на экспарт, каб генерыраваўся прыбытак», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, знешнія рынкі няпростыя, сітуацыя змянілася з таго часу, калі пачыналіся рэалізоўвацца некаторыя праекты па мадэрнізацыі. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што магчымасці для таго, каб мадэрнізацыя ўвянчалася поспехам, ёсць.
«Нельга заставацца ў нязменным стане. Мы прадугледжваем у далейшым пытанні дзяржаўнай падтрымкі перавесці на конкурсную аснову. Усе моманты, звязаныя з дзяржпадтрымкай, ільготным крэдытаваннем, пераносім у Банк развіцця. І там ужо будзе не па прынцыпе, каму трэба, а па прынцыпе, хто з лепшымі ўмовамі прыйдзе за гэтымі грашамі, той іх і атрымае. Грошы павінны ісці туды, дзе яны дадуць максімальную аддачу», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Крэдытавання вытворчасці на склад не будзе — Кабякоў
«Рэалізуецца новая парадыгма: крэдытавання вытворчасці на склад і прыросту дэбіторскай запазычанасці не будзе. Гэта прынцыповы падыход у макраэканамічнай палітыцы. Арыенцір не на павелічэнне, а на захаванне існуючых аб’ёмаў крэдытавання, на павышэнне эфектыўнасці вытворчага працэсу. Прасцей кажучы, на зніжэнне затрат і атрыманне аддачы ад разгрузкі складоў і вяртання валютнай выручкі, што завісла за мяжой», — канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, асаблівая ўвага ўрада і Нацыянальнага банка будзе ўдзелена зніжэнню інфляцыйных чаканняў і дэдаларызацыі эканомікі. «Па-першае, гэта аснова для зніжэння працэнтных ставак, па-другое, стымул для росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце, па-трэцяе, каталізатар інвестыцыйнай актыўнасці», — адзначыў прэм’ер-міністр. Ён падкрэсліў, што ўжо ўдалося стрымаць інфляцыйную хвалю. Рост спажывецкіх цэн на 17 лютага склаў 3,3 працэнта пры аслабленні беларускага рубля на 25 працэнтаў. «Гэта ніжэй за Расію і Украіну, за нашых асноўных суседзяў», — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Урад Беларусі прыняў пастанову аб парадку і ўмовах назначэння і выплаты сямейнага капіталу
«24 лютага ўрад у тэрмін, названы кіраўніком дзяржавы, прыняў пастанову нумар 128 аб зацвярджэнні палажэння аб парадку і ўмовах назначэння фінансавання і распараджэння сродкамі сямейнага капіталу», — сказаў прэм’ер-міністр.
Пастанова, у прыватнасці, прадугледжвае, што сем’і, у якіх у гэтым годзе нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця, могуць рэалізаваць сваё права на назначэнне сямейнага капіталу на працягу шасці месяцаў з даты нараджэння дзіцяці.
«Гэта значыць усе працэдуры, у тым ліку якія формы, дакументы для гэтага неабходна запаўняць, прадугледжаны пастановай», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, дакумент будзе афіцыйна апублікаваны сёння-заўтра.
У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўведзены дадатковыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі. Яны прадугледжаны ўказам «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей» і накіраваны на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей. Галоўныя навацыі ўказа — сямейны капітал і новы від дзіцячай дапамогі. Сямейны капітал — гэта безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры $10 тыс., якія прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку. Гэтыя грошы можна будзе выкарыстоўваць па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і.
Кабякоў: план будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай на 2015 год пакуль скарэкціраваны ў бок змяншэння
Адказваючы на пытанне дэпутата Юрыя Дарагакупца, Андрэй Кабякоў адзначыў: «Ёсць пастанова нумар 1055 урада, у якой запланаваны ўвод жылля ў 2015 годзе 2,5 млн кв.м з дзяржаўнай падтрымкай. Тым не менш з улікам магчымасцей, якія бягучы год нам прадастаўляе, урад вядзе работу па аптымізацыі гэтага плана фінансавання, таму прагноз будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай пакуль скарэкціраваны ў меншы бок — прыкладна на 30 працэнтаў».
Пры гэтым прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што з пункту гледжання сацыяльнай справядлівасці ўсе падыходы захоўваюцца.
«Размова ідзе аб тым, што жыллё для шматдзетных і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый нашых грамадзян не змяншаецца. І нават скажу, што па шматдзетных (сем’ях. — Заўвага БЕЛТА) ёсць даручэнне пабудаваць крыху больш, чым звычайна. Дарэчы, гэта датычыцца і жылля для ваеннаслужачых — там таксама ёсць адпаведны рост. Але агульны аб’ём жылля з дзяржпадтрымкай будзе меншым, чым гэта было першапачаткова прадугледжана».
«Але падкрэсліваю, такое рашэнне прынята пакуль. Калі эканоміка згенерыруе большы аб’ём рэсурсаў, будзем будаваць больш», — запэўніў ён.
Прэм’ер-міністр з упэўненасцю дадаў, што «ўсё, што пачата ў 2014 годзе, і тое, што пачата літаральна ў пачатку бягучага года, будзе ўведзена ў 2015 годзе». «Ніякіх недабудаў, ніякіх праблемных дамоў мы не дапускаем наогул», — падкрэсліў ён.
«Будуць грошы — будзем будаваць больш, але з пункту гледжання неабароненых сацыяльных слаёў насельніцтва ўсе застаецца ў сіле», — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.
Кабякоў: своечасовасць выплаты зарплаты бюджэтнікам не падлягае сумненню
Дэпутат Уладзіслаў Цыдзік пацікавіўся, ці можа паўплываць пагашэнне знешняга дзярждоўгу Беларусі на чарговасць і своечасовасць выплат у поўным аб’ёме заработных плат медработнікам і настаўнікам. Андрэй Кабякоў адказаў: «Пры любых варыянтах развіцця падзей, нават самых экзатычных, якія мы разглядалі, пытанні выплаты бюджэтнікам зарплаты і яе своечасовасць не падлягаюць ніякаму сумненню».
Наконт крыніц пагашэння знешняга дзярждоўгу, прэм’ер-міністр адзначыў, што, сапраўды, у Беларусі даволі высокія плацяжы ў бягучым годзе. «Але мы пра іх ведалі, мы да іх рыхтаваліся, таму вялі адпаведныя перагаворы з нашымі партнёрамі», — сказаў ён. Перш за ўсё, паводле слоў прэм’ер-міністра, у бюджэце прадугледжаны пункты, звязаныя з абслугоўваннем знешняга дзярждоўгу.
У прыватнасці, Андрэй Кабякоў сказаў, што на гэтыя мэты будуць накіраваны атрымліваемыя вывазныя пошліны на нафту і нафтапрадукты — гэта вынік дамоўленасцей з расійскімі партнёрамі. Акрамя таго, пазыковыя сродкі — як на ўнутраным рынку, так і знешнія пазыковыя сродкі, якія дадуць магчымасць Беларусі рэфінансаваць знешні доўг. «Пазыковыя сродкі — як праз размяшчэнне нашых аблігацый на знешнім рынку, так і міждзяржпазыкі, і яшчэ шэраг іншых момантаў», — расказаў ён.
«Адпаведная работа вядзецца планава, таму я ўпэўнены, што ўсе міжнародныя абавязацельствы мы выканаем у тыя тэрміны, якія прадугледжаны дагаворамі», — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Андрэйчанка: праграма дзейнасці ўрада на 2015 год прадугледжвае распрацоўку больш як 10 законапраектаў
«Праграма непасрэдна прадугледжвае распрацоўку звыш 10 законапраектаў, работа над якімі павінна мець прыярытэтны характар», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, нагадаўшы пры гэтым, што ў парламенцкім партфелі вясенняй сесіі ўжо больш за 50 законапраектаў, прычым парадак дня будзе пастаянна пашырацца.
Паводле яго слоў, паспяховая рэалізацыя рашэнняў, прынятых у адпаведнасці з праграмай, у многім залежыць ад эфектыўнасці работы рэгіёнаў. І тут сваю ролю таксама павінны адыграць парламентарыі. «У нас дастаткова паўнамоцтваў і прафесіяналізму, каб аказаць максімальнае садзейнічанне мясцовым органам улады ў дасягненні намечаных мэт. Асабліва гэта важна ва ўмовах адаптацыі беларускай эканомікі да рэалій Еўразійскага эканамічнага саюза», — заўважыў ён.
Адносна вываду краіны на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту з прывязкай да праграмы дзейнасці ўрада старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў меркаванне, што дасягненне гэтай мэты ў няпростых сучасных умовах дыктуе неабходнасць сур’ёзнага аналізу сітуацыі, а таксама выпрацоўкі механізмаў, якія даюць магчымасць аператыўна і гібка рэагаваць на любыя змяненні.
«Менавіта з такіх пазіцый у праграме расстаўлены акцэнты ў дзейнасці Савета Міністраў і кіраўнікоў усіх узроўняў па фарміраванні эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай стратэгіі», — сказаў ён.
Уладзімір Андрэйчанка таксама дадаў, што галоўнымі прыярытэтамі і для распрацоўшчыкаў праграмы, і для дэпутатаў, якія прынялі актыўны ўдзел у яе абмеркаванні і ўнеслі канкрэтныя прапановы, былі і застаюцца якасць жыцця грамадзян, павышэнне дабрабыту грамадства, выкананне сацыяльных абавязацельстваў.