Пьяницам и тунеядцам придётся привыкать к мысли, что работать надо обязательно. Если не на воле, то в тюрьме

Закон Общество

“На работу нідзе не бяруць”
Пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку і назіральнай камісіі райвыканкама правёў на мінулым тыдні намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Удзел у пасяджэнні прыняў намеснік начальніка-начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама С. П. Пашко, які ў гэты дзень праводзіў у Шумілінскім раёне “прамую лінію” і асабісты прыём грамадзян.
Пункт аховы правапарадку – гэта на міліцыя, не суд (хаця прадстаўнікі гэтых арганізацый прымаюць удзел у яго рабоце), гэта грамадская структура, яго мэта дапамагчы чалавеку, які аступіўся. Усё пытанне ў тым, ці хоча чалавек той дапамогі, ці хоча ён наогул сам сабе дапамагчы.
Вядома, у жыцці бываюць розныя сітуацыі. Ну, напрыклад: маладая жанчына атрымала дыплом, на радасцях выпіла шампанскага і села за руль. Затрымалі, далі 14,5 мільёна штрафу, вадзіцельскіх правоў, якія яна атрымала толькі паўгода назад, пазбавілі. Вядома, ёй не па сабе, яна ўжо атрымала сур’ёзнае пакаранне. Ці вось гэты мужчына паважанага ўзросту, які пражыў з жонкай 40 год, адзначыў гэтую падзею, а ў дадатак да рубінавага вяселля ўчыніў скандал. Штраф атрымаў невялікі – 400 тысяч, а сораму хапіла. “Вінаваты, сорамна, назад не вернеш”, – кажа ён, і яму верыш. Гэта такая катэгорыя выпадкоўцаў, якім дастаткова аднаго ўрока.
Але ёсць і пастаянныя кліенты, як вось гэтая жанчына перадпенсійнага ўзросту. Яна ўжо прывыкла да падобных размоў, ёй ужо не сорамна ні за свой пасляпахмельны выгляд, ні за ўчынены на чужой кватэры скандал, ні за тое, што яна нідзе не працуе. Чаму не працуе? За малую зарплату яна не хоча працаваць, а на больш прыстойныя заробкі ніхто не бярэ – няма кваліфікацыі.
Дарэчы, пра работу. Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Жукава, зараз у раёне ёсць толькі 74 вакансіі, прычым, выключна спецыялістаў. А гэта значыць, што чалавеку, які не мае ніякай спецыяльнасці, усё складаней знайсці работу.
Менавіта з гэтай праблемай сутыкнуліся людзі, якіх запрасілі на пасяджэнне назіральнай камісіі. Усе яны – з кагорты судзімых, якія ўчора выйшлі на волю і адразу сутыкнуліся з праблемай: дзе знайсці работу? Ва ўсялякім выпадку верылася, што маладая жанчына з адкрытым поглядам, за плячыма якой год і тры месяцы няволі, хоча знайсці працу і жыць, як усе нармальныя людзі.  Паратунак у рабоце, зыходзячы з яго слоў, бачыць і саракагадовы мужчына, які пасля вызвалення прыехаў у родны дом, дзе яго сустрэлі зусім хворыя бацькі. І цяпер ён абавязаны ўзяць на сябе клопат пра іх, а “на работу нідзе не бяруць”…
Намеснік старшыні райвыканкама старшыня назіральнай камісіі А. М. Зайцаў прама падчас пасяджэння звоніць кіраўніку то аднаго, то другога прадпрыемства, просіць узяць гэтых “падапечных” на работу. Вядома, такіх работнікаў браць нідзе не хочуць, але многія ўсё ж згаджаюцца даць ім яшчэ адзін шанс.
Ці дапаможа гэты шанс чалавеку быць чалавекам сярод людзей? Ці дапаможа, напрыклад, хлопцу, які пяць год са сваіх 26-ці адсядзеў за крадзяжы? Дзівосы бываюць, але, як паказвае жыццё, дужа рэдка.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №17 ад 03.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *