А вы пробовали поститься?

Духоўнае

Духоўнае ачышчэнне
Зараз у каталіцкіх і праваслаўных вернікаў Вялікі пост. Вядома, далёка не ўсе прытрымліваюцца строгіх правілаў посту. Але ж у раёне ёсць і шчырыя вернікі, якія стараюцца прытрымлівацца ўсіх рэлігійных канонаў.
Напрыклад, З. І. Васёха ўсё жыццё ходзіць у касцёл, захоўвае  рэлігійныя абрады. Кажа, што, напэўна,  таму і беражэ яе Бог: падарыў   доўгія гады жыцця (жанчына размяняла дзявяты дзясятак).  «Правілы посту існуюць не на паказ людзям, а для Бога, – кажа Зафія Францаўна. –  А ён вучыць нас не быць крывадушнымі, ачысціцца ад грахоў, настроіцца на дабро».
Свае погляды на пост ў жыхаркі Мікалаева Марыі Мацвееўны Кралько. Яна пастаянна наведвае боскую літургію і дакладна ведае, якім павінен быць пост. «Самае важнае – незласлівасць душы, да гэтага заклікае Евангілле, – кажа жанчына. – Упартаму і злоснаму чалавеку недаступныя суцяшэнні сапраўднага посту. Калі душу напаўняе гнеў і помста, то лепш не пасціцца і не маліцца. У такім стане вам Бог не дапаможа, вы не замоліце грэх, а толькі паглыбіце яго».
Жанчыны расказалі, што адметнасць посту – гэта пакорлівасць, уступчывасць і дабрыня. А да божых абразоў трэба падыходзіць з любоўю ў сэрцы, папярэдне супакоіўшыся і стрымліваючы свае гнеўныя парывы.
«Вельмі важна ў пост не рабіць дрэнных учынкаў, – кажа Марыя Мацвееўна. – А некаторыя асуджальным словам і пагардлівым позіркам так часта прыніжаюць чалавека. Гэта вялікі грэх. У пост непажадана наведваць розныя забаўляльныя мерапрыемствы. Я, напрыклад, нават канцэрты па тэлевізары не гляджу».
Галоўнае ў час посту  – гэта духоўнае ачышчэнне: уціхаміранне ўласнай злосці, дараванне крыўдаў. Каб спасцігнуць гэтую мудрасць, трэба працаваць над сабой, упэўнены З. І. Васёха і М. М. Кралько.
У час посту вернікі ўстрымліваюцца ад тлустай ежы.  «Не, мы не галадаем, – расказалі жанчыны.  – Проста на нашым стале  – дыетычная ежа. Але ж яна разнастайная: вараныя, тушаныя, запечаныя садавіна і гародніна, якія можна есці, колькі захочаш.  Не  забываем пра гарошак, кукурузу, яблыкі. Замест мяса можна ўжываць арэхі, сачавіцу, соевыя прадукты». «Мой асноўны рацыён у час посту складаюць розныя кашы, – кажа М. М. Кралько. – У іх дадаю арэхі ці сухафрукты.  Часта раблю салаты з морквы і капусты. Самым строгім днём посту лічыцца апошняя пятніца перад Вялікаднем – у гэты дзень есці нічога нельга, можна толькі піць ваду”.
«Раней, калі была маладзейшая, пасцілася кожны дзень, – расказала Зафія Іванаўна. – Ксёнз нам тлумачыў, што тым, каму за восемдзесят, можна пасціць два разы на тыдзень. Вось і я не ем мясных і малочных прадуктаў па серадах і пятніцах. Дакладна ведаю, што галоўнае ў час посту – гэта не абмежаванне ў ежы, а абуджэнне ў чалавечай душы самых лепшых пачуццяў. Няхай злосны чалавек стане дабрэйшым, упарты – уступчывым,  а ілжывы – чэсным.  І тады наша жыццё стане намнога лепшым».
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *