Руководители сельхозпредприятий Шумилинского района проводят взаимопроверки готовности техники к посевной

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Апошнія штрыхі рамонту
На мінулым тыдні адбыўся аб’езд-узаемаправерка кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенняй пасяўной. У аб’ездзе ўдзельчаў начальнік райсельгасхарчу В. Ц. Мянькоў.
Аб’езд-узаемаправерка – новая форма работы, але, на думку спецыялістаў райсельгасхарчу, найбольш эфектыўная. Так, дырэктары іншых сельгасарганізацый на свае вочы ўпэўніліся, як стаіць пасяўная тэхніка на лінейцы гатоўнасці ў ААТ “Лаўжанскае”. Інжынеры і механізатары расказалі, якіх ім каштавала сіл і колькі спатрэбілася часу, каб справіцца з рамонтам. Ды ён і зараз працягваецца – рамантуюць дыскатары.
У мінімальны тэрмін адрамантавана амаль уся тэхніка ў ААТ “Прыдзвінскі”. Засталося ў адзін пасяўны агрэгат паставіць фрэзы – і можна выязджаць на сяўбу.
Вопытам работы падзяліліся спецыялісты КУСГП “Ульскі”. Тут працавалі згодна з планам-графікам рамонту тэхнікі. Іншы раз няхватка грошай і запчастак выбівала з каляіны. Але нядаўна закупілі неабходныя запчасткі на пасяўныя агрэгаты. Культыватары, плугі, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў у гаспадарцы ўжо адрамантаваныя. “Мы разумеем, што ад бездакорнасці работы тэхнікі залежаць тэмпы і якасць пасяўной, таму вельмі стараемся”, – кажа дырэктар КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка.
У КУСГП “Мішневічы”, як і ў іншых гаспадарках, за кожным механізатарам замацавана пэўная тэхніка. Тым не менш, трактарысты дапамагаюць адзін аднаму, асабліва калі рамонт складаны. Вось так талакой давялі да ладу плугі і культыватары, заканчваюць рамантаваць сеялкі.
На лінейцы гатоўнасці стаяць трактары  ў ААТ “Ляжні”, да фінішу падыходзіць рамонт сеялак. Тут нават паспелі пафарбаваць культыватары, і яны выглядаюць нібыта новыя.   А вось у ААТ “АграБаравінка” з чатырох пасяўных агрэгатаў адрамантаваныя толькі два. Яны стаяць у арачніку. Так надзейней – не сапсуецца электроніка, апраўдваюцца мясцовыя інжынеры.
На аб’ездзе-ўзаемаправерцы не выдзялялі горшыя і лепшыя гаспадаркі – ва ўсіх былі плюсы і мінусы. Хаця вопытнаму воку кіраўніка і так было зразумела, дзе праколы кожнай гаспадаркі. І дырэктары сельгаспрадпрыемстваў разам абмяркоўвалі, як дапамагчы суседзям, з кім падзяліцца запчасткамі. Думаецца, многія кіраўнікі ўзялі сабе на ўзбраенне лепшы вопыт гаспадарак-суседзяў.
У кожнай гаспадарцы па некалькі пасяўных агрэгатаў яшчэ на мінулым тыдні гатовы былі прыступіць да работы. Пакуль на палетках яшчэ гразка, ёсць тыдзень, каб закончыць апошнія штрыхі рамонту.
Прыступаць да пасяўной першымі будуць на землях Прыдзвіння – у КУСГП “Ульскі” і ААТ “Прыдзвінскі”. Усяго ў раёне будзе задзейнічана на пасяўной 29 пасяўных агрэгатаў, расказаў намеснік начальніка райсельгасхарчу В. В. Багатка.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *