На комиссии по делам несовершеннолетних Шумилинского райисполкома

Общество Семья

З камісіі па справах непаўналетніх: Каб бацькамі звацца…
11 сакавіка прайшло чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх, на якім былі разгледжаны восем спраў. Пасяджэнне, якое прайшло з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў, медыцыны, адукацыі і іншых структур, правяла намеснік старшыні камісіі Л. А. Грузневіч.
Хоць у назве камісіі і зроблены акцэнт на работу менавіта з непаўналетнімі, галоўнымі героямі пасяджэнняў становяцца, як правіла, дарослыя. І больш за ўсё гэта работа нагадвае менавіта працэс выхавання. Толькі выхоўваць прыходзіцца даўно ўжо паўналетніх асоб (па пашпарце). Адны ўспрымаюць гэты факт лаяльна, а другім не вельмі падабаецца, што нехта бярэ на сябе права кантраляваць іх жыццё. Ёсць, праўда, і яшчэ адна катэгорыя: ім усё роўна. Ва ўсялякім разе, такое ўражанне пакінула адна жанчына. Справа ў тым, што яе дачка выхоўваецца зараз у апякунскай сям’і, а значыць, маці трэба штомесяц выплачваць кампенсацыю. Але яе рэпутацыя не пакідае кіраўнікам прадпрыемстваў ніякай нагоды даверыць такому працаўніку хоць нейкія абавязкі. “Рызыкнулі”, увайшлі ў становішча ў “Прыдзвінскім”, але жанчына не знаходзіць магчымасці прыязджаць на работу, нават на пасяджэнне камісіі яна з’явілася пад канвоем. У іншай сітуацыі можна было б і ўвайсці ў становішча: жыве ў Мішкавічах, дабірацца на работу трэба ў Крывое Сяло… Хто ж вінаваты? Тым больш, што для таго, каб напіцца, ніякіх перашкод для яе звычайна не існуе. У такой сітуацыі сапраўды можна меркаваць, што дзіцяці будзе лепш з чужымі людзьмі, чым з уласнай маці, як бы страшна гэта ні гучала.
Такі безнадзейны выпадак – рэдкасць. Часцей бацькі стараюцца выканаць прапанаваны камісіяй план мерапрыемстваў па рэабілітацыі сябе і свайго бацькоўскага аўтарытэту. Яны ўладкоўваюцца на працу, кадзіруюцца ад алкагольнай залежнасці, клеяць шпалеры і рамантуюць мэблю…
Але ў той жа час, можна заўважыць, што такія бацькі часта праяўляюць сябе вельмі інфантыльнымі асобамі, быццам не разумеюць, чаму ім нельга тое, што ўсім астатнім можна: хадзіць у госці, адзначаць святы, выпіць з нагоды. Яны сапраўды не разумеюць гэтага. Яны могуць не наведаць дзяцей у прытулку, знайсці прычыны не выйсці на працу, не купіць прадуктаў і шмат чаго яшчэ не зрабіць. Вось і прыходзіцца сацыяльным службам пастаянна быць у стане баявой гатоўнасці, няспынна кантраляваць сітуацыю, настаўляць, вучыць і сароміць, калі спатрэбіцца. Бывае, і даволі жорстка, але тут галоўнае – вынік. А вынік усім патрэбны толькі адзін – шчаслівае, накормленае, дагледжанае дзіця.
На фоне ўсіх гэтых выпадкаў, калі на кану стаяць, літаральна, жыццё і лёс дзетак, не такой крытычнай выглядала сітуацыя, калі хлопец быў заўважаны за ўжываннем у мове нецэнзурнай лексікі. Яму, вядома, зрабілі сур’ёзную “лупцоўку”, думаецца, што жаданне брыдкасловіць у дзевяцікласніка  адпала. Але ў гэтай сітуацыі ўсё ж хочацца спытаць: а што зрабілі мы, дарослыя, для таго, каб дзеці не ўжывалі маты, каб гэта не было для іх актуальна? Хто адчувае сваю бязгрэшнасць? Ці можа шмат дарослых трапіла ў міліцыю, панесла пакаранне за падобныя ўчынкі? Дзеці – самае праўдзівае люстэрка, і яны ўмеюць толькі тое, чаму навучылі іх мы, дарослыя.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №21 ад 17.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *