Из Шумилинского района по направлениям предприятий 38 студентов сейчас получают сельскохозяйственное образование

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Адвучыцца і вярнуцца ў свой раён
У нашым раёне не хапае спецыялістаў і рабочых сельскагаспадарчых прафесій: аграномаў, заатэхнікаў, інжынераў, энергетыкаў, тэхнікаў-механікаў, асемянатараў, бухгалтараў. Патрэбны таксама жывёлаводы, механізатары, вадзіцелі і слесары. Таму спецыялісты райсельгасхарчу праводзяць прафарыентацыйныя гутаркі ў школах раёна, заклікаюць выпускнікоў браць мэтавыя накіраванні на вучобу.
Пра перавагі паступлення з накіраваннем расказвае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Алеся Шавяка: “На сельскагаспадарчую спецыяльнасць можа паступіць кожны, хто набярэ патрэбны мінімум балаў, – кажа Алеся Аляксандраўна. – У гэтым і ёсць перавага накіраванняў. Больш таго, калі будучы студэнт ВНУ заключыць дагавор з канкрэтным сельгаспрадпрыемствам, то ён можа разлічваць яшчэ і на даплату да стыпендыі не менш як адзін мільён рублёў.  Разлічваць на накіраванне могуць не толькі выпускнікі нашага раёна, але і гарадскіх школ”.
У нашым раёне ўжо некалькі гадоў запар заключаюць дагаворы з абітурыентамі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу. Усяго, напрыклад, ад нашага раёна па накіраваннях сельскагаспадарчыя прафесіі  зараз атрымліваюць 38 чалавек (14 з іх вучацца ў вышэйшых навучальных установах, астатнія – у каледжах), падлічылі спецыялісты райсельгасхарчу.  У мінулым годзе  мэтавыя дагаворы заключылі 19 чалавек, прычым пяцёра з іх вучацца ад гаспадарак раёна (ААТ “Лаўжанскае”, “Прыазёрны мір” і “Прыдзвінскі”). Гэта значыць, атрымліваюць дадатковую даплату да стыпендыі. “Так, даплаты сапраўды існуюць, – кажа студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Эдуард Котаў. – Мне, напрыклад, ААТ “Лаўжанскае”, з якім заключыў мэтавы дагавор, штомесячна даплачвае па шэсць базавых велічынь. Гэта добрая матэрыяльная падтрымка”. Хлопец вучыцца на агранома. Вядома, пасля заканчэння будзе адпрацоўваць у ААТ “Лаўжанскае”, але яго гэта ніколькі не пужае.
На якія сельскагаспадарчыя прафесіі і ў якія навучальныя ўстановы можна паступіць па мэтаваму накіраванню?  “У Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны па спецыяльнасці «заатэхнія і ветэрынарыя», – кажа Алеся Аляксандраўна. – У Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, дзе можна вывучыцца на інжынера, бухгалтара, эканаміста, агранома, заатэхніка. У Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, які прапануе наступныя спецыяльнасці: «энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі», «эканоміка і арганізацыя вытворчасці», «упраўленне аховай працы ў сельскай гаспадарцы», «матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аграпрамысловага комплексу».  Акрамя таго, мэтавае накіраванне можна атрымаць у аграрны каледж п. Лужасна, у Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, у Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Лепельскі і Смальянскі аграрна-тэхнічныя каледжы.  Будучыя абітурыенты ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія будуць вучыцца па накіраванні ад гаспадарак,  атрымаюць даплату да стыпендыі не менш як па дзве базавыя велічыні. “Такую даплату я атрымліваю другі год, бо вучуся ў аграрным каледжы ў Лужасне па накіраванні ад УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, – кажа будучы ветурач Маргарыта Быкава.
Дарэчы, тых, хто вучыўся па накіраванні, чакае абавязковая адпрацоўка ў сельгаспрадпрыемствах раёна: пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў – пяць гадоў, пасля каледжаў – тры гады. Але маладых спецыялістаў чакае штомесячная даплата да асноўнай зарплаты: першыя два гады – па дзве тарыфныя стаўкі першага разраду (сёння гэта 550 тысяч рублёў), наступныя тры гады  –  па тры тарыфныя стаўкі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №23 ад 24.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *