Танец как философию жизни проповедует хореограф Шумилинского РЦК Сергей Дьячин

Актуалии Культура

Танец як філасофія жыцця
Апантанага сваёй справай чалавека заўжды выдаюць агонь у вачах і нейкі асаблівы азарт. Сфера дзейнасці тут няважная, але калі гаворка ідзе пра такі пачуццёва, эмацыянальна адкрыты від творчасці, як танец, то па-іншаму і быць не можа. Ты або танцуеш, або не. А калі танцуеш, то няхай гэта будзе шчыра да апошняга руху, каб глядач табе паверыў, злавіў твой пасыл.
Танец як філасофію жыцця прапаведуе малады харэограф раённага цэнтра культуры Сяргей Дзьячын. Сяргей вучыцца на другім курсе Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “харэограф эстрады”. Хлопец шукаў падзаработак, а дырэктар цэнтра Марына Прохарава – харэографа. І на шчасце, іх шляхі перасекліся. І цяпер на базе РЦК працуе студыя змешанай харэаграфіі.
Сяргей танцуе з маленства,  але прызнаецца, што менавіта прафесійная падрыхтоўка дае магчымасць даведацца азы класічнага, народнага і эстраднага танца: “Я больш стаў разумець нейкія дробныя дэталі, нюансы харэаграфіі. Усё, пра што я даведваюся, я адразу ж перадаю дзецям”. Есць нейкія віды размінак, цікавыя практыкаванні, якія проста карысныя для развіцця цела, – дзеліцца харэограф, – а можна танец з нічога зрабіць, проста на ідэі. Тут зноў жа дапамагаюць дзеці. Педагог назірае, падказвае, накіроўвае – і атрымліваецца танец.
Часцей за ўсё, расказвае Сяргей, дзеці прыходзяць з просьбай навучыць вулічным танцам, гэты накірунак ім бліжэй: “Я адразу папярэджваю, што гэта не так проста, але яны гатовы шмат працаваць”. Хлопец упэўнены, што ў кожнага юнага танцора ёсць свой уласны стыль. Педагог прапаноўвае нейкую аснову, а дзеці часта робяць уласную транскрыпцыю рухаў. І гэта таксама добра, бо ў такім выпадку яны хутчэй авалодваюць танцам у цэлым. А нейкія няроўнасці і памылкі потым ужо лёгка шліфуюцца. “Мне самому цікавая “вуліца”, нішто так не разнявольвае, як вулічная харэаграфія”, – лічыць Сяргей. І наогул, ён сам вельмі любіць танцаваць, любіць сцэну, гэтыя ні на што не падобныя адчуванні, якія дорыць размова танцора са сваім гледачом. А ўсяму, што ведае ці хаця б толькі адчувае, ён вучыць дзяцей.
Маладому харэографу падабаецца працаваць у Шуміліне. Тут выдатная зала для рэпетыцый, сама сцэна, а галоўнае – людзі шчыра прынялі першыя выступленні яго калектыву: “Я не чакаў такой аддачы ад гледача, а цяпер хочацца рабіць яшчэ больш. А каб было больш нумароў, больш выступленняў, патрэбны людзі, якія таксама будуць гарэць танцамі”. Пакуль у студыі харэаграфіі ёсць свабодныя месцы, і малады педагог з радасцю прыме ў калектыў дзяцей і падлеткаў.
Рэпетыцыі праходзяць па серадах з 16.30 да 19.00 і па суботах з 13.30 да 15.30. Удакладніць інфармацыю можна па тэлефоне: 4-19-85.
Прыходзьце і танцуйце!
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №24 ад 27.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *