В Шумилино торжественно открыли районную Доску почёта

Актуалии Общество Экономика

Працу славіць квітнеючы май

Май – асаблівы месяц. Вось ужо 73 гады ён асацыіруецца ў нашай свядомасці з Перамогай, са свабодай і незалежнасцю. Больш за стагоддзе – са стваральнай працай, з радасцю, якую яна прыносіць, і са звычайнымі людзьмі, якія сумленна выконваюць сваю работу.
Май заўжды прыбраны, святочны і поўны самых радасных спадзяванняў. Лепшага месяца ў годзе, каб праслаўляць чалавека працы, проста нельга прыдумаць. І хоць даўно сталі гісторыяй першамайскія дэманстрацыі і маёўкі, але традыцыя славіць працаўніка ў першы майскі дзень ніколі не страціць сваёй актуальнасці.
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды адкрыцця раённай Дошкі гонару ладзіліся ў Шуміліне 28 красавіка і сабралі ў актавай зале СШ №1 перадавікоў шумілінскіх арганізацый, кіраўніцтва раёна, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, прадстаўнікоў працоўных калектываў.
Са святам вясны і працы павіншаваў усіх працоўных старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў. “Гэта свята ўсіх тых, хто ўмее і любіць працаваць, хто будуе сваё жыццё ва ўпартай і сумленнай працы, – заўважыў кіраўнік раёна. – А на Шуміліншчыне заўжды цаніўся чалавек, адданы сваёй прафесіі”.
Стваральная і добрасумленная праца заўжды была і будзе не толькі залогам поспеху канкрэтнага чалавека, канкрэтнай сям’і, але і грамадства ў цэлым. Аляксандр Іванавіч расказаў, з якімі вынікамі Шумілінскі раён завяршыў мінулы год, адзначыўшы, што хоць ён і не быў простым, але на фінішы аказаўся дастаткова паспяховым. І ў гэтым ён бачыць ролю кожнага без выключэння, хто з дня ў дзень на сваім рабочым месцы рупіўся на вынік.
Але, безумоўна, асаблівыя словы ў гэты дзень гучалі ў адрас людзей, чые імёны сёлета занесены на раённую Дошку гонару. Менавіта ім працоўныя калектывы даверылі гонар прадстаўляць свае арганізацыі і прадпрыемствы на фінішы галоўнага працоўнага спаборніцтва года. Гэта вельмі пачэсна і вельмі адказна. Гэта значыць, што цяпер трэба працаваць яшчэ больш заўзята, бо менавіта іх падыход да выканання сваіх працоўных абавязкаў быў узяты за прыклад.
Фота на памяць, зробленае ў гэты дзень, зойме пачэснае месца ў сямейных альбомах перадавікоў, поціск рукі і асабістыя віншаванні кіраўніка раёна запомняцца надоўга і будуць надаваць энтузіязму для новых працоўных перамог. А баянны аркестр дзіцячай школы мастацтваў, трапяткія песні самадзейных артыстаў, выступленні маленькіх танцораў, выставы гісторыка-краязнаўчага музея і Дома рамёстваў зрабілі Свята працы радасным і запамінальным для кожнага, хто ў гэты дзень завітаў у СШ №1.
Свята справілі годна! А наперадзе – праца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Надрукавана ў №34 ад 04.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *