На заседании Шумилинского райисполкома: весенний сев и рынок труда

Актуалии Президент

Аб гатоўнасці да веснавой сяўбы і стане рынка працы
Вясна шырока крочыць па нашых землях, таму не выпадкова пытанне аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення веснавых палявых работ стала галоўным на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў пятніцу 27 сакавіка.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама У. П. Куранны падкрэсліў, што сёлета трэба аднесціся да веснавой сяўбы асабліва адказна. Толькі строгае выкананне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў, штодзённы кантроль з боку спецыялістаў, эканомія паліўных і іншых рэсурсаў дазволяць правесці пасяўную ва ўстаноўленыя тэрміны. Дзяржава са свайго боку дапамагае  аграрыям: падтрымалі пры правядзенні рамонту тэхнікі, цяпер выдзяляюцца грошы на набыццё ўгнаенняў, тэхнікі, паліва.
Аб гатоўнасці да веснавой сяўбы далажыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В. В. Багатка. Веснавыя работы разгарнуцца на 50,4 тысячы га сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку на амаль 32 тысячах га ворыўных зямель. У структуры пасяўных плошчаў 51,1% займаюць зерневыя і зернебабовыя, 11,6% — крыжакветныя, 0,5% — бульба, 14,7% — кукуруза, 21,7% — шматгадовыя травы, 0,05% — гародніна.
Для сяўбы яравых маецца 2562 тоны насення (з улікам страхавых фондаў), поўнасцю забяспечаны пасадачным матэрыялам бульбы, вядуцца работы па заключэнні дагавораў на набыццё элітнага насення яравых і рапсу.
Каб выканаць прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця АПК раёна, поўнасцю забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі, неабходна атрымаць амаль 40 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе (з плошчы 16,3 тысячы га пры ўраджайнасці 24,4 ц/га), 4 тысячы тон бульбы (150 га, 266 ц/га), 3,8 тысячы тон насення рапсу (3700 га, 10,3 ц/га). Трэба падсеяць 3000 га шматгадовых траў, правесці перазалужэнне на плошчы 2400 га, у тым ліку 700 га – пашаў.
Пад веснавыя работы назапашана мінеральных угнаенняў 27% ад патрэбнага, але аблвыканкамам выдзелены 9,4 мільярда рублёў на гэтыя мэты, вядзецца заключэнне дагавораў з пастаўшчыкамі ўгнаенняў.
У гаспадарках раёна маецца 251 трактар. Да пачатку палявых работ у гаспадаркі раёна паступіла 12 новых трактароў. Васіль Васільевіч прааналізаваў стан машынна-трактарнага парка, яго гатоўнасць да работы.
Старшыня райвыканкама звярнуў асаблівую ўвагу кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на неабходнасць шырокага выкарыстання бабовых пры падсеве шматгадовых траў, яравых культур. Толькі гэта дасць якасныя кармы, ад чаго прама залежыць прадукцыйнасць жывёлы і вынікі работы жывёлаводаў, ды і гаспадарак у цэлым.
Кіраўнік раёна запытаў, якім чынам будзе арганізавана дапамога вяскоўцам з боку гарадскіх арганізацый, як будзе праводзіцца харчаванне ўдзельнікаў палявых работ і іншае.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якую падтрымаў і У. П. Куранны, засяродзіла ўвагу на неабходнасці ўлічыць у плане веснавой сяўбы работы па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва: сяўбу зерневых у палях севазвароту, пасадку бульбы, забеспячэнне насельніцтва насеннем зерневых і пасадачным матэрыялам бульбы, выдзяленне тэхнікі для апрацоўкі агародаў. У. П. Куранны дадаў яшчэ і пра тое, што трэба працаваць з насельніцтвам, каб замест свіней людзі пераключаліся на развядзенне цялят, авечак, птушкі (курэй, гусей, качак).
Па выніках абмеркавання прынята рашэнне, якім зацверджаны рабочы план правядзення веснавых палявых работ у раёне.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С. В. Валекава далажыла аб стане рынка працы Шумілінскага раёна. Святлана Валянцінаўна адзначыла, што на працягу 2014 года сітуацыя на рынку працы раёна заставалася стабільнай.
На працягу мінулага года колькасць занятага насельніцтва склала 8627 чалавек, з якіх 254 прадпрымальнікі, 1206 працуюць у прыватным сектары, 6993 – у арганізацыях раёна. На 1 студзеня 2015 года ўзровень беспрацоўя склаў 0,7% (колькасць беспрацоўных – 60 чалавек) і павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 0,1%.
Але на працягу мінулага года паступова мянялася структура попыту на працоўную сілу. На фоне агульнага змяншэння колькасці вакансій рабочых прафесій (са 140 да 96) павялічыўся попыт на высокакваліфікаваных спецыялістаў. Вакансіі прапануюць прадпрыемствы апрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, палявання і лясной гаспадаркі, аховы здароўя і сацыяльных паслуг.
За справаздачны перыяд ва ўпраўленне з пытаннямі працаўладкавання звярнуліся 593 чалавекі, зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных 377. Уладкаваны на працу 372 чалавекі, у тым ліку 263 – беспрацоўных. Дадаткова створана 108 працоўных месцаў. Асаблівая ўвага пры працаўладкаванні надаецца катэгорыям з паніжанай канкурэнтаздольнасцю на працоўным рынку (моладзь, інваліды, сталыя людзі, бацькі з некалькімі дзецьмі, асобы, вызваленыя з месцаў зняволення). У рамках выканання Дэкрэта №18 былі ўладкаваны на працу 19 абавязаных асоб.
З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці працоўных і задавальнення попыту ў кадрах была праведзена прафесійная перападрыхтоўка 14 беспрацоўных, выдаткавана на гэтыя мэты 54,4 мільёна рублёў.
Як заўважыла начальнік упраўлення, у сувязі з аптымізацыяй адбываецца паступовае скарачэнне колькасці занятых. У мінулым годзе колькасць працоўных скарацілася на 182 чалавекі (найбольш у сельгасарганізацыях раёна, УП ЖКГ, райспажыўтаварыстве), таму трэба прадугледзець занятасць і гэтых людзей.
У прынятым рашэнні вызначаны задачы і ўстаноўлены заданні ў сферы занятасці на бягучы год, якія прадугледжваюць далейшую работу па ўтрыманні паказчыка па беспрацоўі на ўзроўні не вышэй за 1,6%.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №25 ад 31.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *