Светлана Колесникова работает первой учительницей в Слободе

Людзі і лёсы Образование

Скульптар дзіцячай душы
Колькі ведаю Святлану Віктараўну Калеснікаву (а ведаю я яе даўно, аж з 1989-га), столькі не перастаю захапляцца гэтай жанчынай. Калі пасля інстытута яна прыйшла настаўніцай у наш чацвёрты клас, мы для пачатку яе проста палюбілі. Нам хапіла таго, што яна добрая, спакойная і вельмі прыгожая. А сёння відавочна яшчэ і тое, што гэта чалавек, які проста не мог рэалізавацца ні ў якай іншай прафесіі.
26 год Святлана Віктараўна вучыць дзяцей малодшых класаў у Слабадзе, 26 год яна сустракае іх на школьным ганку, і менавіта ад гэтай першай сустрэчы залежыць, як складзецца іх далейшае школьнае жыццё, а можа, і не толькі школьнае.
Настаўніца ўпэўнена, што працаваць менавіта ў малодшых класах  асабліва адказна. Да падачы ведаў, нейкіх выхаваўчых момантаў настаўніку варта падыходзіць, магчыма, нават і з асцярожнасцю.
“Дзіцячая душа – бы пластылін: лёгка задаць пэўныя контуры. Але ў той  жа час,  выправіць нешта потым ужо вельмі складана”, – упэўнена Святлана Віктараўна. Гэта вельмі адказна, але і вельмі цікава.
Дзеці заўжды прагнуць інфармацыі і адкрыццяў, заўжды гатовы спасцігаць нязведанае, адкрыты для ўсяго новага і цікавага. Побач з малымі лёгка захаваць маладосць душы. Яны шчыра вераць у дабро, у цуд, у тое, што жыццё нам дадзена выключна для шчасця.
З гадамі падыходы ў адукацыі мяняюцца. “Калі я  прыйшла ў школу пасля інстытута, – успамінае Святлана Віктараўна, – то была магчымасць усе свае сілы аддаваць дзецям, рабоце на ўроку, пазашкольнай дзейнасці. Сёння ж ставіцца акцэнт на рабоце з бацькамі, сацыяльным кантролі. Школа, можна сказаць, адцягнула на сябе функцыі, больш уласцівыя бацькам ці іншым структурам”.
С. В. Калеснікава – сучасны, мабільны, з вострым пачуццём гумару педагог і чалавек. З ёй цікава размаўляць на розныя тэмы, яна ўмее ні на што не скардзіцца, а з аптымізмам і лёгкай іроніяй назіраць за жыццём. Размова з настаўніцай дала нагоду шчыра парадавацца за тых дзяцей,  якіх яна вучыла і вучыць чытаць, пісаць і глядзець на гэты свет.
Галоўнае, што гэта жанчына ўсведамляе для сябе самой, што жыве тое жыццё, якое хацелася б, што мяняць нешта сёння не стала б.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *