два поколения обольчан воспитала Н. И. Хруцкая

Образование

Н. И. Хруцкая со своими воспитанниками

З дня ў дзень яна за маму
Без малога 40 год працуе Н. І. Хруцкая выхавальнікам груп ранняга ўзросту ў Обальскім дзіцячым садзіку. І ў кожным новым наборы дзетак яна пазнае сваіх выхаванцаў 70-ых, 80-ых, 90-ых, бо многія малышы вельмі падобныя на сваіх маму ці тату ў дзяцінстве. Не лічыла Ніна Іванаўна, колькім дзеткам замяняла з дня ў дзень маму, толькі пацвярджае з усмешкай, што многім можа сказаць: “А я ж цябе маленькім на руках насіла…”. Работа ў яе такая – першай дзетак да “грамадскага жыцця” прывучаць, ад сям’і на цэлы дзень забіраць. І тут яна,  каб адчулі дзеткі сябе абароненымі, каб паверылі, што і ў садзіку добра і на руках малых пакалыша, і прылашчыць, і пацалуе, А колькі цікавых самаробных гульняў намайстравала, колькі цацак панашывала, панаклейвала, каб зацікавіць 2-3-х гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак заняткамі. Ды не проста зацікавіць, а і развіць інтарэс да вучэбнай дзейнасці. Трэба ж да пераходу ў дашкольную групу многаму навучыць, каб умелі выхаванцы і верш, і казку выразна пераказаць, і з дзіцячага канструктара дамы лялькам будаваць, і любімую цацку намаляваць, і песеньку разам спець, і шмат яшчэ чаму навучыцца. Вопытны выхавальнік мае да кожнага дзіцяці падыход, а ў групе іх 18. Хаця да сярэдзіны 90-ых у яе групе было і да трыццаці паўтарагадовых малышоў.
У канцы мінулага года Н. І. Хруцкая была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, поспехі ў высакароднай справе выхавання і навучання дзяцей ранняга ўзросту. Ніна Іванаўна ўдзячная за такую ўвагу да яе. А яшчэ ўдзячная лёсу, што мае прафесію, у якой ні сумаваць, ні старыцца некалі: не даюць такой «магчымасці» гэтыя даверлівыя маленькія чалавечкі. Удзячная выхавальнік і свайму калектыву, у якім шмат год адчувае сябе членам дружнай і творчай сям’і.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №19 ад 06.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *