Олимпийские надежды Шумилинщины: борец Дмитрий Кучмарёв

Образование Спорт, туризм

Дмитрий Кучмарёв

Па характары – баец
На спартыўным небасхіле імя обальскага барца Дзмітрыя Кучмарова з’явілася параўнальна нядаўна. Гэты адзінаццацігадовы хлопчык літаральна ўварваўся ў прафесійны свет грэка-рымскай барацьбы, сваімі выступленнямі на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах прымусіў гаварыць пра сябе трэнераў-прафесіяналаў.
На рахунку Дзмітрыя яшчэ няшмат яркіх бліскучых перамог. Ён – чэмпіён вобласці, пераможца турніру ў Глыбокім. “Баец ад Бога, — кажа трэнер Пётр Ганушчанка. — Дзіма выходзіць на дыван, каб бароцца, змагаецца да апошняга. У яго няма страху перад сапернікам, а гэта вельмі важна ў грэка-рымскай барацьбе”.
У секцыю да Пятра Ганушчанкі Дзмітрый Кучмароў прыйшоў па прыкладу сваіх сяброў Вадзіма і Уладзіслава Грачухіных, якія на той час ужо дасягнулі даволі высокіх вынікаў у класічнай барацьбе.
“Улад і Вадзім дзяліліся сваімі поспехамі, і мне захацелася паспрабаваць, — расказвае Дзмітрый. — Трэніроўкі ў Пятра Васільевіча спадабаліся, хаця і цяжка было.”
Пасля першых трэніровак складвалася ўражанне, што Кучмароў не адчувае болю, што з усімі фізічнымі нагрузкамі спраўляецца без праблем. Як кажуць, падаў ды падымаўся. Таму рашэнне Пятра Ганушчанкі кінуць у бой юнага спартсмена ўсяго пасля некалькіх месяцаў трэніровак выглядала цалкам лагічным. “Хацелася выйсці і перамагчы”, — успамінае свой першы турнір (дарэчы, гэта быў обальскі турнір) хлопец. Толькі вось у спорце такія цуды бываюць выключна рэдка. Не ўдалося перамагчы ўсіх і Дзмітрыю. Але ж дэбют удаўся: навічок дайшоў да сустрэчы за трэцяе месца, у якой прайграў больш вопытнаму абальчаніну Кірылу Драздову.
Турнір за турнірам Пётр Ганушчанка “абкатвае” таленавітага барца, заяўляе Дзмітрыя Кучмарова супраць сапернікаў, якія на два-тры гады старэйшыя за яго. “Не патрэбны лёгкія перамогі, — перакананы трэнер, — неабходна барцоўская практыка з моцнымі сапернікамі. Сапраўдны баец на паражэннях вучыцца. Менавіта да такіх і адносіцца Дзіма”.
Верыць трэнер Пётр Ганушчанка, што  яго выхаванца Дзмітрыя Кучмарова  чакае яркая прафесійная кар’ера.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №23 ад 20.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *